viasna on patreon

“Абразы” у сацсетках, тралейбусе і бальніцы. Як беларусаў судзілі па дыфамацыйных артыкулах на мінулым тыдні

2021 2021-07-23T19:27:32+0300 2022-06-15T13:49:56+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_babrujsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае маніторыць судовыя паседжанні па крымінальных справах, звязаных з нецярпімасцю беларускіх уладаў да любых формаў праявы пратэсту. Па дадзеных праваабаронцаў, самымі распаўсюджанымі крымінальнымі інструментамі рэпрэсій сёння з’яўляюцца пераслед па дыфамацыйных артыкулах: абраза прадстаўнікоў улады, суддзяў, міліцыянтаў, прэзідэнта (арт. 368, 369, 391 Крымінальнага кодэкса). Штодзень па ўсёй Беларусі адбываюцца суды па гэтых артыкулах. “Вясна” распавядае, каго і за што на гэтым тыдні судзілі ў Беларусі па дыфамацыйных артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Пра справы па дыфамацыйных артыкулах, разгледжаных на папярэднім тыдні, можна пачытаць па спасылцы.


 Абразы прэзідэнта

 “Лукашэнка будзе жыць вечна” – з гэтага пачаўся яшчэ адзін канфлікт

У Бабруйску разгледзелі справу 27-гадовага Іллі Дзярагіна, якога прызналі вінаватым паводле арт.368 Крымінальнага кодэкса РБ (Абраза прэзідэнта). Справу вяла суддзя Наталля Агладкова. Дзяржабвінавачанне падтрымала старшы памочнік пракурора Лосева.

Суд Бабруйскага раёна і г. Бабруйска
Суд Бабруйскага раёна і г. Бабруйска

Дзярагіна абвінавацілі ў тым, што ў стане алкагольнага ап’янення 16 красавіка 2021 года ў тралейбусе неаднаразова выказаў рэзкую і негатыўную ацэнку асобы Аляксандра Лукашэнкі, якая нанесла шкоду ягонаму гонару і годнасці і была накіраваная на падрыў ягонага аўтарытэту. Гэтым ён публічна абразіў Лукашэнку.

Ілля Дзярагін поўнасцю прызнаў віну. Распавёў, што выпіў піва, паехаў з Савіным дадому на тралейбусе. Пасля канфлікту паміж Савіным і іншым мужчынам нейкая жанчына сказала: “Лукашэнка будзе жыць вечна” – з гэтага пачаўся яшчэ адзін канфлікт. Дзярагін выказаў у бок Лукашэнкі некалькі фраз, якія дзяржабвінаваўца папрасіў не прамаўляць у судзе. Праз месяц яго арыштавалі на трое сутак, без яго ўдзелу правялі вобшук.

На дадзены момант мужчына раскайваецца ў тым, што здзейсніў.

Сведка Кацярына Цедэрадзэ, педагог-арганізатар, была сведкай канфлікту. Сказала, што абвінавачаны паводзіў сябе агрэсіўна, зневажаў прысутных. Пытаўся, хто хацеў такога жыцця, хто галасаваў за Лукашэнку. Яна патэлефанавала ў міліцыю, бо хацела, каб яго высадзілі з тралейбуса: асабіста да мужчыны не мае прэтэнзій. Але калі супрацоўнік міліцыі заходзіў у транспарт, Дзярагін ужо выйшаў – потым сведка апазнала яго.

У матэрыялах справы – запіс званка Кацярына ў міліцыю, падчас якога яна паведамляе, што ў тралейбусе чалавек лаецца ў бок Лукашэнкі.

У апошнім слове Ілля Дзярагін папрасіў не караць яго строга. Ён адзначыў, што гэта адзіны выпадак, які ў яго быў: таму зараз ён хоча знайсці работу і спадзяецца на штраф.

Дзяржабвінаваўца Лосева запрасіла для Дзярагіна тры месяцы арышту: суддзя Агладкова пагадзілася з тэрмінам. Дзярагіна заключылі пад варту ў залі суда.


“Лукашэнка сам сябе называе дыктатарам”

У Буда-Кашалёве па крымінальнай справе аб абразе прэзідэнта (арт. 368 Крымінальнага кодэксу) асудзілі Юрыя Кавалёва. Пасяджэнне праходзіла ў закрытым рэжыме. “Вясне” стала вядома, што падставай для ўзбуджэння справы стала тое, што Кавалёў, знаходзячыся ў бальніцы, назваў Аляксандра Лукашэнку “дэбілам”.

Юрый Кавалёў. Фота з асабістага архіва
Юрый Кавалёў. Фота з асабістага архіва

 Супрацоўнікі бальніцы Цвяткова і Лашкевіч выступалі на судзе ў якасці сведак. Кавалёў сваёй віны не прызнаў. На судзе ён сказаў, што “дыктатар горш за дэбіла, а Лукашэнка сам сябе называе дыктатарам”. Юрыю Кавалёву прысудзілі год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.


"Прычыніў прэзідэнту маральныя пакуты"

Суд Цэнтральнага раёна г. Мінска 23 ліпеня прысудзіў паводле ч. 1 арт. 386 КК (абраза прэзідэнта) два гады “хіміі” случаніну Сяргею Саку. Паводле версіі абвінавачвання, ён, маючы намер на абразу прэзідэнта, маючы асабістую непрыязнасць да супрацоўнікаў, каб распаліць палітычную варожасць, у тэлеграм-чаце “Чат Слуцк Общение”, пад постам пра выступ Лукашэнкі на Усебеларускім народным сходзе пакінуў каментары ў адрас прэзідэнта. Як першапачаткова гаварылася ў абвінавачванні, сваімі словамі Сак “прычыніў прэзідэнту маральныя пакуты і падарваў яго дзелавую рэпутацыю”. Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Карсюк, падтрымліваў дзяржабвінавачанне Арцём Цвяткоў.

Суд Цэнтральнага раёна горада Мінска
Суд Цэнтральнага раёна горада Мінска

Абвінавачаны прызнаў віну цалкам. На судзе Сак распавёў, што сапраўды знаходзіцца ў тэлеграм-чаце “Чат Слуцк Общение”, дзе, у асноўным, прысутнічалі жыхары Слуцка, абмяркоўвалі навіны Слуцка і краіны, выказвалі разнастайныя меркаванні. Ён сам нарадзіўся ў Слуцку, там жывуць яго бацькі. Па словах мужчыны, таму яму было цікава пачытаць навіны.

У сярэдзіне лютага там апублікавалі цытаты і відэа выступу Лукашэнкі на УНС. Сак распавёў, што знаходзіўся тады ў злым настроі, у эмацыйным напружанні і такім чынам вырашыў напісаць негатыўны каментар. З 11 па 13 лютага напісаў каля пяці каментароў. Экспертыза пацвердзіла, што ў гэтых каментарах была “абраза” прэзідэнта. На судзе яны не агучваліся.

Суддзя Карсюк асабіста даследаваў тэлефон абвінавачанага. Пры вывучэнні тэлефона Сака ў тэлеграме ён знайшоў канал “Каратели”. Пра яго няма згадкі ў матэрыялах справы. Абвінавачаны растлумачыў, што не быў падпісаны на гэты канал, мяркуе, што яго падпісалі супрацоўнікі ў працэсе следства.

У спрэчках пракурор Цвяткоў, адзначыў, што дзеянні Сака кваліфікаваныя дакладна, але трэба выключыць, што прэзідэнту “былі прычыненыя маральныя і маральныя пакуты” , бо ён не быў дапытаны ні падчас следства, ні на судзе. Пракурор палічыў, што віна абвінавачанага даказаная, і прапанаваў прызначыць яму пакаранне ў выглядзе двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Менавіта такое пакаранне прызначыў суддзя Дзмітрый Карсюк. Таксама ў Сака канфіскавалі айфон, з якога ён пісаў каментары.


Абразы міліцыянтаў

Сцвярджала, што не пакідала гэты каментар. Асудзілі маці палітвязня

У судзе Ленінскага раёна Гродна адбыўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Святланы Ярмолавой, якая абвінавачвалася ў абразе супрацоўніка мінскага АМАПа Фёдарава – артыкул 369 Крымінальнага кодэкса (Абраза прадстаўніка ўлады). Святлана Ярмолава – маці палітвязня Ігара Ярмолава, якога ў чэрвені асудзілі на пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле артыкулаў аб падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў.

 

На Святлану крымінальную справу завялі за тое, што ад яе імя ў Facebook пад фатаграфіяй амапаўца Фёдарава быў размешчаны каментар “Вырадак пракляты”, што, на думку следства, публічна абразіла прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў.

На судзе Святлана Ярмолава сцвярджала, што не пакідала гэты каментар. Пацярпелы Фёдараў, які прыехаў на судовы працэс, распавёў, што вельмі перажываў пасля таго, як прачытаў пра сябе больш за дзвесце каментароў, большая частка якіх была негатыўнай. Ён сцвярджаў, што вельмі старанны ў працы і прыйшоў у АМАП, каб абараняць людзей. За маральныя пакуты, прычыненыя каментаром “Вырадак пракляты” ён папрасіў суд прызначыць 2000 рублёў маральнай кампенсацыі.

У выніку суддзя Руслан Гурын прысудзіў Святлане два гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу (“хатняя хімія”). Таксама яна абавязаная выплаціць амапаўцу Фёдараву кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 2000 рублёў.


“Па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці”

У судзе Цэнтральнага раёна г. Мінска 19 адбыўся судовы працэс у дачыненні да Дзмітрыя Яскевіча, якога вінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса.

Справу разглядала суддзя Вікторыя Шабуня. Бок дзяржабвінвачвання прадстаўляў Арцём Цвяткоў.

Пацярпелы намеснік начальніка РАУС Жлобіна Дзмітрый Дзядзюн ўдзельнічаў у працэсе праз скайп, сам ён знаходзіўся ў судзе Жлобіна. Міліцыянер заявіў іск аб матэральнай кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 2000 рублёў.

Яшчэ адным пацярпелым па справе прызнаны міліцыянт з Камянецкага РАУС Мікіта Міхалачкін, ён не заяўляў іскавых патрабаванняў.

Паводле абвінавачвання, Дзмітрый Яскевіч 27 лістапада 2020 года меў намер на публічную абразу прадстаўніка ўлады з мэтай прыніжэння яго гонару і годнасці ў звязку з выкананнем ім службовых абавязкаў, па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці, звязанай з электаральнай кампаній у Рэспубліцы Беларусь, з пачуцця непрыязнасці да прадстаўнікоў улады і жадання прадставіць Мікіту Міхалачкіна ў зневажальным становішчы для шырокай грамадскасці пакінуў у тэлеграм-канале “Каратели Беларуси” каментар наступнага зместа: “Вырадкі”. Гэтым абвінавачаны прычыніў пацярпеламу міліцыянту маральныя пакуты, падарваў яго аўтарытэт і персанальныя якасці.

25 снежня 2020 года Дзмітрый Яскевіч здзейсніў аналагічныя дзеянні ў дачыненні і да намесніка начальніка Жлобінскага РАУС Дзмітрыя Дзядзюна, пакінуўшы каментар: “Хоть бы о детях, мр*зота такая, подумал”.

Дзмітрый Яскевіч віну прызнаў часткова, бо не пісаў каментары па матывах варожасці. Таксама ён прызнаў заяўлены іск, але адзначыў, што сума надзвычай вялікая.

Суду патлумачыў, што раней ніколі не бачыў пацярпелых, “злачынства здзейсніў спантанна”. Пра прафесійную дзейнасць супрацоўнікаў міліцыі ён не ведаў, высновы зрабіў на падставе той інфармацыі, якая была размешчаная ў тэлеграм-канале “Каратели Беларуси”.

Вывучэнне пісьмовых матэрыялаў справы адбылося ў закрытым рэжыме, так як тэлеграм-канал “Каратели Беларуси” быў прызнаны экстрэмісцкім.

Пасля гэтага ў судзе быў аб’яўлены перапынак да разгляду апеляцыйнай скаргі па першым прысудзе, які адбудзецца 17 жніўня.

Нагадаем, Дзмітрый Яскевіч раней быў асуджаны таксама судом Цэнтральнага раёна г. Мінска па арт. 369 КК да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.


Два гады "хатняй хіміі" – за абразу Чамаданавай

Цэнтральны суд горада Мінска прызнаў 32-гадовага Артура Суворава вінаватым паводле арт.369 Крымінальнага кодэкса і асудзіў да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову – “хатняй хіміі”. Справу вёў суддзя Дзмітрый Карсюк. Бок дзяржабвінавачання падтрымаў пракурор Арцём Цвяткоў. Пацярпелай выступіла прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава.


Абраза прадстаўніка адміністрацыі

У судзе Чыгуначнага раёну Віцебску адбыўся разгляд крымінальнай справы над 36-гадовым Аляксандрам Жданавым, якога абвінавацілі ў публічнай абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэксу). Падставай для завядзення крымінальнай справы быў каментар пад допісам пра кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску Сяргея Сташэўскага, які прымушаў настаўнікаў перапісваць пратаколы выбараў. Гэта ўжо не першы ў Віцебску працэс за знявагу Сташэўскага.

Ад 14 да 16 красавіка Аляксандр Жданаў правёў віцебскім ізалятары, пасля гэтага знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. Мабільны тэлефон канфіскавалі, а на аўтамабіль быў накладзены арышт.

Справу Жданава разглядаў суддзя Дзяніс Аляксеенка. На першае пасяджэнне, як пісала “Віцебская Вясна”, пацярпелы чыноўнік не з'явіўся, даслаў заяву з просьбай разгледзець яе ў яго адсутнасць. Суд прыняў рашэнне пачаць разбіраць справу без яго.

"12 жніўня 2020 году Аляксандр Жданаў, знаходзячыся па месцы жыхарства, маючы намер на публічную абразу прадстаўніка ўлады Сташэўскага Сяргея ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў і выкарыстоўваючы мабільны тэлефон «айфон», са сваёй старонцы у сацыяльнай сетцы «Вконтакте» у групе «Это Витебск, детка!» размясціў тэкст каментара, які змяшчае выраз у непрыстойнай і прастамоўнай форме", – зачытаў тэкст абвінавачання дзяржабвінаваўца Бізуноў.

Аляксандр Жданаў часткова прызнаў віну, сказаўшы, што размяшчаў каментар, але не на адрас чыноўніка.

"Я не адмаўляю, што каментар меў месца, але фармулёўка няправільная. Абраза была, але не Сташэўскага. Да гэтага быў каментар, на які я адказваў. На аўдыёзапісе гаварылася пра Віктара Цоя і Элвіса Прэслі. А папярэдні каментатар выказаўся некультурна пра іх, і я яму адказаў, бо зʼяўляюся прыхільнікам мастацтва гэтых асобаў", – патлумачыў на судзе Жданаў.

"Скаціна прадажная. Хоць бы Цоя з Прэслі не прыплятаў. Яны б табе за такія словы ў рожу плюнулі", – прачытаў каментар дзяржабвінаваўца. "Гэта ваш каментар?" – спытаў у падсуднага. Жданаў пацвердзіў, што так.

Паводле дзяржабвінаваўцы Бізунова, "скаціна прадажная" адрасавалася Сташэўскаму. Паводле экспертаў, фраза "негатыўна характарызуе чалавека як непрыстойнага, грубага, подлага, які дзеля грошай і выгады гатовы на ганебныя ўчынкі".

21 ліпеня суддзя Дзяніс Аляксеенка прысузіў Жданава два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства