Палітзняволенага рок-музыку Ігара Банцара пераводзяць з «хіміі» ў калонію
Палітзняволенаму Ігару Банцару змянілі рэжым з «хіміі» на папраўчую калонію: 29 верасня яго асудзілі да 1 месяца і 25 дзён калоніі. Такога рашэння дамаглася адміністрацыя папраўчай установы адкрытага тыпу №9 Віцебска, дзе мужчына адбывае пакаранне па арт. 339 Крымінальнага кодэкса з 17 чэрвеня. Суддзя Алексіенка абвінаваціла палітвязня ў парушэнні правілаў адбывання пакарання на «хіміі». Суд быў выязны, праходзіў у будынку папраўчай установы адкрытага тыпу № 9 Віцебска. Паседжанне праходзіла фактычна ў закрытым рэжыме. Дзяржаўнае абвінавачванне падтрымліваў Краўцоў, піша "Радыё Свабода".
Суд вырашыў змяніць яму рэжым утрыманьня на больш жорсткі пасля некалькіх парушэнняў. Адміністрацыя выставіла прэтэнзіі Банцару за шэсць эпізодаў. Сярод іх: заснуў на стуле, не пагаліўся, не выканаў каманду «адбой». Адміністрацыя лічыць, што гэтага дастаткова, каб замяніць Банцару абмежаванне волі на пазбаўленне волі. Ігар лічыць прэтэнзіі адміністрацыі палітычным ціскам.
«Я адмовіўся падпісаць прашэнне аб памілаванні. Трэцюю галадоўку я ўжо не вытрымаю, але я не магу гарантаваць, што яе не будзе», – казаў Банцар пра суд раней.
Банцара ўзялі пад варту адразу пасля абвяшчэння рашэння. Першы час ён правядзе ў СІЗА Віцебску, потым яго накіруюць у калонію.