viasna on patreon

Даклад найбуйнейшага ў свеце аб’яднання юрыстаў крытыкуе ўлады Беларусі за пазбаўленне ліцэнзій адвакатаў

2021 2021-05-26T12:33:15+0300 2021-05-26T12:33:16+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/illustr_advokaty.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Амерыканская асацыяцыя юрыстаў (ААЮ) апублікавала даклад, у якім асуджае «адвольнае пазбаўленне ліцэнзій» беларускіх адвакатаў Людмілы Казак, Канстанціна Міхеля, Максіма Конана і Міхаіла Кірылюка, піша "Радыё Свабода".

Даклад падрыхтавалі вонкавыя кансультанты і юрысты Цэнтру правоў чалавека ААЮ, таму ў дакумэнце гаворыцца, што яго нельга разглядаць як афіцыйную пазыцыю ўсёй арганізацыі.

У дакладзе адзначаецца, што ўлады Беларусі выкарыстоўваюць карныя інструменты супраць тых юрыстаў, якія крытыкуюць урад альбо аказваюць юрыдычную дапамогу пратэстоўцам ці прадстаўнікам апазыцыі. «Пазбаўленьне ліцэнзій, якое разглядаецца ў гэтым дакладзе, гэта частка шырэйшай мадэлі рэпрэсій супраць юрыдычнай прафэсіі ў Беларусі, і гэтая мадэль уключае ў сябе розныя формы запалохваньня, пераследу і ўрадавага кантролю», — гаворыцца ў дакумэнце.

Камісія Міністэрства юстыцыі 19 лютага пазбавіла ліцэнзій адвакатаў Людмілу Казак, Канстанціна Міхеля, Максіма Конана і Міхаіла Кірылюка з фармулёўкамі, у якіх гаварылася пра «дыскрэдытацыю» імі прафэсіі і пра дзеянні, «несумяшчальныя» з адвакацкай дзейнасьцю. Аднак у дакладзе Амерыканскай асацыяцыі юрыстаў адзначаецца, што гэтыя адвакаты прадстаўлялі інтарэсы людзей у «палітычна далікатных» справах, у тым ліку ў справах аб затрыманні пратэстоўцаў і прадстаўнікоў палітычнай апазыцыі, а таксама рабілі публічныя заявы ці, як мяркуецца, пратэставалі супраць парушэння вяршэнства закону ў Беларусі.

«Пазбаўленьне іх ліцэнзій грунтавалася на адвольных падставах і служыла таму, каб запалохваць, перашкаджаць і пераследаваць юрыстаў і ўмешвацца ў іх працу, а таксама парушала іх фундамэнтальныя правы», — гаворыцца ў дакладзе.

Аўтары дакладу таксама звяртаюць увагу на прапанаваныя ўладамі змены ў закон аб адвакацкай дзейнасці, якія, на іх думку «яшчэ больш падарвуць незалежнасць адвакатаў і юрыдычнай прафэсіі». Паводле дакладу, пераслед адвакатаў, а таксама прапанаваныя змены ў закон «парушаюць фундамэнтальныя прынцыпы, якія абараняюць незалежнасць юрыдычнай прафесіі і яе ролю ў абароне правоў чалавека і вяршэнства закону ў дэмакратычным грамадстве».

У дакладзе згадваюцца іншыя выпадкі, калі беларускіх адвакатаў пазбаўлялі ліцэнзій пасля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 году і наступных за імі пратэстаў, гаворыцца пра «крымінальныя абвінавачанні, зьвязаныя з прафэсійнай дзейнасцю», супраць адвакатаў Максіма Знака, Іллі Салея і Ліліі Уласавай.

Амерыканская асацыяцыя юрыстаў (American Bar Association) — аб’яднаньне юрыстаў ЗША, якое прымае ў свае члены таксама і юрыстаў іншых краін. Гэта адна з найбуйнейшых асацыяцый у свеце, цяпер яна абʼядноўвае больш за 400 тысяч чалавек з усяго свету, сярод якіх шмат і студэнтаў юрыдычных факультэтаў універсітэтаў. Сярод асноўных мэтаў арганізацыі — распрацоўка этычных стандартаў для юрыстаў розных спецыялізацый.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства