viasna on patreon

Дзяржорганы ігнаруюць катаванні і бесчалавечнае абыходжанне ў ІЧУ

2021 2021-05-28T12:09:17+0300 2021-05-28T12:11:44+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/katavanni_ichu_1be.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

"Факты неналежных умоў у ЦІП і ІЧУ ГУУС Мінгарвыканкама, а таксама ў ІЧУ г. Жодзіна не пацвердзіліся", - такі адказ дзяржаўных органаў на калектыўную скаргу (петыцыю) грамадзянаў на катаванні і бесчалавечнае абыходжанне да тых, хто адбывае адміністрацыйны арышт.

Нагадаем, 17 сакавіка на сайце Зручны горад была апублікаваная петыцыя "Аб спыненні жорсткага абыходжання і катаванняў у ізалятарах часовага ўтрымання і Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў". У ёй былі адлюстраваныя толькі самыя асноўныя і абмяркоўваемыя парушэнні: нетлумачэнне правоў і абавязкаў, перапоўненасць камер і недахоп ложкаў для кожнага арыштанта, нявыдача матрасаў, коўдраў, пасцельнай бялізны і іншых неабходных прыладаў, адсутнасць пітной вады, ежа нездавальняючай якасці і недастатковай колькасці, антысанітарнае становішча і нездавальняючая тэмпература ў камерах, адсутнасць мераў засцярогі ад COVID-19, адсутнасць прагулак, душа, кантактаў з навакольным светам (неатрыманне і неадпраўка карэспандэнцыі), немагчымасць абскардзіць дзеянні супрацоўнікаў ІЧУ і рашэнне суда.

Падпішы петыцыю аб спыненні катаванняў у ІЧУ

Адміністрацыйна затрыманыя і арыштаваныя пасля вызвалення масава заяўляюць аб наўмысным невыкананні патрабаванняў заканадаўства датычна ўмоваў іх ўтрымання ў ізалятарах часовага ўтрымання ў Мінску, Жодзіна і іншых гарадах.

За тыдзень петыцыя сабрала 2012 подпісаў і была адпраўленая ў шэсць дзяржаўных органаў, у кожнага з якіх ёсць паўнамоцтвы рэагавання на падобныя парушэнні:

  • Галоўнае ўпраўленне ўнутраных спраў Мінгарвыканкама,
  • Міністэрства ўнутранных спраў,
  • Пракуратуру горада Мінска,
  • Пракуратуру па Мінскай вобласці,
  • ДУ "Рэспубліканскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі Дэпартамента фінансаў і тылу Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь",
  • Жодзінскі ГАУС.

Заяўнікі патрабавалі ад названых дзяржорганаў:

  1. Аднавіць парушаныя невыкананнем умоў утрыманняў правы людзей;
  2. Правесці поўную, аб'ектыўную і ўсебаковую праверку;
  3. Ліквідаваць відавочныя і грубыя парушэнні ўмоў утрымання, а таксама парушэнні, якія маюць разавы або лакальны характар.

З пяці атрыманых адказаў тры - апавяшчэнне аб перанакіраванні звароту ў ніжэйстаячыя інстанцыі для разгляду па сутнасці ў межах кампетэнцый. А ГУУС Мінгарвыканкама далучыла петыцыю да зваротаў, вывучаных раней, і заявіла, што адпаведныя адказы ўжо былі дадзеныя. 

Жодзінскі ГАУС адказаў, што не было ўстаноўлена дзеянняў супрацоўнікаў ІЧУ, якія б закраналі інтарэсы заяўнікаў, а факты са скаргі на парадак і ўмовы ўтрымання не знайшлі свайго пацверджання. 

"Парушэнняў дзеючага заканадаўства з боку супрацоўнікаў АУС не ўстаноўлена", - адзначыў на заканчэнні начальнік Жодзінскага ГАУС В. Трацюк.

Дзяржаўная ўстанова "Рэспубліканскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі дэпартамента фінансаў і тылу Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь" правёў праверку з выездам спецыялістаў на месца, па выніках якой "факты, выкладзеныя ў петыцыі, таксама не пацвердзіліся".

Акрамя таго, у адказе РЦГіЭ пазначана, што "на названых аб'ектах праводзяцца пэўныя заканадаўствам прафілактычныя мерапрыемствы па папярэджанні ўзнікнення і распаўсюджвання вострых рэспіраторных інфекцый (у тым ліку каранавіруснай інфекцыі), а таксама іншых інфекцыйных захворванняў". Такімі мерапрыемствамі, на думку намесніцы начальніка РЦГіЭ А. Уткінай, лічацца "мерапрыемствы, накіраваныя на крыніцу інфекцыі і на перапыненне шляхоў перадачы інфекцыі, арганізацыйныя мерапрыемствы, іншыя супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы, якія спрыяюць мінімізацыі рызык узнікнення і прадухілення распаўсюджвання інфекцыйных захворванняў".

Што тычыцца прыёму перадач адміністрацыйна арыштаваным і затрыманым, то ён ажыццяўляецца згодна графіку, устаноўленнаму начальнікам установы.

Аднак праваабаронцы "Вясны" адзначаюць, што згодна з патрабаваннямі заканадаўства, такія адказы дзяржорганаў нельга прызнаць належнымі, а калектыўны зварот - разгледжаным па сутнасці.

Так, згодна з ч. 1 арт. 14 Закона "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб", пісьмовыя звароты лічацца разгледжанымі па сутнасці, калі разгледжаныя ўсе выкладзеныя ў іх пытанні, прыняты належныя меры па абароне, забеспячэнню рэалізацыі, аднаўленню правоў, свабод і (або) законных інтарэсаў заяўнікаў і ім накіраваныя пісьмовыя адказы. У арт. 18 Закона замацавана, што адказы на звароты павінны быць абгрунтаванымі і матываванымі, утрымліваць канкрэтныя фармулёўкі, якія аспрэчваюць або пацвярджаюць довады заяўнікаў. А арт. 22 Закона патрабуе разгляд калектыўных зваротаў больш за 30 заяўнікаў з выездам на месца. З пяці інстанцый дадзенае патрабаванне было выканана толькі адной.

Дарэчы, гэта была не адзіная петыцыя, следам за ёй з'явілася яшчэ адна петыцыя супраць катаванняў у ЦІП на Акрэсціна, якая сабрала амаль тысячу подпісаў і атрымала аналагічны адказ.

Нягледзячы на тое, што дзяржаўныя органы заплюшчваюць вочы на шматлікія парушэнні ўмоў утрымання, жорсткае абыходжанне ў ІЧУ ўсё яшчэ не спыняецца. Сведчаннямі гэтаму па-ранейшаму выступаюць каментары людзей, якія адбылі арышт або затрыманне і выходзяць са сцен ІЧУ на Акрэсціна і ў г. Жодзіна.

«У жодзінскім ІЧУ ставілі на расцяжку і білі па шчыкалатках». Як сядзеў на «сутках» арыштаваны за БЧБ-скрыню ад тэлевізара LG

27-гадовы Андрэй Пархоменка цяпер адпачывае пасля 15-сутачнага арышту. Падчас адбыцця пакарання ён захварэў на COVID-19, таму цяпер аднаўляе здароўе і сілы.

У камеры на два месцы дзевяць чалавек, у душ – у кайданках. Як цяпер на сутках сядзяць дзяўчаты

За апошні месяц да праваабронцаў "Вясны" паступіла шмат сведчанняў пра значныя пагаршэнне ўмоў утрымання не толькі ў мінскіх ЦІП і ІЧУ, але і ў ізалятарах па ўсёй краіне: збіццё, адабранне матрасаў, адсутнасць перадач, здзекі з боку супрацоўнікаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства