viasna on patreon

Жыхара Рэчыцы зняволілі на тры гады за ўдзел у мірным пратэсце, штуршок міліцыянта і негатыўную ацэнку Лукашэнкі

2021 2021-09-22T15:46:35+0300 2021-09-22T16:11:45+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/michalcou_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Канстанцін Міхальцоў у судзе.

Канстанцін Міхальцоў у судзе.

22 верасня суд Рэчыцкага раёну прызнаў Канстанціна Міхальцова вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, паводле якіх яго абвінавацілі, піша "Палеская Вясна". 

Суддзя Марына Кацуба пастанавіла прызнаць Міхальцова вінаватым у «злачынствах», прадугледжаных часткай 1 артыкула 342, артыкулам 364 і часткай 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэкса. Паводле першага абвінавачвання, яна пастанавіла зняволіць Міхальцова на паўтара года, паводле артыкула 364 – на два гады калоніі, за негатыўную ацэнку Лукашэнкі – на адзін год у вязніцы. Марына Кацуба пастанавіла скласці вынесеныя тэрміны часткова і ў выніку вырашыла прысудзіць Канстанціна Міхальцова да трох гадоў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі агульнага рэжыму

23-гадовага Канстанціна Міхальцова пачалі судзіць яшчэ 19 жніўня за падзеі вечара 9 жніўня мінулага году.

У віну Міхальцову ставілася тое, што ён пасля галасавання на выбарах прэзідэнта 9 жніўня 2020 года выйшаў на плошчу ў Рэчыцы, а калі там пачалі без віны затрымліваць іншага хлопца, разам з групай людзей замінаў гэта рабіць. У прыватнасці, ён нібыта выходзіў на праезную частку вуліцы Чапаева і нібыта замінаў руху транспарту. Акрамя таго, яго вінавацілі ў гвалце датычна да міліцыянта з Рэчыцкага РАУС Дзмітрыя Гарая. Сам Гарай распавядаў на судзе, што хлопца, які стаяў на плошчы, вырашылі затрымаць толькі з тае прычыны, што ў яго на плячах быў беларускі нацыянальны сцяг, і побач з ім знаходзілася група людзей. Людзі спрабавалі перашкодзіць адвольнаму затрыманню. Сярод тых, хто спрабаваў не даць затрымаць невінаватага, апынуўся і Канстанцін Міхальцоў.

Калі затрыманага маладзёна міліцыянты пачалі садзіць у сваю машыну, Міхальцоў штурхнуў Гарая ў спіну. Як казаў на першым судовым паседжанні сам Гарай, ён адчуў «уздзеянне» і выказаў здагадку, што «напэўна, боль мінімальны нейкі быў». Тым не менш, супрацоўнік запрасіў, каб суд прысудзіў яму кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 2 000 рублёў.

Таксама Міхальцова абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі. Яна нібыта ўтрымлівалася ў меркаванні, якое Міхальцоў выказаў у тэлеграм-канале. Згодна з лінгвістычнай экспертызай, допіс Міхальцова – паведамленне абразлівага характару, якое ўтрымлівае негатыўную ацэнку Лукашэнкі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства