viasna on patreon

За абразу драгічынскага міліцыянта ў "Аднакласніках" мужчыну асудзілі на 1,5 года "хатняй хіміі"

2021 2021-05-26T13:48:37+0300 2021-06-30T00:07:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/adnaklasniki_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

У судзе Маскоўскага раёна Брэста 25 траўня асудзілі на 1,5 года "хатняй хіміі" ўраджэнца Драгічына Аляксандра Кумірава за абразу прадстаўніка ўлады па арт. 369 Крымінальнага кодэкса. Мужчыну прызналі вінаватым у абразе ў каментары ў "Аднакласніках" драгічынскага міліцыянта Юрыя Чарнышкова. Таксама суд абавязаў Кумірава кампенсаваць пацярпеламу міліцыянту 1000 рублёў маральнай шкоды, піша брэсцкая "Вясна". Справу разглядала суддзя Марыя Аліферук, дзяржабвінавачванне падтрымлівала пракурорка Бялт. 

Паводле версіі абвінавачвання, 13 жніўня 2020 Аляксандр пакінуў абразлівы каментар на старонцы карыстальніцы з нікнэймам "Вера Канавалава". У той нататцы "Веры Канавалавай" сцвярджалася, што драгічынскі міліцыянт Юрый Чарнышкоў 10 жніўня 2020 "збіваў дзяўчыну рукамі і нагамі на плошчы навідавоку ў людзей". А Куміраў пакінуў да гэтага каментар, які пачынаўся са слоў "меў з ім справу", і які змяшчаў лаянкавае слова. На судзе каментар цалкам агучаны не быў.

Куміраў на судзе распавёў, што раней сустракаўся з праваахоўнікам, калі той яшчэ быў інспектарам па справах непаўналетніх. У жніўні 2020 мужчына не ведаў, што той усё яшчэ з'яўляецца дзеючым супрацоўнікам. Юрый прызнаў, што пакінуў каментар са зняважлівым словам. І заявіў, што цалкам прызнае віну.

Пацярпелы міліцыянт Юрый Чарнышкоў, які цяпер з'яўляецца оперупаўнаважаным АБЭЗ у Драгічынскім раёне, распавёў на судзе што з-за таго, што адбылося ў яго здарылася два інсульты, быў інсульт у яго маці. Таксама пра тыя абвінавачванні ў збіцці даведаліся шматлікія сваякі. Таму ён заявіў пазоў на пакрыццё маральнай шкоды на суму 3000 рублёў. Яшчэ Чарнышкоў адзначыў, што не здзяйсняў тых дзеянняў, якія фігуравалі ў публікацыі.

Абвінавачаны Куміраў, які выступіў пасля міліцыянта, сказаў, што не ведаў пра праблемы з сям'ёй і са здароўем Чарнышкова, прынёс прабачэнні. Але адзначыў, што, па яго думку, сума пазову завышаная. І спытаў у Чарнышкова, ці толькі ад яго каментара пахіснулася здароўе супрацоўніка. Міліцыянт адказаў, што не ад аднаго каментара. Куміраў падкрэсліў, што [матэрыяльна] гатовы папрасіць прабачэння менавіта за сваё лаянкавае слова, і папрасіў увайсці ў яго матэрыяльнае становішча (мужчына ўтрымлівае сям'ю з чатырма дзецьмі).

Дзяржабвінаваўца Бял запрасіла для абвінавачанага пакаранне: 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову ("хатняя хімія"). Таксама прасіла задаволіць пазоў Чарнышкова на пакрыццё яму маральнай шкоды сумай у 3000 беларускіх рублёў.

Суддзя Аліферук прызначыла менавітае такое пакаранне, якое прасіла пракурорка – паўтары гады "хатняй хіміі". Акрамя таго, суддзя пастанавіла кампенсаваць міліцыянту 1000 рублёў маральнай шкоды.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства