viasna on patreon

Мінгарсуд разгледзіць скаргу Людмілы Казак на рашэнне аб адмове ўзнавіць яе права на прафесію

2021 2021-06-16T12:16:34+0300 2021-06-16T12:36:11+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/liudmila_kazak.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Людміла Казак. Фота tut.by

Людміла Казак. Фота tut.by

Адвакат Марыі Калеснікавай Людміла Казак і яе прадстаўнік Віктар Мацкевіч абскардзілі рашэнне аб пазбаўленні яе адвакацкага статусу ў Мінскі гарадскі суд пасля таго, як суд Маскоўскага раёна Мінска адмовіў у задаволенні скаргі. Разгляд скаргі адбудзецца 17 чэрвеня а 14:00 у Мінгарсудзе. Нагадаем, што Міністэрства юстыцыі прыняло рашэнне аб пазбаўленні ліцэнзіі Людмілы Казак на падставе рашэння суда Кастрычніцкага раёна Мінска пасля таго, як яе скралі невядомыя ў цэнтры горада і даставілі ў ізалятар на Акрэсціна.

Абаронца з бездакорнай рэпутацыяй і 22-гадовым стажам працы ў адвакатуры ў скарзе адзначае, што рашэнне аб пазбаўленні яе ліцэнзіі парушае не толькі яе права на прафесію, але і права на юрыдычную дапамогу сваіх кліентаў. Людміла Казак і яе адвакат адзначаюць, што Міністэрства юстыцыі пры прыняцці рашэння не прывяло канкрэтных дзеянняў, якія можна расцэньваць як учынак, што дыскрэдытуе званне адваката.

Ці дыскрэдытаваў учынак Казак прафесію адваката?

Адвакат Марыі Калеснікавай адзначае, што пастанова Міністэрства юстыцыі, якая спыніла дзеянне ліцэнзіі, не змяшчае канкрэтнага апісання дзеянняў, абставінаў іх здзяйснення і ў чым яны праяўляюцца, як і не змяшчае абгрунтаванні таго, чаму гэтыя дзеянні дыскрэдытуюць прафесію.

Людміла Казак адзначае ў скарзе, што заключэнне Кваліфікацыйнай камісіі, якое з’яўлялася падставай для прыняцця рашэння Мінюстам, не грунтуецца на ўсебаковым і поўным даследаванні абставінаў. Адвакат мяркуе, што ацэнкі толькі пастановы суда аб прыцягненні яе да адміністрацыйнай адказнасці і рашэння вышэйстаячага суда па дадзенай справе недастаткова, паколькі Кваліфікацыйная камісія не ацэньвала самі дзеянні абаронцы, якія ў выніку былі расцэненыя чыноўнікамі як дзеянні, што дыскрэдытуюць адваката і адвакатуру.

Адвакат палітзняволенай Марыі Калеснікавай прыводзіць у якасці аргумента тое, што ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусь не вызначаны крытэрыі дзеянняў, якія дыскрэдытуюць званне адваката і адвакатуру, само паняцце з’яўляецца ацэначнай катэгорыяй. Сам факт прыцягнення да адказнасці не азначае, што дзеянні дыскрэдытуюць прафесію.

Падчас судовага паседжання прадстаўнікі Мінюста не змаглі адказаць на пытанні пазбаўленай ліцэнзіі адваката і яго прадстаўніка адносна таго, па якіх крытэрыях члены Кваліфікацыйнай камісіі Мінюста вызначылі, што ўчынак Людмілы Казак дыскрэдытуе званне адваката, як і не абгрунтавалі тое, чым кіраваліся члены калегіі Мінюста пры прыняцці рашэння аб спыненні дзеяння спецыяльнага дазволу на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці.

Важна адзначыць, што падчас разгляду скаргі ў судзе першай інстанцыі Людміла Казак заяўляла хадайніцтва аб выкліку і допыце кожнага члена Кваліфікацыйнай камісіі з мэтай устанаўлення аб’ектыўнасці прынятага рашэння аб спыненні дзеяння яе ліцэнзіі. Аднак суд адмовіў у задаволенні дадзенага хадайніцтва.

Якія міжнародныя арганізацыі выступілі ў падтрымку Людмілы Казак

У сродках масавай інфармацыі неаднаразова згадвалася, што нават нягледзячы на дэманстратыўна неправамернае затрыманне Людмілы Казак, яе наступныя дзеянні мелі высокую падтрымку сярод прафесійнай супольнасці, міжнародных арганізацый па абароне правоў чалавека, сярод кліентаў і грамадства ў цэлым.  Усё гэта сведчыць як раз не аб дыскрэдытацыі, а, наадварот, аб адпаведнасці высокаму званню адваката.

Так, яшчэ ўвосень мінулага года адразу пасля інцыдэнту з затрыманнем Савет адвакацкіх аб'яднанняў і юрыдычных супольнасцяў Еўропы звярнуўся да Лукашэнкі з заявай аб тым, што ў дачыненні да Людмілы Казак мае месца пераслед у сувязі з выкананнем прафесійных абавязкаў па абароне Марыі Калеснікавай і з патрабаваннем прыняць  усе меры для забеспячэння адвакатаў магчымасцю выконваць прафесійныя абавязкі, не баючыся санкцый, запалохванняў і іншых формаў пераследу з мэтай захавання незалежнасці інстытута адвакатуры.

У публічнай заяве па сітуацыі з правамі чалавека ў Рэспубліцы Беларусь Хельсінскі фонд па правах чалавека прызнаў, што пазбаўленне Людмілы Казак права на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці абумоўлена менавіта палітычнымі матывамі.

Інстытут міжнароднай асацыяцыі юрыстаў IBAHRI і фонд CFJ таксама асудзілі адвольнае пазбаўленне Людмілы Казак права на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці, расцэньваючы дзеянні Міністэрства юстыцыі як ціск на інстытут адвакатуры.

Федэральная палата адвакатаў Германіі звярнулася да Лукашэнкі з патрабаваннем спыніць пераслед адвакатаў.

Арганізацыя Lawyers for Lawyers выступіла з заявай аб сітуацыі з пазбаўленнем Людмілы Казак права на прафесію, у якім прызнае дзеянні Міністэрства юстыцыі адвольным умяшаннем у дзейнасць адвакатуры і заклікае ўлады гарантаваць усім адвакатам Беларусі магчымасць ажыццяўляць сваю дзейнасць без пагроз, запалохванняў, пераследу і рэпрэсій.

Рашэнне аб выключэнні з калегіі адвакатаў супярэчыць прынцыпу незалежнасці адвакатуры

Людміла Казак, абскарджваючы вырак суда, настойвае, што ацэнка дзеянняў адваката на прадмет іх адпаведнасці з Правіламі прафесійнай этыкі і наступнае прымяненне санкцый у сувязі з такой ацэнкай з боку Мінюста супярэчыць прынцыпу незалежнасці адвакатуры.

Ацэнка дзеянняў адваката на прадмет іх адпаведнасці з Правіламі прафесійнай этыкі і прымяненне санкцыі ў выглядзе спынення дзеяння ліцэнзіі ажыццяўлялася органамі, у якіх меркаванне адвакацкай супольнасці і органаў адвакацкага самакіравання не мела значэння.

У судзе першай інстанцыі было вызначана, што рашэнне аб спыненні дзеяння ліцэнзіі прынята калегіяй Мінюста, у склад якой уваходзяць выключна супрацоўнікі гэтай установы, а па сутнасці, дзяржаўныя службоўцы. У складзе Кваліфікацыйнай камісіі, на падставе заключэння якой прынята рашэнне аб спыненні статусу адваката, адвакаты складалі меншасць.

Прынцып незалежнасці адвакатаў з'яўляецца агульнапрызнаным прынцыпам міжнароднага права, сфармаваўшыся падчас працяглага выкарыстання ў праваўжывальнай практыцы. Асноўныя прынцыпы, якія тычацца ролі юрыстаў, маюць правіла, паводле якога юрысты праз свае адпаведныя і заканадаўчыя органы распрацоўваюць у адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам і звычаямі і прызнанымі міжнароднымі стандартамі і нормамі, кодэксы прафесійных паводзін.

Дысцыплінарныя меры ў дачыненні да юрыстаў разглядаюцца бесстароннім дысцыплінарным камітэтам, які стрвараюць юрысты, у незалежным органе, прадугледжаным законам, або ў судзе і падлягаюць незалежнаму судоваму кантролю. У іншым выпадку, калі дзяржава не забяспечвае рэалізацыі прынцыпу незалежнасці адвакатуры і грамадзяне не маюць доступу да юрыдычнай дапамогі, якая падаецца адвакатам, незалежным ад дзеянняў і рашэнняў дзяржаўных органаў, дадзенае права з'яўляецца неэфектыўным.

Такім чынам, Палажэнне аб ліцэнзаванні ў частцы паўнамоцтваў Мінюста пры ацэнцы дзеянняў адваката на прадмет іх адпаведнасці Правілам прафесійнай этыкі адваката, іх ужыванне на практыцы супярэчыць прынцыпу незалежнасці адвакатуры.

У той жа час, дысцыплінарныя камісіі МГКА і БРКА нават пасля таго, як пастанова суда па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні набыла моц, не знайшлі ў яе дзеяннях правіны, што дыскрэдытуе званне адваката і адвакатуру.

Права на абарону адваката парушылі тыя, хто пазбавіў яе ліцэнзіі

Людміла Казак адзначае ў скарзе і істотнае працэсуальнае парушэнне яе права на прафесію, якое выявілася ў невыкананні працэдуры, пасля якой яна была пазбаўлена ліцэнзіі. На яе думку, суд першай інстанцыі не даў ацэнкі таму, што на паседжанне Кваліфікацыйнай камісіі не быў дапушчаны яе адвакат.

Суд таксама не ўлічыў аргументаў боку заяўніка аб тым, што на калегію Мінюста, дзе прымалася рашэнне аб спыненні дзеяння ліцэнзіі на права ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці Людмілы Казак, ні яна, ні яе абаронца Віктар Мацкевіч, не былі запрошаны, адпаведна, яе бок у прынцыпе не меў магчымасці вылучыць аргументы ў абарону права Казак ажыццяўляць прафесійную абарону грамадзян.

Навіны па тэме пераследу Людмілы Казак:

Рэпрэсіі супраць адвакатаў працягваюцца: абаронцу Калеснікавай Людмілу Казак хочуць пазбавіць ліцэнзіі

Адваката Людмілу Казак хочуць пазбавіць ліцэнзіі з-за адміністрацыйнага правапарушэння 

Мінюст спыніў дзеянне ліцэнзій чатырох адвакатаў

Адвакат Людміла Казак у Вярхоўным судзе патрабуе скасавання пастановы па адміністрацыйнай справе

Суд адмовіўся задавальняць скаргу Людмілы Казак на рашэнне Мінюста аб пазбаўленні яе адвакацкага статусу

Даклад найбуйнешага ў свеце аб'яднання юрыстаў крытыкуе ўлады Беларусі за пазбаўленне ліцэнзій адвакатаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства