Андрэй Аўсіевіч: “Нікога на групы не дзяліў, да гвалту і забойстваў не заклікаў!"
У Гарадзенскім абласным судзе 3 верасня працягваецца разгляд крымінальнай справы Андрэя Аўсіевіча. Яго вінавацяць у абразе прадстаўніка ўлады па арт. 369 Крымінальнага кодэкса і арт 361 КК (Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).
Справу разглядае суддзя Мікалай Рачынскі, дзяржабвінаваўца – пракурор Людміла Герасіменка.
У якасці пацярпелага выступае супрацоўнік міліцыі, участковы Максім Чарткоў.
Паводле следства, 14 лістапада 2020 года Аўсіевіч са свайго кампутара ў адным з чатаў у Тэлеграме размясціў зняважлівую інфармацыю пра ўчастковага, чым публічна яго абразіў. Затым 20 снежня размясціў у свабодным доступе ў інтэрнэце паведамленне пра здзяйсненне акту тэрарызму у адносінах да супрацоўнікаў МУС. Тым самым, здзейсніў злачынства па частцы 3 арт. 361 (Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).
Быў затрыманы па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства 4 траўня, да суда ўтрымліваўся пад вартай.
Абвінавачваемы віну прызнаў толькі ў абразе прадстаўніка ўлады.
Андрэй Аўсіевіч нарадзіўся ў Гродна, у шматдзетнай сям'і, скончыў ліцэй, адслужыў у арміі. Пасля паехаў на заробкі ў Славакію, адтуль вярнуўся, працаваў на мясакамбінаце. У апошні час ажыццяўляў догляд за хворым бацькам.
З'яўляўся ўдзельнікам тэлеграм-каналаў і гарадзенскіх чатаў, дзе пакідаў розныя паведамленні і каментары.
Суд над Аўсіевічам пераносіўся, паколькі ён захварэў у следчым ізалятары на COVID.
На судовым пасяджэнні 4 жніўня Аўсіевіч паведаміў, што з пацярпелым Чартковым асабіста не знаёмы. Калі ў тэлеграм-канале ўбачыў інфармацыю пра ўчастковага - пакінуў каментар абразлівага характару. Тады не лічыў каментар абразлівым, не задумваўся.
Адказвае адвакату, што каментар пакідаў, а як быў апрануты ўчастковы на фота - не памятае. Аўсіевіч раскайваецца ў зробленым, у тым, што абразіў чалавека.
“Я віны не прызнаю па арт. 361, я нікога на сацыяльныя групы не дзяліў, да гвалту і забойстваў не заклікаў! Паказанні па арт. 361 адмаўляюся даваць. Больш адказваць не буду”, - заявіў ён пад час допыту ў судзе.
Суддзя ўказвае на супярэчнасці пад час следства і суда.
Зачытвае пратакол допыту: “Быў падпісаны на многія дэструктыўныя чаты, пісаў паведамленні з пагрозамі і абразамі ў адрас сілавікоў, чыноўнікаў усіх узроўняў, сябраў выбарчых камісій. Спачатку быў зарэгістраваны пад сваім прозвішчам, затым памяняў на іншы нікнэйм”.
- Я паказанні даваў пад ціскам, - адказвае Аўсіевіч. – Ужо быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці паводле арт. 23.34 КаАП РБ, аштрафаваны, аплочаны штраф. Абразлівыя словы пакідаў на фоне злосці і не звярнуў увагу, што ўчастковы на фота быў у форме.
Пацярпелы Чарткоў пад час допыту патлумачыў, што яму стала вядома пра абразлівы каментар ад калегаў.
“Я зайшоў у чат, убачыў свае фота ў форме, асабістыя звесткі і абразлівыя каментары,” - засведчыў ён. - Хачу таксама заявіць маральную кампенсацыю ў памеры 1 000 рублёў. Бо мне было цяжка выконваць свае службовыя абавязкі. Былі праблемы са сном з-за гэтага. Мяне абразілі і прынізілі, было непрыемна гэта ўсё абмяркоўваць са сваякамі і блізкімі.”
Суддзя спытаў абвінавачанага, ці згодны той з іскам.
"Згодны часткова, я абразіў супрацоўніка, прашу паменшыць пазоў да 300 рублёў”.
Пацярпелы пагадзіўся.
Маці абвінавачанага адмовілася ад дачы паказанняў. Таксама адмовіла сведчыць супраць Аўсіевіча і ягоная сястра.
Абвінаваўца заявіла аб выкліку ў судовае пасяджэнне дзяржаўнага эксперта-лінгвіста. Бакі пагадзіліся.
Суд пастанавіў выклікаць эксперта на 10-30 3 верасня.