Human Rights Watch: Беларусь прабівае новае дно ў пераследах нязгодных
Шакуючы крок беларускіх уладаў, якія прымусова пасадзілі ў нядзелю на сваёй тэрыторыі рэйс авіякампаніі Ryanair дзеля затрымання актывіста Рамана Пратасевіча і ягонай дзяўчыны Сафіі Сапегі - гэта не толькі абуральнае парушэнне міжнароднага права, але і жорсткая дэманстрацыя таго, наколькі далёка рэжым гатовы зайсці для падаўлення іншадумства. Пра гэта гаворыцца ў заяве Human Rights Watch, апублікаванай на сайце арганізацыі.
Жыццё Рамана ў сур'ёзнай небяспецы. Ён адміністраваў Telegram-канал Nexta, які асвятляў і часткова каардынаваў масавыя пратэсты пасля скандальных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 9 жніўня мінулага года. Цяпер Пратасевічу можа пагражаць да 15 гадоў турмы па абвінавачванні ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Канал Nexta забаронены ў Беларусі як "экстрэмісцкі", а сам Пратасевіч унесены ў спіс "асобаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".
"Па ўсім, што нам вядома пра беларускую праваахоўную сістэму, рызыкі таго, што і ён, і Сафія Сапега могуць падвергнуцца катаванням, вельмі высокія. Цалкам неабходна ўсебакова падтрымаць пазіцыю вядучых беларускіх праваабарончых груп, якія заклікалі неадкладна вызваліць затрыманых і даць ім магчымасць пакінуць краіну, калі яны выкажуць такое жаданне", - падкрэслівае намесніца дырэктара Human Rights Watch па краінах Еўропы і Цэнтральнай Азіі Рэйчэл Дэнбер.
Прымусовая пасадка рэйса - гэта і сігнал грамадзянскай супольнасці аб тым, што ўлады не спыняцца ні перад чым, каб расправіцца з нязгоднымі. У мінулую нядзелю яны максімальна даходліва паказалі тым, хто, магчыма, яшчэ не зразумеў гэтага за мінулыя дзевяць месяцаў, што ў гэтым пытанні для рэжыму няма мяжы беззаконню, няма мяжы жорсткасці.
У верасні мінулага года беларускія ўлады ўжо выкралі трох беларускіх апазіцыйных актывістаў і прымусова адвезлі на ўкраінскую мяжу. У іх ліку была Марыя Калеснікава, якой давялося парваць свой пашпарт, каб пазбегнуць прымусовага выправаджэння з краіны. Пасля гэтага яе арыштавалі па надуманай справе аб змове з мэтай захопу ўлады і стварэнні экстрэмісцкага фармавання.
Улады таксама пагражалі пазбаўленнем бацькоўскіх правоў грамадзянам, якія ўдзельнічалі ў пратэстах, і журналістам-расследавальнікам. Людзі падвяргаюцца пераследам і санкцыям нават проста за нашэнне або дэманстрацыю бел-чырвона-белай сімволікі і сцяга Беларускай Народнай Рэспублікі 1918 года.
Для барацьбы з нязгоднымі ўжываецца маніпуляванне судаводствам. За ўдзел у пераважна мірных пратэстах дзясяткі тысяч чалавек былі адвольна затрыманыя, сотні прайшлі праз катаванні. У дзясятках праваабарончых груп і рэдакцый прайшлі ператрусы, цэлы шэраг актывістаў і журналістаў арыштаваныя па надуманых абвінавачваннях у масавых беспарадках, ухіленні ад выплаты падаткаў і т. п.
Палітычныя лідары па абодва бакі Атлантыкі з поўнай падставай заяўляюць аб неабходнасці Міжнароднага крымінальнага расследавання інцыдэнту з самалётам, і такое расследаванне, сапраўды неабходна. Але ва ўсёй гэтай гісторыі нельга забываць аб тым, што Раману Пратасевічу і Сафіі Сапега павінна быць забяспечана абарона, а беларускай грамадзянскай супольнасці – падтрымка ад замахаў з боку рэжыму, які страціў тармазы.