viasna on patreon

Пацярпелы і сведкі схаваныя за шырмай. Судовы працэс над Андрэем Сакалоўскім працягваецца

2021 2021-07-15T19:10:32+0300 2021-07-15T19:11:21+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sakalouski_1sud_2021-07-15.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Кастрычніцкага раёна горада Гродна 15 ліпеня працягнуўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Андрэя Сакалоўскага, які, паводле абвінавачвання, "з помсты, меў намер прычыніць боль 11 пацярпелым амапаўцам, пагражаў іх асабістай бяспецы". Усё — за падзеі 6 верасня 2020 года на вуліцы Гарнавых у горадзе Гродна, калі праходзілі акцыі пратэсту. Сакалоўскага абвінавацілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: арт. 342 КК РБ (арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і арт. 364 КК РБ (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).

Перад пачаткам суда над Андрэем Сакалоўскім
Перад пачаткам суда над Андрэем Сакалоўскім

Пацярпелыя амапаўцы былі дапытаныя судовых пасяджэннях 14 чэрвеня і 5 ліпеня. Яны супярэчылі сваім ранейшым паказанням, адмаўляліся ад сваіх ранейшых матэрыяльных патрабаванняў да абвінавачанага – больш падрабязна пра тое, як гэта было, чытайце тут:

У справе гарадзенца - адзінаццаць пацяперпелых амапаўцаў

У Кастрычніцкім судзе Гародні, сёння, 14 чэрвеня, пачаўся разгляд крымінальнай справы Андрэя Сакалоўскага.

Гародня: Адзінаццаць пацярпелых амапаўцаў блытаюцца ў паказаннях, суд здымае матэрыяльныя пазовы

У Кастрычніцкім судзе Гародні 5 ліпеня працягваецца разгляд крымінальнай справы Андрэя Сакалоўскага.

15 ліпеня працягнуўся допыт астатніх пацярпелых, а таксама сведкаў (тсупрацоўнікаў АУС).

Пацярпелы Базылевіч не з'явіўся, а Лісаў выступаў на судовым пасяджэнні, знаходзячыся за шырмай. Іх дадзеныя залегендзіраваны. Суддзя Маргарыта Ланцэвіч прапанавала яму прагледзець 10-хвілінны відэазапіс з падзей 6 верасня. Сябе там Лісаў ўбачыў тройчы (пазнаў сябе "па вачах"), а вось Сакалоўскага — ні разу.

"Не бачыў і на відэа Сакалоўскага няма, там мітусня была, я не ведаю хто мяне штурхаў. Я ў вочы Сакалоўскага не бачыў, не ведаю", — растлумачыў Лісаў.

Затым суд прыступіў да допыту сведак. Таксама за шырмай.

Сведка Валянцін Сташэўскі распавёў, што 6 верасня працаваў на вуліцы Гарнавых:

"Ішоў несанкцыянаваны мітынг, людзі ішлі на плошчу. Мы пабудаваліся ў шарэнгу, а людзі ўзяліся за рукі, нас штурхалі, спрабавалі зняць з нас маскі. [Затым] людзі адышлі назад і сталі разыходзіцца. Неслі бчб-сцягі, крычалі "Жыве Беларусь". Людзям казалі разысціся, яны не разыходзіліся. Затрымлівалі агрэсіўных мужчын, жанчын, каго не памятаю".

"А Сакалоўскага ведаеце?", — спытала абарона ў сведкі.

"Не", — адказаў той.

Не ведае Сакалоўскага і яшчэ адзін сведка — Ігар Шабанаў. 6 верасня ён нёс службу ў ДАІ, а затрыманняў на вуліцы Гарнавых не бачыў.

Сведка Ангеліна Нагорная таксама несла службу 6 верасня і таксама не ведае Сакалоўскага.

"Людзі выйшлі на праезную частку, на папярэджанні міліцыі не рэагавалі, супрацоўнікаў штурхалі, спрабавалі сарваць маскі, нанесці ўдары", — распавяла Нагорная на судзе.

"А калі людзі выйшлі на праезную частку?" — спытала ў яе абарона.

"Яны самі выйшлі на дарогу. Я знаходзілася бліжэй да моста. Памятаю, што яны ішлі па праезнай частцы. Прайшло шмат часу. Я не памятаю, калі людзі выйшлі на праезную частку"

Суддзя вырашыла паўтарыць выклік на судовы працэс неявившихся пацярпелага і сведкі. Акрамя гэтага, плануецца выклік 14-ці незалегендзіраваных сведак. У судзе абвешчаны перапынак да 19 ліпеня, на 14.45 гадзін.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства