viasna on patreon

“Одноклассники” і тэлеграм-каналы як месца здзяйснення злачынства. Як беларусаў судзілі па дыфамацыйных артыкулах на гэтым тыдні

2021 2021-07-17T14:05:43+0300 2021-07-17T15:12:36+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/buraucova.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае маніторыць судовыя паседжанні па крымінальных справах, звязаных з нецярпімасцю беларускіх уладаў да любых формаў праявы пратэсту. Па дадзеных праваабаронцаў, самымі распаўсюджанымі крымінальнымі інструментамі рэпрэсій сёння з’яўляюцца пераслед па дыфамацыйных артыкулах: абраза прадстаўнікоў улады, суддзяў, міліцыянтаў, прэзідэнта (арт. 368, 369, 391 Крымінальнага кодэкса). Штодзень па ўсёй Беларусі адбываюцца суды па гэтых артыкулах. “Вясна” распавядае, каго і за што на гэтым тыдні судзілі ў Беларусі па дыфамацыйных артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Пра справы па дыфамацыйных артыкулах, разгледжаных на папярэднім тыдні, можна пачытаць па спасылцы.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

За адно слова — два гады  “хіміі”

12 ліпеня ў судзе Ваўкавыскага раёна пачаўся судовы працэс у дачыненні да Андрэя Кішкуна, бацькі чатырох непаўналетніх дзяцей. Яго абвінавачвалі ў абразе службовай асобы пры выкананні службовых абавязкаў (арт. 369 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь)

Паводле абвінавачвання, Кішкун 9 лютага 2021 года, будучы ў стане алкагольнага ап'янення, праз свой мабільны тэлефон размясціў у “Аднакласніках” на старонцы карыстальніка “Таракан Усатый”  пад фота ў форменным абмундзіраванні старэйшага оперупаўнаважанага групы па кантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі, капітана міліцыі Сяргея Шрамава, а таксама ўчастковага інспектара міліцыі грамадскай бяспекі, капітана міліцыі Аляксандра Шурпакова абразлівае паведамленне-каментар, “непрыстойнае па форме, якое прыніжае гонар і годнасць, якое супярэчыць чалавечай маралі [ ... ], якое змяшчае негатыўную ацэнку і якое мае ненарматыўную форму маўленчага выразы”, а менавіта:

“М*дакі” (і эмоджы вялікага пальца ўніз)

Самі пацярпелыя Аляксандр Шурпакоў і Сяргей Шрамаў на судовае паседжанне не з'явіліся, аднак даслалі ў суд іск аб матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды памерам у 1 000 беларускіх рублёў кожны.

Пост у “Однокласниках” быў прысвечаны таму, як міліцыянты падчас ператрусу канфіскавалі ў горадзе Дуброўна паветраныя шары, якія віселі ў доме мясцовага жыхара Міхаіла Чамуракі. Пазней яго за гэта асудзілі на 15 сутак.

Скрын паста ў
Скрын паста ў "Одноклассниках"

*За каментар пад гэтым жа пастом з тэкстам "Два ДБ" у чэрвені асудзілі і віцебчука Васіля Глушакова на 1 год і 6 месяцах абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу (“хімія”). Тыя ж пацярпелыя таксама прад'яўлялі на гэтым працэсе маральны пазоў па 1000 рублёў кожны.

Аляксандр Кішкун прызнаў сябе вінаватым. Свае дзеянні ён патлумачыў тым, што знаходзіўся дома на самаізаляцыі, перачытваў стужку навін у “Одноклассниках”, убачыў гэты пост — і пакінуў каментар. Абвінавачаны не думаў, што гэта прыніжае гонар і годнасць міліцыянтаў. Самі ж пацярпелыя міліцыянты даведаліся аб існаванні гэтага паста ад сваіх калегаў.

Суддзя Нікалай Сяргейка прапаноўваў Кішкуну нешта прадаць, каб пакрыць пацярпелым маральны пазоў, бо ў таго цяжкасці з грашыма. Але прадаваць няма чаго, сказаў Аляксандр Кішкун, а крэдыт у банку яму не дадуць, “ужо ў двух банках адмовілі”. У выніку суд вынес рашэнне пакінуць пад арыштам тэлевізар і секцыю з дзвюх шаф Кішкуна, спагнаць на карысць пацярпелых па 500 рублёў кампенсацыі, і прысудзіў Кішкуна да абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу (“хатняя хімія”) тэрмінам на два гады.

Дзяржабвінаваўцам па гэтай справе выступаў Забаўка.


Не ведаў, што абмеркаванні ў чатах – гэта крымінальнае злачынства, за якое караюць

Яшчэ адзін працэс за абразу прадстаўнікоў улады (арт. 369 КК РБ) пачаўся 13 ліпеня ў судзе Першамайскага раёна г. Мінска. Абвінавачаны — Юрый Паўлюховіч. Справу разглядаў суддзя Максім Трусевіч, бок дзяржаўнага абвінавачвання падтрымлівала Іна Зубко.

Суд Савецкага і Першамайскага раёнаў Мінска. Фота spring96.org
Будынак Першамайскага суда горада Мінска

Паводле абвінавачвання, Юры Паўлюховіч 12 студзеня 2021 года ў тэлеграм-канале “Каратели Беларуси” пакінуў каментар пад фотаздымкам міліцыянера Антона Янушкевіча абразлівага зместу. Ён жа 5 сакавіка ў тэлеграм-канале “Беларусь головного мозга” напісаў яшчэ адзін каментар пад фотаздымкам камандзіра АМАП Дзмітрыя Балабы, які ўтрымліваў нецэнзурныя словы. І Янушкевіч, і Балаба прызнаныя па справе пацярпелымі, але ў суд яны не з’явіліся.

Абвінавачаны раней не прыцягваўся да адказнасці, быў затрыманы 15 сакавіка і ў той жа дзень адпушчаны. У судзе ён цалкам прызнаў сваю віну і патлумачыў, што эмацыйна рэагаваў на тое, што адбываецца ў краіне пасля выбараў прэзідэнта ў мінулым годзе. Тэлеграм устанавіў напрыканцы жніўня, выкарыстоўваў яго па працы, а таксама чытаў навіны. Адзначыў, што калі пабачыў фота Балабы з ордэнамі на грудзях, то паддаўся агульным настроям, пад эмоцыямі пакінуў каментар, бо дзед Паўлюховіча прайшоў Вялікую айчынную вайну і меў толькі два медалі, а ў камандзіра АМАП – усе грудзі ў медалях. 

Не ведаў, што абмеркаванні ў чатах – гэта крымінальнае злачынства, за якое караюць. Прызнаў сваю памылку і быў гатовы выбачыцца асабіста, аднак не бачыў пацярпелых ні ў следчага, ні ў судзе.

Абвінавачаны таксама адзначыў, што ў яго хворая маці, якой неабходна тэрміновая аперацыя, але чарга можа дайсці праз тры гады толькі, яе пенсіі хапае толькі на лекі. Сам Паўлюховіч даглядае за маці і шукае другую працу, каб зрабіць аперацыю платна.

Падчас спрэчак бакоў Іна Зубко запрасіла для Юрыя Паўлюховіча пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады.

Абарона казала, што гэта максімальны тэрмін па арт. 369 КК, аднак трэба ўлічыць прызнанне віны і выбачэнні, усведамленне абвінавачаным неправамернасць сваіх дзеянняў. Адвакат прасіў прызначыць альтернатыўны від пакаранне, напрыклад штраф ці грамадскія работы.

У апошнім слове Юры Паўлюховіч сказаў, што гатовы панесці пакаранне, але прасіў не караць яго маці, якая выхавала яго годным чалавекам.

Суддзя Максім Трусевіч пастанавіў прызнаць Юрыя Паўлюховіча вінаватым паводле арт. 369 КК і асудзіць яго да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу (“хатняя хімія”), а таксама канфіскаваць у даход дзяржавы мабільны тэлефон маркі iPhone 11 як сродак учынення злачынства.


Зноў “Аднакласнікі”

За каментар, пакінуты ў Аднакласніках у дачыненні да інспектара ДАІ, па 369-м артыкуле Крымінальнага кодэкса 16 ліпеня асудзілі Марыну Бураўцову. Паседжанне праходзіла ў судзе Мінскага раёна, суддзя — Казей.

buraucova.jpg
Марына Бураўцова

“Я ўсвядоміла, што людзей нельга абражаць”, — сказала на судзе Марына Бураўцова. Яна папрасіла прабачэння за прынесеныя абразы і прасіла не караць строга.

 Суддзя вынес ёй прысуд у 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу. Таксама ёй трэба выплаціць 1000 беларускіх рублёў кампенсацыі маральнай шкоды пацярпеламу інспектару ДАІ.


Лукашэнка, Ярмошына, Карпянкоў, Касьянчык і суддзі… усе пацярпелі

Суддзя суда Кастрычніцкага раёна горада Віцебска Будрэвіч 12 ліпеня пачаў разглядаць крымінальную справу ў дачыненні да Андрэя Грывы. 40-гадовага мужчыну звінавацілі адразу па трох дыфамацыйных артыкулах крымінальнага кодэкса:

  • арт.369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады). Пацярпелыя: Нікалай Карпянкоў (былы кіраўнік ГУБАЗік), Лідзія Ярмошына (старшыня ЦВК), Аліна Касьянчык (пракурорка ў палітычна-матываваных крымінальных справах), Вадзім Дзянісенка (ваенаначальнік), Віктар Сташэнка ды іншыя.
  • арт. 391 КК (Абраза суддзі). Пацярпелыя: Марына Запаснік (суддзя суда Ленінскага раёна горада Мінска) і Наталля Бугук (суддзя суда Фрунзенскага раёна горада Мінска), вядомыя як суддзі, што выносілі палітычна-матываваныя прысуды.
  • арт. 368 КК (Абраза прэзідэнта). Пацярпелы Лукашэнка.

Усяго былі пакінутыя каментары ў бок дзесяці чалавек.

Андрэя Грыву судзілі па некалькіх эпізодах за зневажальныя каментары, якія ён пакідаў у сацсетках.

Напрыклад, у сакавіку 2021 ён пакінуў у сацсетках каментар пад пастом пра Карпянкова – “скотыня гнилая”. У лютым ён пракаментаваў пост пра Віктара Сташэнку двойчы: адзін з іх – “Чурок”. У лютым карыстальнік “Свобода Беларуси” таксама запосціў у адрас мужчыны у форменным абмундзіраванні УС і тэкстам:

“Вот это армейская […] в августе шилом своим […] протестуюших. Зовут это чудо ... Вадим Денисенко. Командующий войсками операций, в принципе на лице все написано”.

А таксама яшчэ адзін каментар – “Оскорбление в значении на лице написано.

Пад пастом пра смерць намесніка начальніка штаба УСС падпалкоўніка міліцыі Андрэя Кузьміча праз ковід – “За что боролся на то и напоролся, туда ему дорога”.

Андрэй Грыва цалкам прызнаў віну. Ён адмовіўся ад адваката.

“Азіраючыся назад, я разумею, што здзейсніў памылку, паддаўся эмоцыям. Была інфармацыя з аднаго боку, з іншага – я не ведаў, каму верыць. Гэта навука на ўсё маё жыццё. У мяне расце сын-інвалід, яму патрэбна дапамагаць. Я хачу жыць чэсна, я ніколі не парушаў літару закона і не ведаю, як так атрымалася. Хачу працаваць, як усе нармальныя людзі. За сваё жыццё я не скраў, не забіў, не абрабаваў. Прашу прызначыць якое-небудзь абмежаванне, каб я мог працаваць і сплаціць неабходную суму. Я шчыра хачу прынесці прабачэнні людзям, якіх я зняважыў. Я глыбока аб гэтым шкадую. Нават не ведаю, як пасля такога буду глядзець у вочы сыну і людзям. Не садзіце, калі ласка”.

Дзяржабвінаваўца Мацвеева распавяла, што віна даказваецца таксама аглядам мабільнага тэлефона, а таксама – вынікамі лінгвістычнай экспертызы. Згодна з ёй, у выказваннях прысутнічае ненарматыўная форма моўнага выразу, якая зневажае годнасць Лукашэнкі, суддзяў і прадстаўнікоў улады. І прасіла прызнаць Грыву вінаватым па ўсіх трох крымінальных артыкулах. Шляхам частковага складання прызначыць яму пакаранне ў два гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Суддзя Будрэвіч з гэтым пагадзіўся і вынес такі ж прысуд 14 ліпеня. Таксама Грыве патрэбна сплаціць матэрыяльныя кампенсацыі маральных пакут: Лідзіі Ярмошынай, Марыне Запаснік, Наталлі Бугук, Вадзіму Дзянісенка, Аліне Касьянчык — па 2 000 беларускіх рублёў, а Нікалаю Карпянкову — 1500 беларускіх рублёў.


Перайначылі лагатып — паздзекаваліся над гербам РБ

У Дрыбіне судзілі 22-гадовага мясцовага жыхара Дзмітрыя Краўцова і 32-гадовую жыхарку Мінскага раёна Вікторыю Жэрдзецкую, паведамляе MAYDAY. Згодна з матэрыяламі справы, яны на сваім Youtube-канале “з мэтай надання свайму каналу папулярнасці і дэманстрацыі свайго блюзнерскага стаўлення” перайначылі графічную выяву Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь. Атрыманы графічны малюнак абвінавачаныя выкарыстоўвалі пасля ў якасці лагатыпа Tеlеgгаm - і Youtube-каналаў, а таксама ў відэароліках, якія яны загрузілі на свой канал.

Жэрдзецкую і Краўцова абвінавацілі ў злачынстве паводле арт. 370 КК РБ (здзек над дзяржсімваламі).

Суд Дрыбінскага раёна прысудзіў Дзмітрыя Краўцова да трох месяцаў арышту, а Вікторыю Жэрдзецкую – да абмежавання волі на тэрмін 1 год без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу (“хатняя хімія”).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства