viasna on patreon

Пераслед гурта IRDORATH і іх сяброў: 12 чалавек арыштаваныя па крымінальных і адміністрацыйных справах, чатыры — аштрафаваныя

2021 2021-08-05T17:04:04+0300 2021-10-01T14:57:19+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/maxresdefault.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

2 жніўня на лецішчы пад Мінскам затрымалі 16 чалавек, сярод якіх былі ўдзельнікі беларускага музычнага фэнтэзі-фолк гурта IRDORATH. Затрыманне адбылося на святкаванні Дня народзінаў вакалісткі гурта Надзеі Калач. Прэс-служба МУС паведаміла, што супраць шасці затрыманых распачалі крымінальныя справа за ўдзел у жнівеньскіх маршах, на дзесяцярых склалі адміністрацыйныя пратаколы аб непадпарадкаванні. Кампанію затрымлівалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа і САХРа з дронам і стралянінай. "Вясна" распавядае, што вядома па гэтай справе і пра лёс затрыманых.

Гурт Irdorath на Маршы
Гурт IRDORATH на Маршы

*IRDORATH — папулярны ў Беларусі і за яе межамі фэнтэзі-фолк-гурт, які выконвае аўтарскую, народную і сярэднявечную музыку, выкарыстоўвае дуды, ліру, бузукі, дзякуючы аўтэнтычным інструментам мае ўнікальнае гучанне. 

Каго затрымалі ў межах крымінальнай справы?

"У жніўні мінулага года група "дудароў" неаднаразова ўзначальвала калону пратэстоўцаў і з выкарыстаннем музычных інструментаў залучала ў несанкцыянаванае масавае шэсце грамадзян. Перформанс каардынатараў узмацняў пратэсты настрой удзельнікаў і штурхаў іх да супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да міліцыянтаў", распавялі ў прэс-службе МУС.

Напраўду ж музыкі проста ішлі разам з мітынгоўцамі і гралі "Перамен!" на дудах, гітары і бубнах.

Паведамлялася, што міліцыянты затрымалі 16 чалавек. Паводле інфармацыі МУС, затрыманым ад 28 да 43 гадоў, сярод іх — менеджар фірмы, дызайнер, мастацкі кіраўнік і дырыжор народнага хору. Астатнія — беспрацоўныя. На шасцярых пачалі крымінальную справу за арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і ўдзел у іх (арт. 342 КК). На астатніх склалі адміністрацыйныя пратаколы за непадпарадкаванне патрабаванням міліцыянтаў пры затрыманні.

Праваабаронцам "Вясны" вядома, што ў межах крымінальнай справы затрыманыя пяць музыкаў. Гэта Уладзімір і Надзея Калач, Пётр і Юлія Марчанка (Юніцкая), Антон Шніп. Яны знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна ў статусе падазраваных па ч. 1 арт. 342 КК (групавыя дзеянні, груба парушаючыя грамадскі парадак). Імя шостага затрыманага, які, згодна з паведамленнем МУС, праходзіць у межах крымінальнай справы, пакуль невядомы.

"З двух бакоў пабеглі людзі і пачалі страляць". Што з астатнімі затрыманымі? 

Скрыншот з відэа затрымання кампаніі на лецішчы
Скрыншот з відэа затрымання кампаніі на лецішчы

Прэс-служба МУС паведамляла пра затрыманне 16 чалавек: шэсць затрыманыя па крымінальнай справе, астатнія дзесяць, якія былі на лецішчы, асудзілі на арышты і штрафы. Тэлеграм-канал "Вясна назірае" распавёў пра суды над затрыманымі.

Сярод затрыманых была 39-гадовая Аляксандра Грахоўская — удзельніца гурта BY CRY. Яе справу разглядаў суддзя Антон Колабаў. Згодна з пратаколам па арт. 24.3 КаАП, «Аляксандра 2 жніўня каля 20:30 адмовілася адчыняць вароты для правядзення следчых дзеянняў, чым аказала непадпарадкаванне супрацоўніка міліцыі».

Аляксандра распавяла, што на лецішчы нават няма варотаў – толькі зламаная брамка. Па яе словах, яна прыйшла на Дзень народзінаў да сяброўкі. Усе сабраліся і перад пачаткам святкавання пабачылі, як з двух бакоў на іх пабеглі людзі ў вайсковай форме і пачалі страляць. Аляксандра дадала, што было так шмат выстралаў, што яна не зразумела, чаму пакуль усе жывыя. 15 чалавек паклалі на зямлю і забралі тэлефоны. Потым жанчынам дазволілі сесці на канапу. Сваю віну Аляксандра адмаўляе, бо нават не разумее, «як можна не адчыніць тое, што і так не зачыненае». Суддзя Колабаў пакараў Аляксандру штрафам у памеры 30 базавых.

Таксама суддзя суддзя Колабаў аштрафаваў яшчэ некалькіх затрыманых з кампаніі: Шулякову — на 30 базавых, Юлію Варламаву — на 40 базавых, Вольгу Міхно — на 35 базавых.

4 жніўня суддзі Мінскага раёна на выязным паседжанні разглядзелі справы яшчэ шасцярых чалавек, якіх затрымалі на святкаванні Дня народзінаў вакалісткі музычнага фэнтэзі-фолк гурта IRDORATH Надзеі Калач. Марыя Падаляк, Аляксандр Сінкевіч, Дзмітрый Шыманскі, Яўген Срэценскі, Міхаіл Аракчэеў і Аляксей Палаўчэня былі арыштаваныя на 15 сутак. Усіх затрыманых судзілі па арт. 24.3 КаАП за тое, што яны не адчынілі вароты сілавікам.

Суддзя Вадзім Казей пачаў 3 жніўня разглядаць справы Аляксандра Сінкевіча, Дзмітрыя Шыманскага і Аляксея Палаўчэні (барабаншчыка гурта IRDORATH), але зрабіў перапынак да 4 жніўня.

Мужчыны на судзе паспелі распавесці, што гатавалі шашлыкі перад тым, як з’явіліся сілавікі. Дом абгароджаны толькі з боку вуліцы, а вароты былі адчыненыя. Да іх пачалі з абодвух бакоў забягаць людзі і сказалі ўсім легчы на зямлю. Сілавікі пры гэтым былі ў камуфляжы і ў масках.

Дзмітрый Шыманскі наогул быў затрыманы выпадкова: ехаў на мапедзе каля 23:00 (ужо больш за гадзіну праходзіў ператрус), убачыў машыну сябра, спыніўся і ў цемры запытаўся, хто капаецца ў машыне. Невядомы ў яго спытаў, што Дзмітрыю трэба. У гэты ж момант Шыманскі ўбачыў, што пачалі выходзіць нейкія людзі з скрынкамі абматанымі скотчам. Спыталі ў яго: «Ты сюды прыехаў?». Мужчына адказаў станоўча. Тады яму сказалі: «Класна, дачакаліся цябе», і забралі яго.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства