viasna on patreon

1,5 гады “хіміі” і зламаныя рэбры за абразу Лукашэнкі. Як беларусаў судзілі за абразы прадстаўнікоў улады на гэтым тыдні

2021 2021-06-11T16:19:57+0300 2021-06-18T16:52:16+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/milicyja_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае маніторыць судовыя паседжанні па крымінальных справах, звязаных з нецярпімасцю беларускіх уладаў да любых формаў праявы пратэсту. Па дадзеных праваабаронцаў, самымі распаўсюджанымі крымінальнымі інструментамі рэпрэсій сёння з’яўляюцца пераслед па дыфамацыйных артыкулах: абраза прадстаўнікоў улады, суддзяў, міліцыянтаў, прэзідэнта (арт. 368, 369, 391 Крымінальнага кодэкса). Штодзень па ўсёй Беларусі адбываюцца суды па гэтых артыкулах. На гэтым тыдні прайшлі суды ў Светлагорску, Старых Дарогах, Бабруйску, Карэлічах, Дзятлаве і іншых гарадах за абразы прадстаўнікоў улады у розных сацсетках і па тэлефоне. 1,5 гады “хіміі” і зламаныя рэбры і сківіца за абразу Лукашэнкі на Берасцейшчыне, год калоніі бабруйчаніну за абразу Лукашэнкі, год “хіміі” за каментар пра міліцыянта ў Instagram і іншыя кейсы “Вясна” распавядае, каго і за што на гэтым тыдні судзілі ў Беларусі па дыфамацыйных артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

1,5 года «хіміі» за абразу Лукашэнкі. Пры затрыманні яму зламалі рэбры і сківіцу

Юрый Вінічук. Фота: spring96.org
Юрый Вінічук. Фота: spring96.org

Суд Брэсцкага раёна 9 чэрвеня асудзіў 40-гадовага Юрыя Вінічука да 1,5 года “хіміі” за абразу прэзідэнта па арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядаў суддзя Павел Главацкі, дзяржабвінавачвання падтрымлівала Наталля Шастачук.

Паводле абвінавачвання, днём 3 верасня 2020 года, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, маючы намер і мэту на абразу дзяючага прэзідэнта, Юры Вінічук пазваніў па нумары 102 і пры размове з аператарам у абразлівай форме выказаўся на адрас Лукашэнкі, чым здзейсніў яго публічную абразу. Ён жа ў гэты дзень у ходзе размовы з супрацоўнікамі Брэсцкага АУС у абразлівай форме зноў выказаўся ў адрас прэзідэнта ненарматыўнай лексікай. Сваімі дзеяннямі Юры Вінічук учыніў злачынства паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса. 

У судзе Юрый Вінічук віну прызнаў. Ён распавёў, што ў той дзень выпіваў з сябрам, спрачаліся аб тым, ці ёсць сэнс хадзіць на маршы пратэсту. Як такога намеру на абразу ў яго не было, але была крыўда за забойства Генадзя Шутава, якога ён асабіста ведаў. Таму вырашыў выказаць сваё меркаванне наконт тых падзей, што адбываліся ў краіне, і забойства Шутава. Абвінавачаны падумаў: “Навошта хадзіць са сцягамі, вазьму і пазваню”. Таму патэлефанаваў у міліцыю па нумары 102 і сказаў: “Лукашэнка під***с кончаны”. Яго спыталі, ці можа ён паўтарыць. Мужчына адказаў: “Канешне”, і яшчэ разоў пяць сказаў гэты выраз. Абвінавачаны сказаў, што яго “пазналі па голасе” і спыталі, дзе можна яго забраць. На гэта ён сказаў, што можа падыйсці сам, куда трэба. Калі супрацоўнікі міліцыі прыехалі, памятае, што сказаў ім, што выказваў сваё меркаванне, але не памятае, каб ізноў выказваў абразы ў адрас Лукашэнкі непасрэдна ў прысутнасці міліцыянераў.

У той жа дзень Юрыя Вінічука затрымалі і жорстка збілі ў пастарунку. У яго былі паламаныя рэбры і сківіца. Пазней быў асуджаны на 7 сутак адміністрацыйнага арышту, але ў ІЧУ яго прыняць адмовіліся праз стан здароўя. На пытанне дзяржабвінаваўцы, ці звяртаўся абвінавачаны з заявай аб збіцці, адказаў: “Я не той чалавек, я ведаў, за што атрымаў”.

Сведкі ў суд не з’явіліся, зачыталі іх паказанні, дадзеныя падчас папярэдняга следства.

Падчас спрэчак бакоў пракурор Наталля Шастачук прасіла суд прызнаць Юрыя Вінічука вінаватым па ч. 1 арт. 368 КК і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 1 год і 6 месяцаў. Менавіта такі прысуд і вынес суддзя Павел Главацкі.


Суд за ўлёткі з Лукашэнкам у Заслаўі

У судзе Мінскага раёна 10 чэрвеня пачаўся разгляд крымінальнай справы па арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза прэзідэнта) жыхароў Заслаўя Андрэя Жулякова і Аксаны Марцешкінай. Справу разглядае суддзя Антон Колабаў.

Андрэя і Аксану затрымалі ўначы  з 26 на 27 лютага за развешванне ў Заслаўі ўлётак з карыкатурамі Лукашэнкі. Пасля затрымання яны па трое сутак правялі ў ІЧУ на Скарыны, затым знаходзіліся пад хатнім арыштам. Марцешкіна на суд не з’явілася. Таму ў судзе быў абвешчаны перапынак для высвятлення прычын няяўкі.

Затым суддзя абвясціла перапынак у судовым працэсе да 16 чэрвеня і вынесла пастанову аб змяненні меры стрымання Аксане Марцешкінай. Пры затрыманні заключаць пад варту. Аксана выхоўвае пяцігадовую дачку.


2 гады калоніі за пагрозу гвалтам да супрацоўніка АУС і яго публічную абразу 

У судзе Дзятлаўскага раёна 9 чэрвеня да 2 гадоў калоніі асудзілі 37-гадовага Уладзіміра Сокала з Нававельні. Яго асудзілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: 364 і 369 (гвалт да супрацоўніка міліцыі і яго публічная абраза як прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў).

Згодна з матэрыяламі справы, Сокал у жніўні 2020 года ў адным з Telegram-чатаў апублікаваў абразлівыя паведамленні ў адрас супрацоўніка АУС з пагрозамі прымяніць да яго гвалт.

На падставе арт. 369 і арт. 364 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь Уладзімір пакараны двума гадамі пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Таксама з яго на карысць пацярпелага спагнаная грашовая кампенсацыя маральнай шкоды ў памеры адна тысяча рублёў. Мужчыну ўзялі пад варту ў зале суда.


У Старых Дарогах пачалі разглядаць справу за абразу Лукашэнкі 

7 чэрвеня ў судзе Старадарожскага раёна і г. Старых Дарог пачалі разглядаць справу 37-гадовага Мікалая Александрова. Яго абвінавачваюць па арт. 368 Крымінальнага кодэкса за абразы ў адрас Лукашэнкі. Справу раглядае суддзя Наталля Зык.

У судзе абвешчаны перапынак.


У Гродне за абразу Караева мужчыну асудзілі да 2 гадоў "хіміі"

malanchuk_grodna.jpeg
Сяргей Маланчук пасярэдзіне

Першага чэрвеня судовая калегія па крымінальных справах Гродзенскага абласнога суда пакінула ў сіле прысуд 34-гадоваму жыхару Гродна Сяргею Маланчуку, асуджанаму за абразу былога міністра МУС Юрыя Караева. Суддзя Ленінскага раённага суда Руслан Гурын 23 красавіка асудзіў Маланчука паводле артыкула 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады) на два гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу ("хімія"). Праваабаронца Раман Юргель, які назіраў за судовым працэсам, распавёў, што гарадзенца абвінавацілі ў размяшчэнні абразлівага каментара ў адрас Караева ў адным з тэлеграм-чатаў. Маланчук напісаў яго пад уплывам эмоцый пасля забойства Аляксандра Тарайкоўскага.

Падчас разгляду апеляцыйнай скаргі на прысуд у абласным судзе Сяргей Маланчук прасіў змяніць пакаранне з магчымасцю адбываць па месцы жыхарства ў Гародні, бо мае працу і ўтрымлівае сям'ю. Акрамя таго, ён кампенсаваў пазоў аб кампенсацыі Караеву маральнай шкоды і перавёў 3000 рублёў з Гродзенскі Дом дзіцяці для дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Маланчук адзначыў, што не змог асабіста прынесці прабачэнні пацярпеламу, бо не паспеў запісацца да яго на прыём. 

Пракурор Дзяніс Корда ж палічыў вынесенае пакаранне суразмерным зробленаму, бо сваімі выказваннямі Маланчук "нанёс шкоду аўтарытэту дзяржаўнай улады, прынізіў гонар і годнасць генерал-маёр Юрыя Караева", і папрасіў суд пакінуць прысуд ранейшым. Судовая калегія ў складзе суддзяў Андрэя Ліхача, Дзмітрыя Бубенчыка і Кулеша прыняла менавіта такое рашэнне.


1,5 гады "хатняй хіміі" за абразу суддзі 

Суд Мінскага раёна прызнаў 23-гадовую маладзечанку Кацярыну Гамолку вінаватай паводле артыкула 391 Крымінальнага кодэкса і прызначыў адзін год і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову – “хатняй хіміі”. Справу разглядзела суддзя Новікава, дзяржабвінавачанне падтрымлівала Котава.

Кацярыну Гамолку прызналі вінаватай у тым, што яна апублікавала каментар з ненарматыўнай лексікай у адрас суддзі на “Стране для жизни». Жанчына – маці дваіх маленькіх дзяцей. 

"Я вельмі шкадую і раскайваюся ў тым, што зрабіла. Калі б была магчымасць сустрэцца і пагаварыць з суддзёй Паляшчук, я б гэта зрабіла, каб папрасіць прабачэння", – сказала яна ў апошнім слове.


Год калоніі бабруйчаніну за абразу прэзідэнта

Суд Бабруйска і Бабруйскага раёна 10 чэрвеня прызнаў Дзмітрыя Бабка вінаватым паводле артыкула 368 Крымінальнага кодэкса і прызначыў пакаранне: год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Таксама яму прызначылі прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Справу разглядзеў суддзя Павел Карцінін.

У Дзмітрыя Бабка двое дзяцей, ён пазбаўлены бацькоўскіх правоў і сплочвае аліменты. Ён чыстасардэчна прызнаўся – гэта стала змякчальнымі абставінамі, але здзейсніў учынак у стане алкагольнага ап’янення, што дзяржабвінаваўца прыняў за абцяжарвальныя абставіны. Як і тое, што Бабок раней прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці.

“Прабачце, калі ласка, – сказаў Бабок у апошнім слове. – У мяне маленькія дзеці, іх трэба карміць. Больш такога не паўтарыцца. Калі трэба сплаціць штраф, я заплачу яго”.

Мужчыну ўзялі пад варту ў залі суда. 


"Выказваў сваю незадаволенасць тым, што адбываецца ў краіне». 3,5 гады калоніі за абразу Лукашэнкі і распальванне варожасці

Вярхоўны суд пакінуў у сіле прысуд жыхару Навагрудка Аляксандру Жмуро, асуджанаму па артыкулах аб абразе прэзідэнта (арт. 368 КК) і за распальванне варожасці на аснове іншай сацыяльнай прыналежнасці – у дачыненні да міліцыі (арт. 130 КК). Да затрымання Аляксандр Жмуро працаваў грузчыкам, у яго ёсць маленькае дзіця. 25 сакавіка Гарадзенскі абласны суд асудзіў яго да 3,5 гадоў калоніі агульнага рэжыму, а таксама да прымусовага лячэння ад алкагалізму (падчас разгляду ягонай скаргі на прысуд ён адмаўляў захворванне і прасіў скасаваць лячэнне).

Вядома, што справа аб абразе прэзідэнта была ўзбуджаная за каментар у тэлеграме, які Жмуро пакінуў 27 верасня. Што тычыцца артыкула 130 КК, то ў аснову крымінальнай справы ляглі паведамленні ў тэлеграме, якія Жмуро размяшчаў з ліпеня па кастрычнік 2020 года і якія, на думку следства і суда, утрымлівалі заклікі да агрэсіўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў АУС. Абвінавачваны віну прызнаў і раскаяўся. Ён адзначыў, што на самой справе не хацеў каго-небудзь абразіць, а выказваў сваю незадаволенасць тым, што адбываецца ў краіне.


У Светлагорску за каментар пра міліцыянта мужчыну да 2 гадоў «хіміі»

ynicki_90.jpeg
Аляксандр Юніцкі ў судзе. Фота: spring96.org

У Светлагорску 11 чэрвеня вынеслі прысуд мясцоваму жыхару Аляксандру Юніцкаму па справе пра абразу міліцыянта, піша «Палеская Вясна». Яго абвінавацілі па арт. 369 КК у тым, што ў жніўні мінулага года ў «Аднакласніках» напісаў каментар з аднаго слова «мразь» пад пастом пра тое, што інспектар ДПС маёр міліцыі Андрэй Баграёнак удзельнічаў у разгоне мірных сходаў і штрафаваў за падачу гукавых сігналаў салідарнасці. Крымінальную справу разглядала суддзя Галіна Гулевіч

У судовым паседжанні Аляксандр Юніцкі прызнаў сваю віну цалкам. Ён патлумачыў, што летась у жніўні чытаў навіны пра тое, што адбывалася ў Светлагорску, знаходзячыся на працы ў горадзе Каломна ў Расіі. Тое, што пісалі з Радзімы, выклікала ў яго моцныя эмоцыі. І пад уплывам эмоцыяў ён і напісаў абразлівы каментар. Пазней ён выдаліў гэты свой каментар і выдаліўся з суполкі «Светлик Светлогорск».

Пацярпелы Андрэй Баграёнак распавёў, што пра каментары з абразамі пад пастом пра яго ў Аднакласніках яму паведаміла жонка, якая падпісаная на суполку «Светлик Светлогорск». Пазней пра гэтае ж яму паведамлялі сябры. Дзяржабвінаваўца Дзяніс Раманчыкаў спытаў у пацярпелага якімі былі наступствы таго, што яго публічна абразілі ў інтэрнэце.

«Непрыемна было, калі сябры пыталі. Хацеў прынізіць – хай бы знайшоў мяне і ў твар сказаў», – адказаў Баграёнак.

Аляксандра Юніцкага пакаралі двума гадамі абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Таксама Гулевіч пастанавіла спагнаць з Юніцкага на карысць Баграёнка 1000 рублёў і канфіскаваць у яго мабільны тэлефон, з якога той змясціў каментар. Менавіта такое пакаранне прасіў падчас старшы памочнік пракурора Светлагорскага раёну Дзяніс Раманчыкаў.

За абразу маёра міліцыі Андрэя Баграёнка ў студзені 2021 года ўжо асудзілі яшчэ аднаго жыхара Светлагорска Валерыя Лозу. Ён змясціў эмацыйны каментар пад тым самым пастом у той самай суполцы ў Аднакласніках. Гэтая ж суддзя Галіна Гулевіч тады таксама пагадзілася з запытам гэтага ж абвінаваўцы Дзяніса Раманчыкава і прысудзіла Лозе 2,5 гады «хіміі».


1,5 года «хатняй хіміі» за абразу брэсцкага міліцыянта

Суд Маскоўскага раёна Брэста 11 чэрвеня асудзіў 26-гадовага супрацоўніка МТЗ Аляксандра Вараб’я па артыкуле 369 КК да аднаго 1,5 года «хатняй хіміі”. Пацярпелым па справе выступаў брэсцкі супрацоўнік міліцыі Шукайла, таму і суд адбываўся ў Брэсце.

Мужчыну прызналі вінаватым у тым, што ў кастрычніку 2020 года ён размясціў каментар пад пастом у суполцы “Карнікі Беларусі”, тым самым публічна абразіў супрацоўніка міліцыі Шукайла. Віна мужычыны, па словах дзяржабвінаваўцы Андрэя Манько, даказаная сведчаннямі абвінавачанага і пацярпелага, а таксама пісьмовымі матэрыяламі справы. 

Сваю віну Варабей прызнаў цалкам і сказаў, што шкадуе пра ўчынак.


Адзін год "хіміі" ў Карэлічах за каментар Instagram

4 чэрвеня ў г. п. Карэлічы да аднаго года «хіміі» паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса асудзілі 33-гадовага ўраджэнца Навагрудка Максіма Шырынскага. Яго абвінавацілі ў тым, што ён у сацыяльнай сетцы Instagram у пабліку @typicalborisov пад публікацыяй з фота старэйшага інспектара аддзела масавых мерапрыемстваў ГУУС Мінгарвыканкама падпалкоўніка міліцыі Дзмітрыя Кротава ў ліпені 2020 года пакінуў абразлівы каментар у нецэнзурнай форме на ягоны адрас.

Справу разглядала Ірына Каско, дзяржабвінавачанне падтрымліваў пракурор Навагрудскага раёна Аляксандр Шляжко.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства