viasna on patreon

"Быў вельмі ўзрушаны збіццём пратэстоўцаў, таму на эмоцыях пісаў гэтыя каментары". У Гомелі пачаўся суд над палітвязнем

2021 2021-10-01T09:57:18+0300 2021-10-01T10:41:41+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/markavec_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Савецкага раёна Гомеля 30 верасня пачаўся суд над палітзняволеным гамельчуком Яўгенам Маркаўцом, піша гомельская "Вясна". Яго затрымалі 28 траўня і змясцілі ў гомельскае СІЗА. Ужо чатыры месяцы яго ўтрымліваюць за кратамі за шэсць каментароў у тэлеграм-каналах. Цяпер на судзе гамельчука абвінавачваюць адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч.1 арт. 342 (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і арт. 369 (публічная абраза прадстаўніка ўлады). Што характэрна, пацярпелы супрацоўнік АМАПу, якога абразілі ў тэлеграм-канале, даведаўся пра гэта толькі ад следчага, які вёў справу супраць Маркаўца. Справу разглядае суддзя Віталь Каўбеня, дзяржабвінавачванне падтрымлівае Аляксандр Шынкароў. 

Уладзімір Непомняшчых і Яўген Маркавец
Уладзімір Непомняшчых і Яўген Маркавец

У чым абвінавачваюць палітвязня?

Па версіі абвінавачання, у жніўні і верасні мінулага года Маркавец у тэлеграм чатах размясціў заклікі да супрацьпраўных дзеянняў. Таксама ў тэлеграме ён пакінуў абразлівы каментар у адносінах да супрацоўніка АМАПа Варушчанкі. Усяго ў матэрыялах справы фігуруе шэсць каментароў. Сярод іх – «Час узгадаць партызанскія традыцыі продкаў, дзейнічаць таемна», «Час замыкаць дротам чыгуначныя шляхі. Калі масава, гэта эфектыўна», «Наша сіла ў адзінстве, трэба нам (кіроўцам, якіх пазбавілі правоў за сігнал) сабрацца чалавек 50 і прыехаць пад будынак ДАІ» і іншыя.

Яўген Маркавец прызнаў віну часткова – абразлівы каментар ён насамрэч змясціў, а вось заклікаў да дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак ён не рабіў. 

«Я насамрэч абразіў незнаёмага мне асабіста супрацоўніка АМАПу, – тлумачыў на судзе Яўген. – Я паверыў той інфармацыі, якую пра яго змясцілі ў тэлеграм-канале, быў на эмоцыях і магчыма навёў паклёп на невінаватага чалавека».

Пра каментар даведаўся ад следчага. Што казаў на судзе пацярпелы супрацоўнік АМАПу?

Працэс распачаўся з допыту пацярпелага АМАПаўца, які працуе кіроўцам. Ён распавёў суду, што год таму яго персанальныя дадзеныя трапілі ў інтэрнэт, пасля чаго на яго абрынулася хваля хэйтынгу: яму тэлефанавалі незнаёмыя людзі, дасылалі СМС з пагрозамі. Праз гэта ён быў вымушаны змяніць месца жыхарства, каб не падвяргаць небяспецы сваю сям’ю.

Наконт абразлівага каментару Маркаўца ў тэлеграм-канале Варушчанка патлумачыў суду, што даведаўся пра яго ад следчага, які вёў следства па гэтай справе. Ён ужо даволі доўга працуе ў АМАПе і ўспрымае негатыўныя каментары ў яго адрас спакойна, але яго сям’я – жонка і малы дзіцёнак моцна перажываюць з-за такіх каментароў, а ён перажывае за сваю сям’ю.

Пацярпелы АМАПавец заявіў у судзе маральную шкоду ў памеры двух тысяч рублёў. На просьбу суддзі абгрунтаваць гэтую суму, Варушчанка патлумачыў, што менавіта столькі ён выдаткаваў на пераезд сям'і ў сувязі з выкладаннем яго асабістых звестак у інтэрнэт і пагрозамі ў яго адрас. Суддзя патлумачыў яму, што ў працэсе разглядаюцца не пагрозы ў яго адрас і апублічванне ягоных персанальных дадзеных, а абраза пад яго фотаздымкам. Выдаткі на пераезд – гэта матэрыяльная шкода, а не маральная і суддзя папрасіў патлумачыць, як АМАПавец маральна пацярпеў ад дзеянняў Маркаўца. Варушчанка папрасіў суд паказаць яму сам каментар. Пасля азнаямлення, пацярпелы сказаў, што ў ім ёсць і абраза і пагроза, і паўтарыў, што ён спакойна ўспрымае негатыў у свой адрас, але вельмі перажывае сям’я.

Яўген Маркавец заявіў у судзе, што сума дзве тысячы рублёў маральнай шкоды надта вялікая і ён бы пагадзіўся на 200-300 рублёў кампенсацыі.

А што на судзе казаў сам палітвязень?

Усяго ў справе па гэтым артыкуле фігуруюць шэсць каментароў. Пракурор Шынкароў зачытваў кожную цытату і запытваўся ў Маркаўца, што ён меў на ўвазе пад фразамі: «Час узгадаць партызанскія традыцыі продкаў, дзейнічаць таемна», «Час замыкаць дротам чыгуначныя шляхі. Калі масава, гэта эфектыўна». Пад прапановай прывезці ў цэнтр гораду стары грузавік і такім чынам на нейкі час паралізаваць рух, з акаўнта Маркаўца было напісана: «І падпаліць яго, калі не шкада». Таксама сярод каментароў, якія кваліфікавалі па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса: «Наша сіла ў адзінстве, трэба нам (кіроўцам, якіх пазбавілі правоў за сігнал) сабрацца чалавек 50 і прыехаць пад будынак ДАІ».

Яўген Маркавец патлумачыў у судзе, што быў вельмі ўзрушаны збіццём пратэстоўцаў, нават ужо затрыманых у пастарунках, таму на эмоцыях пісаў гэтыя каментары, дзе выказваў сваё меркаванне, а не заклікаў да канкрэтных супрацьпраўных дзеянняў.

Працяг справы адбудзецца 13 кастрычніка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства