viasna on patreon

“Чым больш скоцкія ўмовы, тым больш праяўляюцца чалавечыя якасці”. Праваабаронца “Вясны” Андрэй Палуда — пра тры дні, праведзеныя на Акрэсціна

2021 2021-08-06T13:17:27+0300 2021-08-06T15:24:44+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/paluda-2020.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронцу “Вясны” і каардынатара кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэя Палуду затрымалі 14 ліпеня — у той дзень прыйшлі і да іншых “вясноўцаў”. Трое сутак ён правёў на Акрэсціна, дзе, між іншым, сядзеў разам з галоўным рэдактарам “Нашай нівы” Ягорам Марціновічам і журналістам “Белсат” Ігарам Ільяшом. Умовы ўтрымання праваабаронца называе “скоцкімі”. Андрэй Палуда распавёў “Вясне”, што бачыў і чуў падчас свайго знаходжання на Акрэсціна.

Перад зняволеннем

Ранкам 14 ліпеня ў дом Андрэя Палуды прыйшлі з ператрусам: у той дзень прыйшлі і да іншых праваабаронцаў “Вясны”. Для Андрэя гэта ўжо другі ператрус у пасляжнівеньскай Беларусі — да праваабаронцы прыходзілі і 16 лютага.

“З мінулага ператрусу заставаўся планшэт дзіцячы — і яго зараз забралі”, — кажа праваабаронца.

Потым Андрэя Палуду павезлі на пляцоўку “Тэрыторыя правоў”, дзе таксама ўчынілі ператрус. Пазабіралі літаральна ўсё, што там было: выставу пра правы чалавека, усю тэхніку, усе кнігі, сярод якіх – зборнік “Не смяротнаму пакаранню”, кнігі серыі “Беларуская турэмная літаратура”, плакаты, налепкі (у тым ліку  — “Свабоду Марфе”), дыскі з беларускай музыкай.

Праваабаронца Андрэй Палуда. Фота: spring96.org
Андрэй Палуда

Затым Андрэй Палуда пабываў у Дэпартаменце фінансавых расследаванняў і Следчым камітэце. Цяпер ён з’яўляецца падазраваным па крымінальнай справе і мае падпіску аб нявыездзе.

Афіцыйна праваабаронцу затрымалі 14 ліпеня а 16-й гадзіне — з гэтага моманту і пачалі адлічвацца ягоныя 72 гадзіны. Але Андрэй Палуда напісаў на гэта скаргу, бо фактычна з самага ранку гэтага дня ўжо ня быў вольным чалавекам.

Умовы — “скоцкія”

ІЧУ на Акрэсціна для затрыманага чалавека пачынаецца са “стакана”. Калі Андрэй Палуда там знаходзіўся, то чуў, як супрацоўнікі паміж сабой называлі прозвішча Лабковіча (Уладзімір Лабковіч — яшчэ адзін з затрыманых ў той дзень сябраў “Вясны”, які дагэтуль застаецца пад вартай).

“Паміж сабой [супрацоўнікі] гаварылі, што яму дрэнна. Але мне невядома, фізічна ці псіхалагічна”, і пачутае мяне вельмі турбавала, я перажываў за Уладзя”, — успамінае Андрэй Палуда.

Праваабаронцу накіравалі ў камеру на чацвёртым паверсе будынку ІЧУ. Гэта апошні паверх — таму камера падчас спякоты (а ў тыя дні тэмпература была вельмі высокай) яшчэ больш награваецца.

“Там была проста духацішча, мы хадзілі ў адной бялізне, — успамінае Андрэй Палуда. — І калі ты пачынаеш нешта рабіць, то цябе проста абдае потам. Там людзі знаходзяцца ў дрымоце. Да таго ж ты не спіш — гэта вельмі цяжка фізічна, таму што ўвесь час гарыць святло, няма ніякага кіслароду, кармушку увесь час зачыняюць. Калі просяць адчыніць — то [супрацоўнікі ІЧУ] равуць на людзей” [кармушка — акенца ў дзвярах камеры, праз якую затрыманым падаюць ежу. Гэта таксама дадатковае шчыліна для свежага паветра, якога не хапае — Заўв.].

Умовы ў камеры Андрэй Палуда называе не інакш як “скоцкімі”. Не было ні матрацаў, ні бялізны (а ляжаць прыходзілася на драўляных і жалезных прутах ложка), ні пітной вады. Моцна смярдзела прыбіральняй.

“Прыбіральня — як дзірка ў падлозе. Шмат людзей [камера была на шэсць чалавек — Заўв.], спякота — і ўсё гэта стаіць і выпараецца. Гэта, скажам так, не пах плацкартнага вагону, які ўжо тры дні едзе кудысьці, гэта — у дзясяткі разоў горшае. Мы выпрасілі бутэльку хлоркі — і залілі ў прыбіральню. Але, з іншага боку, калі хлоркай заліваеш, то разумееш, што яе будзеш зараз удыхаць.

Але мы і падлогу залілі трохі хлоркай. Бо там пад сталом і лаўкамі, якія прывінчаны да падлогі, проста агромністыя клубні пылу і бруду. Пры гэтым мы бачылі (калі праводзілі па калідорах), што там было многа пустых камер, у якіх былі матрацы.

Пры ўсім гэтым з камеры на прагулкі не выводзяць, перадач не перадаюць, у душ не водзяць.

Канешне, такія ўмовы ўтрымання былі пэўным выклікам, я правеў у гэтай камеры 72 гадзіны – лічы ўвесь час, акрамя прыкладна гадзіны спаткання з адвакаткай, але іншыя сукамернікі там былі і па дзесяць сутак. Таксама я ведаю, што для іншых людзей яшчэ адным дадатковым, не меншым, а нават большым выклікам і стрэсам становіцца ціск з боку супрацоўнікаў органаў. Допыты з боку следчых, “размовы” з боку іншых прадстаўнікоў сілавых структур”.

Палітычныя і непалітычныя

Умовы ўтрымання для палітычных і непалітычных зняволеных моцна адрозніваюцца. Пра гэта казала і валанцёрка “Вясны” Яўгенія Бабаева, якая таксама правяла тры дні ў ІЧУ паралельна з Андрэем Палудам.

ДФР, Следчы камітэт, Акрэсціна, умовы ўтрымання і спроба вярбоўкі. Гісторыя затрыманай валанцёркі “Вясны” Яўгеніі Бабаевай

Мінскую валанцёрку Яўгенію Бабаеву затрымалі 14 ліпеня – у той дзень прыйшлі і да іншых праваабаронцаў “Вясны”. Пасля трох сутак яе нечакана выпусцілі з прапановай супрацоўніцтва з сілавікамі. Пра гэта, а таксама пра вобшук, допыты, умовы утрымання на Акрэсціна – чытайце ў гісторыі Яўгеніі.

 Напрыклад, насупраць знаходзіліся камеры для мігрантаў (такія людзі таксама могуць змяшчацца ў ІЧУ з-за парушэння правілаў знаходжання ў Беларусі) — і Андрэй Палуда змог пабачыць, што ўмовы іх утрымання былі значна лепшыя:

“У іх былі і матрацы, і бялізна, і перадачы, цыгарэты, якія яны маглі паліць.

Але мне распавядалі, што там ёсць мігранты, якія сядзяць і год-два ў такіх умовах. Канешне, умовы ў іх крыху лепш, але тым не менш [гэта ненармальна]”.

Адна гісторыя, якую распавёў Андрэй Палуда, ілюструе тое, як камеры дзеляцца на палітычных і непалітычных:

“Да нас у камеру закінулі грамадзяніна Расіі па артыкуле 328 [“наркатычны” артыкул Крымінальнага кодэкса РБ — Заўв.]. Ён зайшоў у камеру — і быў шакаваны: «Как вы тут содержитесь в таких условиях?» Трохі разабраўшыся, ён пачаў грукаць у дзверы і крычаць: «Начальник, отпускай, переводи! Куда меня посадили, что за беспредел?!» Мы яму адказалі, што камера палітычная. На што ён сказаў — «Дык я ж не палітычны!». Супрацоўнікі зверыліся са спісам. І аказалася, што гэтага расейца звалі Ілья. А яны пераблыталі “Ілья” і “Ільяш”. Потым яны вывелі гэтага Ілью, а Ільяша Ігара закінулі да нас. І мы з ім жартавалі: Ігар, прабач, але цябе перавялі ў больш скоцкія ўмовы, такая сітуацыя”.

Хто сядзеў з Андрэем Палудам

Усе сукамернікі Андрэя Палуды ўтрымліваліся па крымінальных справах. Сярод іх быў беларус ангольскага паходжання, які працаваў таксістам; айцішнік, якога ўзялі па падазрэнні ў “тэрарызме”; футбольны фанат, што сядзеў па 342-м артыкуле (“Групавыя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак”). Быў і мужчына, якога звалі Аляксей — неўзабаве яго перавялі ў СІЗА-1, як толькі скончыліся яго дзесяць сутак.

“Ён вельмі дрэнна сябе адчуваў, бо быў гіпертонікам — а там жа ўмовы цяжкія, спякота. Яму далі адну таблетку, ён яе адкусіў — і палавінку пакінуў на потым на ўсялякі выпадак”, — успамінае праваабаронца.

Разам з Андрэем Палудам, акрамя журналіста “Белсата” Ігара Ільяша, сядзеў таксама і галоўны рэдактар “Нашай нівы” Ягор Марціновіч. Той распавёў Палуду, як яго збілі пры затрыманні:

“Апранулі на галаву баксёрскі шлем і лупілі па галаве. Падчас ператрусу яго таксама білі. Нават калі ён хацеў выйсці з аднаго пакоя ў той пакой, дзе праходзіў ператрус, — яго білі. Ён робіць крок — яму ўдар. Яму было дрэнна — і хуткую дапамогу [спачатку] не хацелі пускаць да следчага [які яго дапытваў пасля ператрусу]”, — падзяліўся гісторыяй Ягора Марціновіча Андрэй Палуда.

*таксама “Вясне” з іншых крыніц стала вядома, што гэты шлем належыць аднаму з калег Ягора — той прафесійна займаецца боксам. Сілавікі знайшлі яго падчас ператрусу ў памяшканні, дзе збіраецца рэдакцыя “Нашай нівы”, і сказалі Ягору: “Зараз мы табе пакажам, як ён прымяняецца”.

Андрэй Палуда падзяліўся ўражаннямі ад сустрэчы з галоўным рэдактарам “Нашай нівы”:

“Ягор – вялікі малайца. Чалавек, які і сябе трымаў годна і мужна, і яшчэ і падтрымліваў іншых. Для мяне было важна гэта пабачыць, бо з Ягорам я знаёмы ўжо вельми даўно і ён менавіта такі, якім я яго ведаў..

Там, дзе мы былі, проста скоцкія ўмовы. Але яны з’яўляюцца нібы індыкатарам: праз іх, як праз лупу, усё бачна. То бок у гэтых скоцкіх умовах чалавечыя якасці праяўляюцца яшчэ больш. І калі ў чалавека нейкіх чалавечых якасцяў больш, то ў гэтых умовах ён іх альбо больш яўна праяўляе, альбо іншыя іх не могуць не заўважыць.

Чым больш скоцкія умовы, тым больш праяўляюцца чалавечыя якасці.

Бо калі ты там знаходзішся 24/7 з людзьмі, то ўсё там празрыста. Таму што людзі знаходзяцца пад дастаткова сур’ёзным ціскам (эмацыйным, псіхалагічным, фізічным і фізіялагічным). То бок ты тут бачыш усё. І па чалавеку бачна, наколькі ён выхаваны, наколькі ён інтэлігентны, наколькі ён гатовы праяўляць салідарнасць [а Ягор Марціновіч менавіта такі]”

Некалькі іншых сукамернікаў распавядалі, што ў дачыненні да іх пры затрыманні выкарыстоўвалася сіла і электрашокеры. І паказвалі сляды ад іх.

Яшчэ раз пра чалавечнасць

Андрэй Палуда кажа, што свой досвед знаходжання ў ІЧУ ён выкарыстоўваў і як “актыўнае назіранне за жыццём у такіх умовах”. Напрыклад, ён заўважыў, што супрацоўнікі ІЧУ могуць па-рознаму сябе праяўляць — і тут шмат што залежыць ад чалавека:

“Гэта можна пабачыць у залежнасці ад змены. Напрыклад, быў супрацоўнік (як распавядалі сукамернікі), які ў папярэднюю ноч перад маім затрыманнем паднімаў затрыманых з камеры а 2-й, 4-й гадзіне ночы і потым а 6-й — і трэба было кожны раз называць свой артыкул. Вядома, што па працэдуры ёсць стандартны “шмон” зранку і ўвечары, але [такія паводзіны гэтага супрацоўніка – яго ініцыятыва]”.

Андрэй Палуда перад судовым паседжаннем у Чэрыкаве

Таксама Андрэй Палуда перадаў просьбу ўсім, хто будзе чытаць гэты артыкул, быць салідарнымі:

“Салідарнасць — гэта сапраўды вельмі і вельмі важна. Людзі, якія там знаходзяцца, — розныя па складу характару: хтосьці больш моцны, хтосьці менш. Але для любога чалавека вельмі важна адчуванне салідарнасці. Я разумею, што гэта можа прагучаць банальна — бо ўвесь час гаворыцца пра салідарнасць. Але я зараз кажу як чалавек, які там быў і прапусціў усё праз сябе.

І ведаеце, я, калі там знаходзіўся, стараўся на ўсё глядзець яшчэ вачыма праваабаронцы таксама. То бок праводзіў такі нібы маніторынг месцаў несвабоды знутры, і зрабіў пэўныя нататкі для сябе. І магу сказаць, што тая сістэма, якая зараз існуе (ІЧУ Акрэсціна), накіравана цалкам на тое, каб прынізіць чалавечую годнасць, а нам варта памятаць, што чалавечая годнасць гэта фундаментальная рэч, якая палягае ў аснове канцэпцыі правоў чалавека. Таму з упэўненасцю можна сказаць, што гэтыя ўмовы ўтрымання, і гэтая выбудаваная сістэма з правамі чалавека абсалютна не сумяшчальныя”.

Шукаць адрасы палітзняволеных можна тут.

Калі скончыліся 72 гадзіны, Андрэя Палуду адпусцілі з ІЧУ. Але пасля гэтага ціск на яго працягваўся: на праваабаронцу распачалі адміністрацыйны працэс за непадпарадкаванне службовай асобе (арт. 23.4 КаАП) — бо ён не даў узор свайго подпісу следчаму падчас допыту 14 ліпеня, у дзень затрымання. Палудзе пагражалі новыя суткі. Ён пакінуў Беларусь.

 Ігара Ільяша вызвалілі 26 ліпеня. Ягор Марціновіч быў пераведзены з ІЧУ ў СІЗА-1 (вул. Валадарскага, Мінск)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства