"Прад'яўленае абвінавачванне складана разабраць нават юрысту". У судзе па "справе студэнтаў" працягнуліся спрэчкі бакоў
12 ліпеня ў судзе Савецкага раёна г. Мінска працягваюцца спрэчкі бакоў у працэсе па "справе студэнтаў".
Нагадаем, на мінулым пасяджэнні бок дзяржабвінавачання запрасіў для 11 абвінавачаных па справе 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі, а для Глеба Фіцнера, які прызнаў сваю віну, — 2 гады пазбаўлення волі. Таксама выступілі адвакаты Іллі Трахтэнберга, Вольгі Філатчэнкавай, Анастасіі Булыбенка, Ягора Канецкага, Касі Будзько, Марыі Каленік, Яны Арабейка, якія прасілі апраўдаць сваіх падабаронных. Адвакат Глеба Фіцнера прасіў суд скараціць для яго пакаранне да аднаго года пазбаўлення волі, які з улікам пераліку тэрміну ўтрымання ў СІЗА заканчваецца сёння.
"Ад далейшага лёсу гэтых маладых людзей залежыць і наш з вамі". У судзе па "справе студэнтаў" пачаліся спрэчкі бакоў
9 ліпеня ў судзе Савецкага раёна г. Мінска пачаліся спрэчкі бакоў па "справе студэнтаў".
Тэкставую онлайн-трансляцыю з залі суда вядуць "Вольны прафсаюз БДУ" і "Студэнцкая Думка".
Абарона Таццяны Екельчык: "Для дзеянняў, прад'яўленых у абвінавачванні, трэба быць асобай іншага маштабу"
Працэс 12 ліпеня пачаўся з выступу абаронцы Таццяны Екельчык. Адвакат кажа, што падабаронная абвінавачваецца ў арганізацыі акцый з верасня па лістапад 2020 года, але ў абвінавачванні няма ніякай канкрэтыкі, а "пытанні па сутнасці Екельчык нават не задаваліся". Па словах абароны, у абвінавачанай не даведаліся ні час, ні месца, ні спосаб учыненых дзей, тэзісы абвінавачвання не ўдалося пацвердзіць фактычнымі дзеяннямі, усе будуецца на здагадках.
Екельчык да судовых пасяджэнняў была знаёмая толькі з Іллём Трахтэнбергам, таму "змове і намеру няма было дзе паўстаць". Адвакат сцвярджае, што ў справе няма звестак аб тым, з кім, калі, якім чынам адбылася папярэдняя змова. Сам план і ролі ўдзельнікаў таксама ніяк не апісаныя.
Ніякіх заклікаў з боку Таццяны таксама не было. У абвінавачванні не пазначана, як менавіта і хто адрэагаваў на яе паведамленні ў чатах і перапісках, такім чынам, яна не магла выклікаць масавыя "хваляванні" сярод студэнтаў. Ніякіх паведамленняў у чат мехмата незадоўга да затрымання абвінавачаная не пісала, хоць гэта таксама ёй ставіцца ў віну.
Абцяжваючай акалічнасцю абвінавачванне лічыць здзяйсненне злачынства па палітычных і ідэалагічных матывах, але такія матывы не канкрэтызаваныя ў справе. Абарона акцэнтуе ўвагу на тым, што абмяркоўваемыя Таццянай Екельчык мінулыя выбары і іншыя пытанні ніяк не звязаныя з унутранай палітыкай дзяржавы, а Канстытуцыяй прызнаецца адсутнасць адзінай для ўсіх ідэалогіі, больш за тое, заахвочваецца разнастайнасць поглядаў.
"Тады чаму маёй падабароннай ставіцца ў віну распальванне ідэалагічнай варожасці? — задаецца пытаннем адвакат. — Для дзеянняў, прад'яўленых у абвінавачванні, трэба быць асобай зусім іншага маштабу, напрыклад, міністрам".
Дзеянні студэнтаў ні на адным мерапрыемстве грамадскі парадак не парушалі. На мехмаце ў асноўным студэнты збіраліся на чацвёртым паверсе і маўчалі, праходу іншых асобаў не перашкаджалі. Супрацоўнікі міліцыі ў ВНУ не з'яўляліся, свае патрабаванні да студэнтаў не выстаўлялі. Адміністрацыя ВНУ, нават калі выказаць здагадку, што ў іх былі просьбы да студэнтаў разысціся, не з'яўляюцца прадстаўнікамі ўлады.
Абарона сцвярджае, што ніводзін сведка і працаўнік БДУ не даў паказанняў аб тым, што Екельчык арганізоўвала акцыі. Сведка Мікалай Слабейка сказаў, што Таццяна была толькі актыўнай удзельніцай. Дэкан механіка-матэматычнага факультэта Сяргей Басякоў казаў, што яны з Іллём Трахтэнбергам сярод астатніх удзельнікаў акцый не вылучаліся. Намеснік дэкана Валерый Курсаў даў паказанні на судзе, што парушэнняў парадку і зрываў заняткаў не было, міліцыю не выклікалі.
"Падводзячы высновы, абвінавачванні, прад'яўленыя Екельчык, не адпавядаюць патрабаванням працэсуальнага закона і нічым не пацверджаныя фактычна", — заяўляе адвакат Екельчык і просіць апраўдаць дзяўчыну.
Абарона Аланы Гебрэмарыям: "Ёй ўласцівая эмпатыя, яна імкнулася дапамагаць людзям"
Адвакат Аланы Гебрэмарыям пачынае сваю прамову са слоў:
"Прад'яўленае абвінавачванне складана разабраць нават юрысту, не тое, што абвінавачаным".
І далей зачытвае нормы з Крымінальна-працэсуальна кодэкса, сцвярджае, што ёсць супярэчнасці ў абвінавачванні. Нагадвае, што адміністрацыя ВНУ не з'яўляецца прадстаўніком улады.
Паводле версіі следства, кожны з 12 абвінавачаных выпрацаваў абсалютна аднолькавы план, але пры гэтым з большага яны не былі паміж сабой знаёмыя:
"Мяркую, калі б такі грандыёзны план быў складзены імі ўсімі, пра гэта дакладна было б вядома".
Адвакат сцвярджае, што няма факту камунікацыі паміж абвінавачанымі, адпаведна немагчыма казаць пра нейкую змову.
Ніякіх канкрэтных дзеянняў Аланы па арганізацыі масавых мерапрыемстваў у справе не пазначана, лічыць абарона. Матэрыялы справы не ўтрымліваюць доказаў таго, што Гебрэмарыям схіляла людзей да ўдзелу ў акцыях. Да адной з канферэнцый у зуме яна падключылася ў канцы і казала толькі пра навучанне ва ўніверсітэтах за мяжой. Яна заўсёды старалася дапамагаць па меры яе магчымасцяў, якія абмяжоўваліся яе вопытам. Таму яна распавядала пра замежныя ВНУ. Няма ніякіх доказаў, што яна аказвала каму-небудзь матэрыяльную дапамогу. Таксама не прыведзена ніводнага прыкладу, калі Алана даводзіла да астатніх абвінавачаных інфармацыю аб арганізацыі акцый.
Ёсць яўка з павіннай і яе друкаваная копія, якая часткова не адпавядае арыгіналу. Адсутнічаюць даты злачынствы, што не адпавядае належнаму складанню абвінавачвання.
Адвакат кажа, што вельмі шкада, што такія маладыя людзі, якія маглі б стаць добрымі спецыялістамі, знаходзяцца пад вартай. Ідэалагічнай і палітычнай варожасці не магло быць у іх жаданні жыць без гвалту і ў выкананні законаў.
"Алана заўсёды была актыўным, таленавітым чалавекам, ёй ўласцівая эмпатыя, яна імкнулася дапамагаць людзям", — кажа адвакат і просіць апраўдаць палітзняволеную за адсутнасцю складу злачынства.
Абарона Ксеніі Сырамалот: "Абвінавачванні расплывістыя і галаслоўныя"
Абаронца Ксеніі Сырамалот кажа, што дзяўчына не хоча прызнаваць віну ў тым, чаго не здзяйсняла, а таксама падкрэслівае, што абвінавачванне складзена так, што ў ім складана разабрацца.
"У абвінавачванні павінна быць пазначана, якім чынам была ажыццеўлена арганізацыя акцый. Але абвінавачванні расплывістыя і галаслоўныя", — заяўляе адвакат.
Доказаў папярэдняй змовы таксама не было прыведзена. Нават пры прызнанні Глебам Фіцнерам поўнай віны, з яго боку не было дадзеных аб папярэдняй змове і ўдзеле ў ёй астатніх абвінавачаных, у прыватнасці Ксеніі Сырамалот.
Ніхто з абвінавачаных ні ў чым за межамі сваіх факультэтаў не ўдзельнічаў. У матэрыялах справы згадваюцца перапіскі Ксеніі з іншымі фігурантамі, у прыватнасці — з Ягорам Канецкім. Аднак у той перапісцы маладзёны абмяркоўвалі стварэнне прафсаюза, але гэта не ставіцца ім у віну. Ксенія займалася маніторынгам затрыманняў, што не забаронена законам.
Па словах адваката, у зум-канферэнцыях Ксенія прымала пасіўны ўдзел, а яе паведамленні ў чатах не маюць эфекту, які падахвочвае да дзеянняў. Ніякіх публічных заклікаў да ўдзелу ў масавых акцыях не было. Таксама няма доказаў таго, што дзяўчына адміністравала тэлеграм-каналы.
Абвінавачванне прадстаўлена ў арганізацыі 29 пратэстных акцый, але пра 23 з іх нічога не вядома. Адвакат адзначае, што ў матэрыялах справы Сырамалот зафіксаваная на фатаграфіі на акцыі 6 кастрычніка мінулага года: студэнты на прыступках пілі гарбату і падпісвалі паштоўкі палітвязням. Аднак, удзел у гэтай акцыі адсутнічае ў абвінавачванні. Адвакат робіць выснову, што яе можна лічыць правамернай.
Абарона адзначае, што навучальны працэс не парушаўся, ВНУ не прыпыняў сваю дзейнасць. Студэнты бралі ўдзел у акцыях толькі ў пазавучэбны час, на пераменах, за выключэннем 26 кастрычніка. Пры гэтым, на шум звярталі ўвагу толькі ахоўнікі, а не выкладчыкі, якія праводзілі заняткі.
Не знайшло пацверджання абвінавачванне ў стварэнні і распаўсюдзе друкаванай прадукцыі Ксеніяй, таму што такой прадукцыі не маецца. За дзеянні, якія прад'яўленыя абвінавачаным, прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.
Абарона прыходзіць да высновы, што аб'ектыўных доказаў удзелу ці арганізацыі акцый Ксеній Сырамалот няма, і просіць вынесці апраўдальны прысуд.
Абарона Вікторыі Гранкоўскай: "Шчыра здзіўленая пазіцыяй дзяржабвінаваўцы"
Адвакат Вікторыі Гранкоўскай цалкам падтрымлівае меркаванне калегаў: абвінавачванне мае абагульнены характар і не знайшло пацверджанняў вінаватасці палітвязняў. Віну Вікторыя не прызнала, яе паказанні супадаюць з паказаннямі іншых абвінавачаных.
Абарона ўказвае, што Георгій Вяршына, першы прарэктар БНТУ, у сваіх паказаннях заявіў, што не бачыў Гранкоўскую на страйку 26 кастрычніка, у судзе апазнаць яе не змог.
Адвакат акцэнтуе ўвагу на тым, што праца транспарту сарваная не была, праца ўніверсітэта не парушалася, не было блакавання праходаў на тэрыторыі БНТУ, акцыі праходзілі ў пазавучэбны час, зрыву заняткаў не было, а ўдзел Гранкаўскай дакладна не ўстаноўлены ні ў адной з акцый.
Таксама абаронца адзначыў, што Гранкоўская не магла арганізаваць акцыю 26 кастрычніка і ўдзельнічаць у ёй, бо на факультэце быў архітэктурны тыдзень і свабоднае наведванне заняткаў, а саму Вікторыю выклікалі на савет прафілактыкі ў сувязі з адміністрацыйным правапарушэннем у пачатку навучальнага года.
Па словах адваката, кожны са сведкаў ад БНТУ так і не змог патлумачыць, у чым заключаліся дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак, а сама фармулёўка з'яўляецца ацэначнай. Абарона прыводзіць вызначэнне паняцця "дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак" і робіць выснову, што акцыі на тэрыторыі БНТУ не падыходзяць пад яго. Адвакат просіць паставіцца да паказанняў сведак крытычна.
З прапанаваных абвінавачваннем звестак атрымліваецца, што не было дзеянняў, якія вымусілі адміністрацыю ВНУ звярнуцца да супрацоўнікаў міліцыі. Як і папярэднія адвакаты, абаронца Гранкаўскай падкрэслівае, што адміністрацыя ВНУ не з'яўляецца прадстаўніком улады. Указвае на строгія нормы тлумачэння, у сувязі з чым, на аснове наяўнасці здагадак, няма пацверджання віны Вікторыі ў інкрымінаваных артыкулах.
"Шчыра здзіўленая пазіцыяй дзяржабвінаваўцы аб меры пакарання", - кажа адвакат.
Абвінавачванне даказвае віну Вікторыі на аснове петыцый, знойдзеных у яе, і паведамленняў з перапіскі з Асей Булыбенка, дзе апошняя двойчы называе Гранкоўскую арганізатарам. Пры гэтым Вікторыя ўказвала на процілеглую мэту петыцый адносна меркаванай бокам абвінавачвання, а Ася Булыбенка ў судзе прасіла лічыць яе пісьмовыя паказанні несапраўднымі.
Абарона адзначае, што права на захаванне таямніцы асабістых паведамленняў і іншай інфармацыі ў тэлефоне падчас следства выканана не было: паведамленні, далучаныя да справы, былі асабістымі, і палітзняволеная не давала згоды на іх вывучэнне. Зыходзячы з гэтага, агляд яе тэлефона не мае юрыдычнай сілы.
Адвакат просіць прызнаць Вікторыю Гранкоўскую невінаватай і цалкам апраўдаць.
Пасля гэтага палітвязні выступілі з апошнім словам
"Таму і па сотні іншых прычын маім апошнім словам будзе – свабода"
Студэнтак і студэнтаў сталічных ВНУ Ксенію Сырамалот, Ягора Канецкага, Іллю Трахтэнберга, Таццяну Екельчык, Касю Будзько, Яну Арабейка, Вікторыю Гранкоўскую, Анастасію Булыбенка, Марыю Каленік, Глеба Фіцнера, выпускніцу БДМУ Алану Гебрэмарыям і выкладчыцу БДУІР Вольгу Філатчанкаву абвінавачваюць па ч. 2 арт. 17 ("злачынства, здзейсненае групай асоб па папярэдняй змове") і ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса ("актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак").
З усіх фігурантаў справы сваю віну прызнае толькі Глеб Фіцнер, астатнія настойваюць на сваёй невінаватасці
Справу вядзе суддзя Марына Фёдарава. Бок дзяржаўнага абвінавачвання прадстаўляюць Анастасія Маліка і Раман Чабатароў.