viasna on patreon

Суд адмовіўся задавальняць скаргу Людмілы Казак на рашэнне Мінюста аб пазбаўленні яе адвакацкага статусу

2021 2021-04-16T11:40:20+0300 2021-04-16T12:03:59+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/01_kazak_20200910_zam_tutby_phsl.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У чацвер 15 красавіка ў судзе Маскоўскага раёна Мінска адбылося асноўнае пасяджэнне па грамадзянскай справе, у якім адвакат Марыі Калеснікавай Людміла Казак аспрэчвала рашэнне Міністэрства юстыцыі аб спыненні дзеяння спецыяльнага дазволу на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці. Суддзя Вольга Гусакова адмовіла ў задавальненні скаргі.

На мінулым тыдні 9 красавіка прайшло папярэдняе пасяджэнне, падчас якога бакі далі суду тлумачэнні адносна довадаў, выкладзеных у скарзе. У мэтах падрыхтоўкі разгляду справы судом дазволеныя хадайніцтвы Людмілы Казак, большая частка з якіх судом была задаволеная.

Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.BY
Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.BY

Хроніка пераследу Людмілы Казак

  • 24 верасня мінулага года супрацоўнікі міліцыі выкралі ў цэнтры Мінска Людмілу Казак. Пасля ночы, праведзенай у ізалятары, суддзя Кастрычніцкага раёна Мінска Аляксандр Рудэнка вынес рашэнне, якім прызнаў Казак вінаватай у непадпарадкаванні пры затрыманні і аштрафаваў яе на 25 базавых велічынь.
  • 20 студзеня пасля ўступлення судовай пастановы ў сілу дысцыплінарная камісія МГКА прыцягнула Людмілу Казак да дысцыплінарнай адказнасці: ёй быў абвешчана заўвага.
  • 19 лютага кваліфікацыйная камісія па пытаннях адвакацкай дзейнасці Мінюста вырашыла магчымым спыніць дзеянне ліцэнзіі на права ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці ў сувязі з выяўленым грубым парушэннем заканадаўства аб ліцэнзаванні, ліцэнзійных патрабаванняў і ўмоў. Такім парушэннем кваліфікацыйная камісія палічыла прыцягненне Людмілы Казак да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 23.4 КаАП.
  • 23 лютага Міністэрства юстыцыі прыняло рашэнне аб спыненні дзеяння ліцэнзіі на права ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці ў сувязі са здзяйсненнем правіны, не сумяшчальнай са званнем адваката, пералік якіх устаноўлены Правіламі прафесійнай этыкі адваката і зацвярджаецца Мінюстам.
  • 24 лютага спынена дзеянне ліцэнзіі, нягледзячы на тое, што скарга на пастанову па адміністрацыйнай справе на той момант яшчэ не была разгледжана Вярхоўным судом.

Пазіцыя Міністэрства юстыцыі

Рашэнне Мінюста аб спыненні дзеяння ліцэнзіі на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці прынята на падставе заключэння кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях адвакацкай дзейнасці, якую ўзначальвае намеснік міністра юстыцыі Мікалай Старавойтаў.

Кваліфікацыйная камісія палічыла, што Людміла Казак, здзейсніўшы адміністрацыйнае правапарушэнне, будучы спецыялістам у галіне права, не магла не ўсведамляць супрацьпраўнасць сваіх дзеянняў і наступстваў іх здзяйснення, такім чынам, дапусціла іх наўмысна. Тым самым, як паказана ў заключэнні кваліфікацыйнай камісіі, абаронца Марыі Калеснікавай здзейсніла дзеянні, якія дыскрэдытуюць званне адваката і адвакатуру, што ў адпаведнасці з правіламі прафесійнай этыкі з'яўляецца правінай, не сумяшчальнай са званнем адваката.

Правілы прафесійнай этыкі адваката прадугледжваюць, што ў выпадку парушэння адвакатам дадзеных правілаў абаронца прыцягваецца да дысцыплінарнай адказнасці, а ў выпадку здзяйснення правіны, не сумяшчальнага са званнем адваката, – выключаецца з тэрытарыяльнай калегіі адвакатаў. Ажыццяўляць прафесійную дзейнасць адвакат можа толькі ў складзе тэрытарыяльнай калегіі адвакатаў.

Учынак, які дыскрэдытуе званне адваката і адвакатуру

Пералік дзеянняў, якія дыскрэдытуюць званне адваката і адвакатуру, у заканадаўстве не замацаваны. Такім чынам, ацэнка ўчынку і прызнанне яго дыскрэдытуючым мае ацэначны характар.

Як адзначае ў скарзе Людміла Казак, пры ацэнцы дзеянняў, учыненых адвакатам, падчас прызнання або непрызнання іх дыскрэдытуючымі званне адваката і адвакатуру, варта браць пад увагу ўсе абставіны, пры якіх гэтыя дзеянні здзейсненыя, у тым ліку і ацэнку прафесійнай адвакацкай супольнасці.

Адвакат Марыі Калеснікавай падкрэслівае,што заключэнне кваліфікацыйнай камісіі, а таксама само рашэнне Мінюста аб спыненні дзеяння ліцэнзіі грунтуюцца толькі на факце пастановы суда, якая ўступіла ў законную сілу, якой Людміла Казак падвергнутая штрафу за непадпарадкаванне пры затрыманні.

Довады абаронцы пра абставіны яе затрымання і пра ацэнку іх адвакацкай карпарацыяй не былі прадметам разгляду на пасяджэнні камісіі. Больш за тое, намеснік міністра юстыцыі і старшыня кваліфікацыйнай камісіі Мікалай Старавойтаў на пасяджэнні заявіў, што пры прыняцці рашэння аб тым, ці дыскрэдытуе ўчынак званне адваката і адвакатуру, камісію не цікавіць нічога, акрамя факту ўступіўшай у сілу пастановы суда, якой Казак падвергнутая штрафу.

Усё гэта дазваляе зрабіць выснову аб тым, што заключэнне кваліфікацыйнай камісіі і рашэнне Мінюста прыняты на падставе абставінаў, якія вывучаліся не ў поўным аб'ёме, пры гэтым мелі важнае значэнне для прыняцця правільнага і абгрунтаванага рашэння.

Што наогул вывучала Кваліфікацыйная камісія, пазбаўляючы Людмілу Казак права на прафесію

На разгляд Кваліфікацыйнай камісіі, заключэнне якой паслужыла падставай для рашэння Мінюста аб спыненні дзеяння ліцэнзіі, былі прадстаўлены толькі пастанова суда Кастрычніцкага раёна Мінска ад 25 верасня без матывіровачнай часткі і пастанова Мінгарсуда ад 10 лістапада, пасля прыняцця якога адміністрацыйнае спагнанне ўступіла ў сілу.

У ходзе пасяджэння Людміла Казак настойвала, што для больш аб'ектыўнага рашэння членам Кваліфікацыйнай камісіі неабходна вывучыць:

  • скаргу БРКА ў МУС аб незаконнасці затрымання адваката;
  • зварот МГКА ў Мінгарсуд, у якім калегія выказвае меркаванне аб адсутнасці законных падстаў для затрымання адвакаткі Казак і, адпаведна, ставіць пад сумнеў законнасць і абгрунтаванасць пастановы суда Кастрычніцкага р-на;
  • пастанова дысцыплінарнай камісіі МГКА ад 20 студзеня, якім Казак абвешчана спагнанне ў выглядзе заўвагі, і з якога вынікае, што дысцыплінарная камісія ўгледзела толькі склад дысцыплінарнай правіны, не ўгледзеўшы пры гэтым дзеянняў, якія дыскрэдытуюць званне адваката і адвакатуру;

Старшыня кваліфікацыйнай камісіі і намеснік міністра юстыцыі Мікалай Старавойтаў адмовіўся далучаць да матэрыялаў пададзеныя дакументы, спаслаўшыся на тое, што яны не маюць ніякага значэння ў сітуацыі, якая разглядаецца.

Ужо пасля выключэння з калегіі адвакатаў БРКА разгледзела скаргу Людмілы Казак на пастанову дысцыплінарнай камісіі МГКА, пасля чаго прыйшла да высновы аб тым, што ў яе дзеяннях утрымліваецца склад правіны, якая цягне дысцыплінарную адказнасць, а не правіны, якая не сумяшчальна са званнем адваката, што прыводзіць да выключэння з тэрытарыяльнай калегіі адвакатаў.

Ці дапушчальна такое ўмяшанне Мінюста ў дзейнасць адвакатуры?

Закон "Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці" прадугледжвае, што незалежнасць адвакатаў пры ажыццяўленні прафесійнай дзейнасці і недапушчальнасць ўмяшання дзяржаўных органаў у гэтую дзейнасць з'яўляюцца фундаментальнымі прынцыпамі арганізацыі дзейнасці Інстытута адвакатуры. Закон аб адвакацкай дзейнасці таксама рэгламентуе, што дзяржава забяспечвае незалежнасць дзейнасці адвакатуры.

Важнай гарантыяй незалежнасці адвакатаў, прадугледжанай законам Аб адвакатуры, з'яўляецца дысцыплінарная працэдура. У сітуацыі з Людмілай Казак па сутнасці адны і тыя ж дзеянні пацягнулі розную ацэнку і наступствы. Дысцыплінарная камісія МГКА абвясціла спагнанне ў выглядзе заўвагі. Кваліфікацыйная камісія вынесла заключэнне, на падставе якога Мінюст прыняў рашэнне, у якім сказана, што дзеянні Людмілы Казак неабходна расцаніць як правіну, не сумяшчальную са званнем адваката, і якая цягне спыненне дзеяння ліцэнзіі на права ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці.

Людміла Казак прыходзіць да высновы: Міністэрства юстыцыі ажыццявіла ўмяшанне ў дзейнасць адвакатуры, не сумяшчальнае з прынцыпам яе незалежнасці і недапушчальнасці ўмяшання дзяржаўнага органа ў прафесійную дзейнасць адвакатаў.

Хто і як галасаваў на пасяджэнні кваліфікацыйнай камісіі, не зафіксавана

Людміла Казак звяртае ўвагу суда на тое, якім чынам пазначаны вынікі галасавання членаў Кваліфікацыйнай камісіі: 14 членаў прагаласавалі "за" спыненне дзеяння ліцэнзіі, 5 – "супраць". Аднак як менавіта прагаласаваў кожны з членаў камісіі, невядома.

Палажэнне аб Кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях адвакацкай дзейнасці прадугледжвае правіла, згодна з якім рашэнні дадзенай камісіі прымаюцца простай большасцю галасоў яе членаў, якія ўдзельнічаюць у пасяджэнні. З улікам таго, што ў ходзе пасяджэння пратакол не вядзецца, адсутнасць у заключэнні кваліфікацыйнай камісіі звестак аб тым, як галасаваў кожны з яе членаў, дазваляе паставіць пад аб'ектыўны сумнеў законнасць прынятага рашэння.

Дадзеныя абставіны дазваляюць прыйсці да высновы аб тым, што Міністэрства юстыцыі пры прыняцці рашэння аб спыненні дзеяння ліцэнзіі абапіралася на высновы заключэння Кваліфікацыйнай камісіі, абгрунтаванасць якога выклікае сумнеў.

У ходзе пасяджэння кваліфікацыйнай камісіі парушана права ліцэнзіята на абарону

Людміла Казак прыводзіць у якасці аргументу аб неправамернасці прынятага рашэння довады аб парушэнні яе права на абарону. Артыкулам 62 Канстытуцыі ўстаноўлена, што кожны мае права на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны сваіх правоў і свабод, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адваката ў судзе і дзяржаўных органах.

На пасяджэнне Кваліфікацыйнай камісіі без законных падстаў не дапусцілі да ўдзелу адваката Людмілы Казак, паўнамоцтвы якога пацверджаны належным чынам непасрэдна перад пасяджэннем. Такім чынам, заключэнне Кваліфікацыйнай камісіі прынята ў парушэнне канстытуцыйнага права на абарону ліцэнзіята.

Людміла Казак прасіла прызнаць рашэнне Міністэрства юстыцыі, якім яна пазбаўленая магчымасці ажыццяўляць прафесійную дзейнасць адваката, неправамерным і абавязаць дзяржорган ліквідаваць дадзенае парушэнне шляхам прыняцця рашэння аб аднаўленні дзеяння адвакацкай ліцэнзіі.

Чаму ва ўмовах прававога дэфолту важна абскардзіць рашэнне ў судзе

Праваабаронцы лічаць важным праводзіць стратэгічныя справы аб пазбаўленні адвакатаў права на прафесію нават нягледзячы на тое, што як такога правасуддзя, дзе адным з бакоў выступае дзяржава, у Беларусі цяпер няма. І самае галоўнае ў такой сітуацыі законнымі спосабамі адстойваць свае правы, нацэльваючыся на максімальна аб'ектыўнае і ўзважанае з пункту гледжання стандартаў правоў чалавека рашэнне Міжнароднага дамоўнага органа, якога немагчыма дамагчыся без праходжання нацыянальных інстанцый. Гэта вельмі значная і каштоўная праца для гісторыі ўсёй адвакатуры, якая будзе развівацца пад уплывам тых рашэнняў, якія ў свой час "наламала" дзяржава. Бесстароннюю ацэнку гэтаму дадуць адны з самых паважаных спецыялістаў у галіне права ў Камітэце па правах чалавека ААН.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства