viasna on patreon

На судзе па "справе студэнтаў" выступаюць сведкі - прадстаўнікі адміністрацыі БДУ Дапоўнена

2021 2021-05-17T18:37:05+0300 2022-05-12T18:58:34+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/studenty_in_prison_.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Калаж з сайта dumka.me

Калаж з сайта dumka.me

Суд Савецкага раёна на выязным пасяджэнні ў Доме правасуддзя 17 траўня працягвае разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да студэнтаў сталічных ВНУ.

На лаве падсудных 12 фігурантаў: студэнткі і студэнты Ксенія Сырамалот, Ягор Канецкі, Ілля Трахтэнберг, Таццяна Екельчык, Кася Будзько, Яна Арабейка, Вікторыя Гранкоўская, Анастасія Булыбенка, Марыя Каленік, Глеб Фіцнер, выпускніца БДМУ Алана Гебрэмарыям і выкладчыца БДУІР Вольга Філатчанкава. Усіх іх абвінавачваюць па ч. 2 арт. 17 ("злачынства, здзейсненае групай асоб па папярэдняй змове") і ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса ("актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак")

Справу вядзе суддзя Марына Фёдарава.

"Справа студэнтаў". У абвінавачванні змяшаліся санкцыі ЕC і ЗША, Ціханоўская, парушэнне працы ВНУ і транспарту

У Мінску працягваецца працэс па "справе студэнтаў". 12 фігурантаў судзяць за арганізацыю пратэстаў, якія пасля выбараў праходзілі ва ўніверсітэтах, піша TUT.BY.

17 траўня ў працэсе ў палітвязняў спыталі, ці прызнаю яны сваю віну. Кася Будзько і Яна Арабейка сказалі, што сутнасць абвінавачвання ім незразумелая, Глеб Фіцнер прызнаў віну, астатнія фігуранты справы сваю віну не прызналі. Тэкставую анлайн-трансляцыю з залі суда вядзе "Вольны прафсаюз БДУ".

Суд перайшоў да допыту сведак. Першым выступаў прарэктар БДУ Іван Янушэвіч. Ён паказаў, што яму не вядома пра факты зрыву заняткаў, навучальны працэс ва ўніверсітэце праходзіў па плане. Асабіста знаёмы толькі з Іллём Трахтэнбергам. Таксама сведка растлумачыў суду, што асабіста не бачыў акцыі студэнтаў, дае паказанні са слоў супрацоўнікаў, чые прозвішчы і пасады назваць не можа. Паводле яго слоў, ніхто не звяртаўся з дакладной запіскай аб тым, што акцыі перашкаджаюць нармальнай працы ўстановы. Івану Янушкевічу вядома, што ў тэлеграм-каналах былі заклікі да страйку, але хто менавіта заклікаў - не ведае. На пытанне аднаго з абаронцаў, ці забаронена было раней збірацца і спяваць у будынку ўніверсітэта, сказаў, што раней ніхто не збіраўся і не было забаронена. Пасля паправіў сваю фразу на "не дазволена".

У судзе былі агучаныя паказанні Івана Янушкевіча, якія ён даваў на папярэднім следстве, з-за істотных супярэчнасцяў. Так, на допыце сведка падрабязна апісваў колькасць удзельнікаў і час акцый, якія праводзяцца, сцвярджаў, што акцыі парушалі навучальны працэс, а сам сведка ведаў і астатніх абвінавачаных.

Наступнай у якасьці сьведкі была дапытаная намесніца дэкана хімічнага факультэта БДУ Наталля Санкевіч. Яна памятае толькі адну акцыю студэнтаў, якая праходзіла 26 кастрычніка 2020 года. Сцвярджае, што студэнты выкарыстоўвалі бчб-сцягі, выкрыквалі лозунгі, але хто канкрэтна браў удзел – сказаць не можа. Таксама яна сцвярджае, што назірала акцыю, хоць вокны яе кабінета не выходзяць на двор, дзе праходзіла мерапрыемства. Ніхто з абвінавачаных ёй не знаёмы.

Па словах сведкі, навучальны працэс "песенныя" акцыі не парушалі, бо праходзілі ў перапынках, усе заняткі праходзілі ў поўным аб'ёме. Аднак гіпатэтычна ўдзельнікі акцыі часткова заміналі перамяшчэнню па універсітэту. Хто быў лідэрам такіх мерапрыемстваў, сведка не ведае, бо быў рандомны набор студэнтаў.

- Ці перашкаджалі асабіста вам гэтыя мерапрыемствы на працы?

- Гэта дадатковы кавалак працы. Гэта быў пэўны аб'ём працы да іншых абавязкаў.

На пытанне, у сувязі з чым былі арганізаваныя акцыі, сказала, што іх называлі акцыямі салідарнасці з тымі, хто пацярпеў. Пракурор спытаў, пацярпеў ад чаго, Наталля Санкевіч нервова пасмяялася і адказала: "Ад сілавых структур, напэўна, цяпер ужо складана сказаць".

Аднак падчас следства, Санкевіч паказвала, што ў адміністрацыю звярталіся студэнты, якія сцвярджалі, што акцыі перашкаджаюць іх нармальнаму існаванню ў сценах факультэта.

Наступнай у якасці сведкі выступіла начальніца ўпраўлення выхаваўчай працы з моладдзю БДУ Кацярына Зуева. Яна знаёмая з адной абвінавачванай - Ксеніяй Сырамалот, бо раней была намеснікацай дэкана факультэта, дзе навучаецца дзяўчына.

Ксенія займала пазіцыю намесніка старшыні творчага саюза, з боку выкладчыкаў да яе не было заўваг, акадэмічных запазычанасцяў – няма.

Характэрна, што ў пратаколе допыту следчага паказанні Кацярыны Зуевай запісаныя ў тым ліку з дакладнай фармулёўкай арт. 342 КК. Абарона пацікавілася, ці чытала яна кодэкс, на што сведка адказала, што не цалкам. Аднак у судзе пацвердзіла, што пратакол запісаны быў з яе слоў, "раз так там напісана".  

Далей у якасці сведкі выступіла намесніца дэкана юрфака БДУ Ганна Бакун. Яна патлумачыла, што акцыі былі не масавыя і кароткачасовыя, не перашкаджалі перамяшчэнню, пра факты зрыву навучальнага працэсу ёй не вядома.

Сведка сказала, што прастора перад будынкамі юрфака і хімфака – тэрыторыя горада, а значыць мерапрыемствы там павінны былі быць узгодненыя з Мінгарвыканкамам. Хто каардынаваў акцыі – яна не ведае, пра тое, навошта студэнты збіраліся, трэба пытацца ва ўдзельнікаў. Зрыву заняткаў не было. Пры гэтым студэнтаў ВНУ збіралі на прафілактычныя гутаркі, таксама паступалі скаргі ад студэнтаў платнага навучання, што яны нібыта хацелі б атрымліваць якасную адукацыю. Прозвішчы тых, хто звярнуўся, агучаныя не былі. Выкладчыкі са скаргамі не звярталіся, але на думку Ганны Бакун, акцыі, безумоўна, адцягвалі ад працы.

Наступным у якасці сведкі выступіў прадстаўнік БДУ Фёдар Драбеня. Ён распавёў у судзе, што зрываў заняткаў не было, але было дыскамфортна, "спачатку былі спевы, а потым пачалася дзвіжуха", калідоры падчас акцый былі забітыя, а прайсці – немагчыма.

- Вы былі падпісаныя на тэлеграм-канал "БДУ 97"?

- Як і ўсе замдэканы. Мы сочым, што робяць нашы студэнты.

Кагосьці з абвінавачаных сведка ведае, кагосьці – не.

- Кагосьці з адміністратараў каналаў ведаеце?

- На жаль, не.

Распавёў таксама, што студэнты-замежнікі спалохаліся акцый, але ўсе звароты да яго былі ў вуснай форме.

Сведка растлумачыў, што акцыі "айчынных" студэнтаў былі для таго, каб "папіярыцца", "пазбіраць лайкі", але "яны не ведалі, у што ўвязваліся".

Фёдар Драбеня кантраляваў працэс сходу студэнтаў на акцыях, прапаноўваў іх перайсці з лесвіцы ў хол, як у менш небяспечнае месца, пасля праводзіў асабістыя прафілактычныя гутаркі з тымі, каго пазнаваў у натоўпе ўдзельнікаў акцый.

"Я ўжыў максімум сваіх абаяння і харызмы, каб трымаць акцыі ў правільным рэчышчы", - сказаў сведка.

Пры гэтым ён лічыць, што ад правядзення акцый быў нанесены псіхалагічны дыскамфорт, хоць праца факультэта не спынялася. На пытанне абароны, ці маглі студэнты ўплываць на сітуацыю ў краіне, Фёдар Драбеня адказаў, што "студэнты не здольныя на такія маштабныя дзеянні".

"У нас была дамоўленасць з імі, што яны не будуць парушаць навуковы працэс і ўсе спевы будуць на перапынках".

Пры гэтым сведка сказаў, што "студэнтаў не адлічылі, усе сышлі па ўласным жаданні".

Адзін з абаронцаў заявіў, што Фёдар Драбеня перагаварыў з іншым сведкам у калідоры. Адвакат запатрабаваў запісы з камер відэаназірання суда, каб даказаць факт перамоваў паміж сведкамі. Таксама, абаронца запатрабаваў не прымаць да увагі сведчанні Драбені.

Судовае пасяджэнне працягнецца 18 траўня.

Інфармацыя будзе дапоўненая

Суд па "справе студэнтаў": у залю пусцілі толькі родных, некаторых з групы падтрымкі - затрымалі

Раніцай 14 траўня каля Дому правасуддзя сабралася шмат людзей, якія прыйшлі на суд па так званай "справе студэнтаў". Аднак нават у будынак суда пускалі толькі блізкіх сваякоў і дзяржаўныя СМІ. Нават бабуль і дзядуляў абвінавачаных не пусцілі ў залю суда нібыта праз недахоп месцаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства