Затрыманні ў Жабінцы, ператрус у сяброўкі Каардынацыйнай рады: хроніка палітычнага пераследу ў Беларусі 26 траўня
26 траўня Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
Дзе і як шукаць затрыманых у Мінску?
Сабралі інфармацыю аб тым, куды можна звяртацца, каб даведацца, дзе знаходзіцца затрыманы.
Менск
У Аксаны Зарэцкай, бізнес-трэнеркі і сяброўкі асноўнага складу Каардынацыйнай рады, цяпер праходзіць ператрус.
Жабінка
Як паведамляюць «Белсату» жыхары Жабінкі, сёння ў іхным горадзе сапраўдная міліцэйская аблава.
Людзей масава затрымліваюць, а ў іхных дамах адбываюцца ператрусы. На гэты момант вядома пра мінімум пяцярых затрыманых. Гэта Святлана Аксюцік, Дзмітрый Лісічык, Дзмітрый Супрун, Аляксандр Мяснікоў і Аляксандр Дарафееў.
У Святланы Аксюцік ператрус адбыўся не толькі ўдома, але і на працы – у краме, якая належыць жанчыне. А Дзмітрый Лісічык толькі ўчора вызваліўся з ІЧУ Берасця пасля шасці содняў арышту.
У ноч з 17 на 18 траўня на адной са сметніц гораду з’явіліся надпісы і партрэты Лукашэнкі. Пасля чаго распачалі крымінальную справу, у межай якой сілавікі і чыняць гэтую аперацыю.
Баранавічы
У судзе горада Баранавічы і Баранавіцкага раёна адбыўся перагляд справы праваабаронцы Аляксандра Вайцешыка. Быў апытаны сведка — міліцыянт Ермакоў, ахоўнік на судзе па крымінальнай справе, які і паведаміў суддзі Кміце, што Вайцешык нібыта запісвае нешта на камеру. Доказаў у суда не было, сам Вайцешык пацвердзіў, што ён толькі веў запіс на дыктафон, але суддзя Аксана Копач прысудзіла Вайцешыку восем сутак. Паколькі ён ужо столькі адседзеў, зараз ён на свабодзе і ўжо падаў на гэты суд скаргу ў Брэсцкі абласны суд.
Нагадаем, 14 красавіка ў судзе Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы затрымалі мясцовага праваабаронцу «Вясны» Аляксандра Вайцешыка, які ажыццяўляў маніторынг судовага працэсу. На наступны дзень стала вядома, што яго арыштавалі на 15 сутак па артыкуле 25.1 КаАП — непавага да суду. У знак пратэсту на незаконнае затрыманне і несправядлівы арышт Аляксандр абвясціў галадоўку. 22 красавіка абласны суд задаволіў скаргу праваабаронцы і выпусціў яго на волю, прызначыўшы перагляд справы.
Праваабаронца Аляксандр Вайцешык: «Мяне асудзілі на 15 сутак за тры хвіліны»