Мужчыну асудзілі на два гады калоніі за нацягнуты дрот паміж рэек, хаця ніякіх наступстваў не было
У судзе Пухавіцкага раёна на працягу некалькіх дзён красавіка праходзіла судовае пасяджэне па справе Сяргея Розума, узбуджанай паводле ч. 1 арт. 309 Крымінальнага кодэкса – “наўмысныя пашкоджанне або прывядзенне іншым спосабам у непрыдатны для эксплуатацыі стан сродкаў чыгуначнага транспарту, шляхоў зносін, збудаванняў на іх, сродкаў сігналізацыі або сувязі, калі гэтыя дзеянні маглі пацягнуць смерць чалавека, крушэнне, аварыю альбо іншыя цяжкія наступствы”. Сёння быў агучаны прысуд - 2 гады пазбаўлення волі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" распавядае пра гэты судовы працэс.
Справу разглядаў суддзя Сяргей Васілеўскі. Бок дзяржабвінавачвання прадстаўляла Надзея Каліта.
У чым вінавацілі Сяргея Розума?
Паводле абвінавачвання, 14 снежня 2020 года Сяргей Розум здзейсніў злачынства супраць бяспекі руху чыгуначнага транспарту.
У тэлеграм-каналах неўстаноўленныя асобы размясцілі заклікі па масавым дэструктыўным уздзеянні грамадзянамі на аб'екты і інфраструктуру Беларускай чыгункі, у прыватнасці на прылады і абсталяванне, якія прызначаныя або выкарыстоўваюцца пры ажыццяўленні працэсу перавозкі – транспартнае абсталяванне. Дадзеная інфармацыя і дзеянні па яе распаўсюду мелі на мэце падахвочванне і заклікі да масавага здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў на аб'ектах чыгункі і пераследвалі задачу па дэстабілізацыі яе нармальнага функцыянавання. Пры гэтым неўстаноўленныя асобы ў дадзеных закліках размясцілі інструкцыі і парады па замацаванні на чыгуначных шляхах металічных нітак, дратоў і іншых аналагічных прадметаў, якія выклікаюць замыканне рэйкавых ланцугоў і падачу фальшывага сігналу аб занятасці ўчастка чыгуначнага шляху, што прыводзіць у непрыдатнасць для эксплуатацыі сістэму аўтаматычнай блакіроўкі руху.
Паддаўшыся такім заклікам і дзейнічаючы па матывах палітычнай варожасці, якая выявілася ў непрыязнасці да дзеянняў і рашэнням органаў дзяржаўнай улады, а таксама супрацьпастаўленні сябе існуючаму канстытуцыйнаму ладу, дзеючай палітычнай сістэме, Сяргей Розум 14 снежня ў перыяд часу з 23.00 па 23.20, знаходзячыся на чыгуначных шляхах у раёне сёмага пікету 436 кіламетра, размешчанага паблізу пасёлка Мар'іна Пухавіцкага раёна, наўмысна прымацаваў металічны дрот паміж дзвюма чыгуначнымі рэйкамі праз абмотванне яго вакол рэек. У выніку яго дзеянняў каля 23.20 гадзін адбылося замыканне рэйкавага ланцугу названага ўчастка, на нявызначаны тэрмін быў пададзены ілжывы сігнал па занятасці ўчастка чыгуначанага шляху, што абмяжоўвала на яго ўезд пры яго фактычна свабодным стане. Тым самым была прыведзена ў непрыдатнасць для эксплуатацыі сістэма аўтаматычнай блакіроўкі руху цягнікоў. Прычыненая шкода беларускай чыгунцы ацэненая ў 7 рублёў 67 капеек.
Віну Сяргей Розум прызнаў, але не згодны з абвінавачваннем у той частцы, што ён супрацьпастаўляў сябе існуючаму канстытуцыйнаму ладу і меў матыў палітычны варожасці.
Пад вартай абвінавачаны знаходзіцца з 15 снежня 2020 года.
Што казаў абвінавачаны?
Сяргей Розум распавёў, што ўвечары 14 снежня знаходзіўся ў гаражы ў п. Мар'іна, дзе рамантаваў свой матацыкл. Некалькі разоў стэлефанаваўся з таварышамі, абмяркоўвалі нядзельную гульню ў страйкбол, потым вырашыў паглядзець навіны ў Інтэрнэце. На вочы ў тэлеграм-канале "Кіроўцы 97%" яму трапілася інфармацыя аб тым, як замкнуць рэйкі: дрот, замацаваны на рэйках, мяняе колер семафора, і рух цягнікоў спыняецца.
"Я не разумеў, як мяняцца сігнал семафора і як рэйкі звязаныя паміж сабой, і пры чым тут дрот. Гэты момант мне стаў цікавы", - патлумачыў абвінавачаны ў судзе.
Потым Сяргей Розум узяў тонкі медны дрот, скручаны з некалькіх кавалкаў, пайшоў да чыгункі, знайшоў семафор ў бок Мар'інай горкі, нікому не казаў пра тое, што збіраецца рабіць. Быў абуты ў чорныя ваенныя берцы 42 памеру, апрануты ў ваенны касцюм. Цягнікі не праходзілі. Мужчына падняўся на адхон, нацягнуў паміж рэйкамі дрот, паглядзеў на сігнал семафора - ён не змяніўся. Потым пайшоў у гараж, пасля на машыне паехаў да бацькоў - там пераапрануўся і пераабуўся з працоўнага адзення, а затым накіраваўся дадому.
На наступны дзень у 6.30 раніцы пастукалі ў дзверы - там былі міліцыянты, якія сказалі не чапаць тэлефон, апрануцца, выйсці і сесці ў машыну.
Абвінавачны сказаў у судзе, што да канца не разумеў усіх наступстваў, бо не ведаў, як працуе сістэма чыгункі.
Суддзя Сяргей Васілеўскі пытаўся:
“Для чаго трэба было пакідаць дрот, пераканаўшыся ў тым, што ён не паўплываў на працу найбліжэйшага светлафора? У вас тэхнічная адукацыя, вы дарослы чалавек, які рэалізаваўся, і не маглі прадбачыць магчымасць нейкіх наступстваў у выніку вашых дзеянняў? Гэта напэўна і адрознівае дарослага чалавека ад дзіцяці, што дарослы чалавек мае здольнасць у сілу атрыманых ведаў і практычнага вопыту бачыць наступствы сваіх дзеянняў. Як растлумачыць вашы паводзіны?”
Абвінавачаны сказаў, што ў яго не было мэты спыняць цягнік, ён таксама ведаў, што інтэнсіўны рух электрычак раніцай і днём, таму да чыгункі пайшоў позна ўвечары.
На пытанні дзяржабвінаваўцы растлумачыў, што быў падпісаны на телеграм-канал Nexta, аднойчы адправіў туды знятае відэа – рух браняванай тэхнікі, але адказу не атрымаў. У несакнцыянаваных мітынгах удзелу не прымаў, але прыходзіў на перадвыбарчыя пікеты ў час агітацыі.
Цяпер Сяргей Розум усвядоміў, што яго ўчынак мог прывесці да сур'ёзных наступстваў. Сказаў, што калі б убачыў, што сігнал святлафора змяніўся, то ён быў забраў дрот і задаволіў бы сваю цікаўнасць.
"Супрацоўнікі БЧ своечасова знайшлі дрот, затрымкі руху цягнікоў не адбылося". Пра што казалі сведкі?
Пасля гэтага ў судзе дапыталі сведак.
Першым выступаў работнік БЧ Смаляк, які на момант падзей выконваў абавязкі начальніка ўчастка. Увечары яму паведамілі, што гарыць паведамленне аб ілжывай занятасці на ўчастку чыгункі недалёка ад ст. "Тэхнікум", трэба ехаць на месца і глядзець, што адбылося. Выехалі разам з Яўгенам Данілевічам. Пайшлі шукаць на паказаным участку, сведка зачапіў нагой дрот і не заўважыў, але неўзабаве ім патэлефанаваў дзяжурны і паведаміў, што ілжывая занятасць на дарозе знятая. Тады яны развярнуліся і пайшлі назад, выявілі ўжо сарваны дрот, знялі яе з аднаго боку рэек. Дрот не паўплываў на рух цягнікоў, але калі б яго не знялі – былі б затрымкі. Па словах сведкі, калі на шляхах ёсць занятасць, то мяняе сігнал святлафор, які знаходзіцца на наступнай станцыі - у дадзеным выпадку, у двух кіламентах ад нацягнутага дроту. Пры гэтым дзяжурны па станцыі можа папярэдзіць машыніста цягніка, калі ўзнікаюць непрадбачаныя сітуацыі. І сам машыніст можа ўбачыць у лакаматыўнай сістэме змены сігналаў святлафора і распачаць экстранае тармажэнне.
Наступным выступаў электрамеханік сігналізацыі святла Яўген Данілевіч. Ён распавёў, што дзяжурны па станцыі паведаміў яму аб тым, што адзін з участкаў перагону ў кірунку Рудзенска заняты. Ён патэлефанаваў Смаляку, заехаў за ім і яны разам паехалі на перагон - пайшлі па шляхах на ўчастку. Не даходзячы да сігнальнага пункту №17 метраў 100-150 каля п. Мар'іна, была выяўлены дрот - Смаляк разарваў яго, зачапіўшы нагой. Пасля чаго патэлефанаваў дзяжурны і сказаў, што ілжывая занятасць ліквідаваная. Вярнуліся і знайшлі рэшткі дроту. Дзяжурны сказаў, што супрацоўнікі міліцыі таксама знаходзяцца каля станцыі.
“Дыспетчарская цэнтралізацыя кантралюе кожны маленькі ўчастак, на якія разбіты перагон, і дазваляе пазнаваць, дзе менавіта знаходзіцца няспраўнасць. Калі цягнік набліжаецца на адлегласць меншае тармазнога шляху да святлафора, а прапускалы сігнал зменены на чырвоны, то машыніст абавязаны прымяніць экстранае тармажэнне.
14 снежня супрацоўнікі БЧ своечасова знайшлі дрот, затрымкі руху цягнікоў не адбылося”, - сказаў Данілевіч.
Яшчэ адзін сведка - участковы Пухавіцкага РАУС, распавёў, што ў той вечар дзяжурыў і каля 23 гадзін вечара атрымаў паведамленне аб спрацоўванні аўтаматыкі па закарочванні рэек. З калегам выехалі на месца, спрабавалі знайсці месца пашкоджання, пазней паведаміў дзяжурны па станцыі, што работнікі БЧ выявілі дрот, тады міліцыянты паехалі да іх. Там была выяўленая следавая паласа на снезе - адзіныя сляды, якія вялі да месца злачынства. На месца прыбыў супрацоўнік са следчай групы і ўчастковыя разам з ім пайшлі па слядах - дайшлі да дому бацькоў абвінавачанага. У дом не заходзілі, але паведамілі начальству ў РАУС, асоба падазраванага ўстанаўлівалася па нумарах на машынах, што стаялі каля дому. Аналагічныя сляды былі выяўленыя і побач з месцам пражывання самога абвінавачанага.
У тым ліку асоба Сяргея Розума была ўстаноўленая і па базе "Беспарадкі", у якую ўключаныя ўсе, хто здзяйсняў адміністрацыйныя правапарушэнні пасля прэзідэнцкіх выбараў.
Пасля суд перайшоў да вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы і рэчыўных доказаў.
У другі дзень суда быў дапытаны яшчэ адзін сведка – дзяжурны па станцыі. У 23.20 ён убачыў занятасць ўчастка ў п. Мар'іна: такая індыкацыя з'яўляецца пры наяўнасці рухомага саставу, а паколькі дзяжурны ведаў, што там не можа быць цягніка, ён вырашыў, што гэта няспраўнасць. Ён выклікаў супрацоўнікаў БЧ і паведаміў у міліцыю. Ліквідацыя няспраўнасці заняла каля 40 хвілін. Па словах дзяжурнага, рухомы састаў павінен быў адправіцца ў 23.25, але быў затрыманы з-за дроту на некалькі хвілін, шкоды чыгунцы не было прычынена.
Пракурор запрасіла два с паловай гады пазбаўлення волі
У спрэчках пракурор сказала, што віна Сяргея Розума цалкам даказаная паказаннямі самога абвінавачанага, паказаннямі сведак і пісьмовымі матэрыяламі па справе.
Палітычны матыў яго дзеянняў даказаны тым, што Розум знаходзіцца ў базе "Беспарадкі", дзе зафіксавана, што ён на пікетах у падтрымку Ціханоўскай негатыўна выказваўся ў адрас дзеючай дзяржаўнай улады, а таксама перапіскай з жонкай, дзе яны перасылаюць адзін аднаму паведамленні з дэструктыўных тэлеграм-каналаў, і тым, што сам абвінавачаны быў падпісаны на шэраг тэлеграм-каналаў, у тым ліку "Кіроўцы 97%", дзе публікаваліся заклікі да замыкання чыгуначных шляхоў, інструкцыі па канспірацыі і бяспецы. Сувязь Сяргея Розума з дэструктыўнымі тэлеграм-каналамі, на думку дзяржабвінавачання, падцвярджаецца і адпраўленым ім відэа. Таксама абвінавачаны ўсведамляў грамадскую небяспеку сваіх дзеянняў, так як сам мае тэхнічную адукацыю і ведае, як працуюць электрычныя ланцугі.
Прасіла суд прызнаць Розума вінаватым і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 2 гады і 6 месяцаў.
Адвакат лічыць, што дзеянні работнікаў БЧ па прадухіленні непаладак настолькі добра адладжаныя, што ў дадзенай сітуацыі наогул не існавала верагоднасці таго, што могуць наступіць такія транспартныя здарэнні, якія пацягнулі б прычыненне шкоды маёмасці, жыццю і здароўю грамадзянаў і экалагічнай бяспецы. Больш за тое, з паказанняў самога абвінавачанага зразумела, што ён выбраў менавіта такі прамежак часу, калі дакладна ведаў, што не будзе праходзіць ніякіх пасажырскіх цягнікоў.
На думку абароны з-за дзеянняў Сяргея Розума сапраўды магла быць парушаная праца Беларускай чыгункі, аднак толькі ў выглядзе негатыўнага ўплыву на нармальнае забеспячэнне, якое ажыццяўляецца БЧ. Матыў палітычнай варожасці не даказаны ў дастатковай меры, а ўнясенне абвінавачанага ў базу "Беспарадкі" не можа служыць доказам такога матыву, бо ён удзельнічаў у законных перадвыбарных мерапрыемствах. Прасіла выключыць гэтую акалічнасць з абвінавачвання, бо яна не знайшла дакладнага пацверджання.
Што тычыцца прызначэння пакарання, то ч. 1 арт. 309 КК прадугледжвае шэраг альтэрнатыўных пакаранняў пазбаўленню волі: і арышт, і штраф, і абмежаванне волі, і нават вызваленне ад крымінальнай адказнасці. Абвінавачванне прапанавала прызначыць найбольш цяжкі від пакарання і амаль максімальны яго памер па дадзеным артыкуле.
Шкоду, прычыненую дзеяннямі Розума, была кампенсаваная ў поўным аб'ёме, што з'яўляецца змякчальнай акалічнасцю.
"І так, як унутры сябе асуджае абвінавачаны – напэўна ніякае пакаранне не параўнаецца з гэтымі пакутамі сумлення. Са снежня месяца, не падумаўшы перш за ўсё пра сваю сям'ю, сваёй цяжарнай жонцы, пакінуў іх на волю лёсу. Ён – адзіны чалавек, на якога жонка магла абаперціся як у той, так і ў гэты момант, калі ў яе на руках трохтыднёвая дачка. І я думаю, што на яго сумленні гэта будзе ўсё жыццё, усё жыццё ён будзе ісці з вось гэтым цяжарам і раскайвацца", - падкрэсліла адвакатка.
Тое, што абвінавачаны ўжо чатыры месяцы знаходзіцца ў ізаляцыі, на думку абаронцы, дастаткова, каб чалавек усвядоміў свае паводзіны і больш ніколі не дазволіў сабе прычыняць нейкую шкоду каму-небудзь. Прасіла вызваліць Сяргея Розума ад крымінальнай адказнасці з наступным прыцягненнем яго да адміністрацыйнай адказнасці.
Нечакана аднавілася судовае следства для допыту шэрагу сведак: "Парушэнне бяспекі не могуць выклікаць нават тэарэтычна"
У дзень, калі чакалася вынясенне прысуду, суддзя Сяргей Васілеўскі вырашыў аднавіць судовае следства і дапытаць ячшэ некалькі сведак – супрацоўнікаў чыгункі з Мінска.
27 красавіка на пасяджэнні сведкай выступіў намеснік рэвізора па бяспецы руху беларускай чыгункі Барынаў. Ён распавёў, што канкрэтна па факт замыкання рэек 14 снежня не памятае, але ўсе падобныя выпадкі праз яго праходзяць, і інфармацыю пра іх перадаюць у МУС.
Сведка адзначыў, што тармажэнне цягніка можа быць службовае, а можа быць экстраннае. У залежнасці ад адлегласці да месца, дзе адбылося замыканне, машыніст выбірае, якое прымяніць. Даўжыня тармазнога шляху залежыць ад вагі і даўжыні цягніка, прыкладна метраў 200 для кароткай электрычкі і метраў 800 для таварнага. За паўгода выпадкаў траўміравання пры экстранным тармажэнні не зафіксавана, хаця экстранна тармазіць за гэты час машыністам даводзілася.
- Ці выклікаюць такія выпадкі дэстабілізацыю і парушэнне бяспекі руху?
- Паняцце дэстабілізацыя ў нас не азначанае, таму не магу сказаць. Можа выклікаць парушэнне раскладу. Парушэнне бяспекі не могуць выклікаць нават тэарэтычна, у тым ліку, калі б давялося экстранна тармазіць.
Парушэння правіл і патрабаванняў эксплуатацыі чыгункі таксама не выклікана. Усё спрацавала, так як павінна было. Барынаў быў вымушаны шмат разоў паўтарыць суду, што парушэння бяспекі руху быць у падобных выпадках не можа.
Наступным выступаў сведка Арнатовіч, старэйшы рэвізор па бяспецы. Яго запыталіся:
- Ці прыводзяць такія дзеянні [замацаванне дроту] рэльсавы ланцуг у непрыгодны для эксплуатацыі стан?
- Не, не прыводзяць, спрацоўваць у такіх выпадках – гэта і ёсць іх нармальны стан. Непрыгодны для эксплуатацыі стан – гэта, напрыклад, выпадкі крадзяжу ці псаванне абсталявання.
Інжынер з галоўнага ўпраўлення чыгункі Геркус распавёў пра алгарытм дзеяння машыніста ў падобных сітуацыях: цалкам спыніцца перад участкам, на якім ёсць замыканне, звязацца з дыспетчарам, каб даведацца, ці ёсць там цягнік ці нешта іншае. Калі цягніка няма, то прадоўжыць рух з хуткасцю да 20 км у гадзіну, да наступнага святлафора (гэта 1-2 км са зменшанай хуткасцю). І так павінен рабіць кожны цягнік, пакуль прычына замыкання не будзе знойдзена, альбо не знікне.
Паралельна адразу ж пасля замыкання на гэты ўчастак едуць механікі, якія спрабуюць знайсці, што стала прычынай замыкання і перадаюць дыспетчару.
Яшчэ адзін сведка - намеснік начальніка аператыўна-дыспетчарскага аддзела таксама адказаў на пытанні суду:
- Як могуць паўплываць падобныя дзеянні на працу чыгункі?
- Гэта можа паўплываць на расклад і затрымаць цягнікі.
Машыніст на апісаныя вышэй маніпуляцыі страціць па часе ад 2 да 10 хвілін, але таксама моцна залежыць ад вагі, даўжыні і катэгорыі цягніка. Магчымасць нагнаць адставанне залежыць ад графіку: нейкія цягнікі будуць далей мець опцыі для гэтага, нейкія – не. Затрыманым лічыцца цягнік, які спазніўся на 6 ці больш хвілін.
Работнік юрыдычнага аддзелу Легастаеў адзначыў, што ў залежнасці ад запытаў, інфармацыю пра такія выпадкі перадаюць ў пракуратуру, Следчы камітэт. З кастрычніка 2020 года ўсяго было зафіксавана 127 выпадкаў. На думку сведкі, гэта стварае напружанне ў працы чыгункі, пры большай колькасці выпадкаў магло б выклікаць нешта сур’ёзнае. Але шкодных наступстваў для маёмасці ці здароўя не было зафіксавана.
Пасля допыту сведак наноў прайшлі спрэчкі бакоў. Пазіцыя дзяржабвінавачвання не змянілася: пракурор Надзея Каліта па-ранейшаму прасіла пакараць Сяргей Розума пазбаўленнем волі на 2,5 гады.
У апошнім слове абвінавачаны сказаў, што раскайваецца, прасіў суд аднесціся да яго справядліва, не разбураць сям’ю і дазволіць яму расціць дачку.
Што ж вырашыў суд?
Прысуд быў абвешчаны ў 10:00 раніцы 28 красавіка.
Суддзя Сяргей Васілеўскі палічыў, што віна Сяргея Розума цалкам даказаная, прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на два гады з адбываннем пакарання ва ўмовах агульнага рэжыму.
На прысуд прыехалі журналісты з БТ.