viasna on patreon

Заява праваабарончых арганізацый аб прызнанні пяці новых палітычных зняволеных

2021 2021-04-08T17:36:09+0300 2021-04-08T17:57:56+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dif_illustr.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Супольная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці

Мінск, 8 красавіка 2021 г.

У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, мы, прадстаўнікі беларускай правабарончай супольнасці, у чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:

Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржаўных сімвалаў:

  1. Станіслаў Паўлінковіч – асуджаны прысудам суда Магілеўскага р-на на два гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу па  арт. 391 КК (абраза суддзі ), накіраваны для адбыцця пакарання;
  2. Валерый Лоза асуджаны прысудам суда Светлагорскага р-на на два з паловай гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу па арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады), накіраваны для адбыцця пакарання;
  3. Юрый Карніловіч – асуджаны прысудам суда Завадскога р-на г. Мінска на тры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу па арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады), накіраваны для адбыцця пакарання;
  4. Павел Бераснёў асуджаны прысудам суда Маладзечанскага р-на на паўтары гады абмежаванння волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу па арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады), накіраваны для адбыцця пакарання;
  5. Віталь Зарадзей – абвінавачаны па арт. 391 КК (абраза суддзі), узяты пад варту ў СІЗА г. Брэста.

У сувязі з гэтым мы лічым пераслед і пазбаўленне волі Станіслава Паўлінковіча, Валерыя Лазы, Юрыя Карніловіча, Паўла Бераснёва, Віталя Зарадзея палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. Неадкладна вызваліць палітвязняў Станіслава Паўлінковіча, Валерыя Лазу, Юрыя Карніловіча, Паўла Бераснёва, Віталя Зарадзея і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
  2. Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
  3. Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

РГА "Прававая ініцыятыва”;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

"Ініцыятыва FORB";

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Хьюман Канстанта";

РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт";

Беларускі дакументацыйны цэнтр;

Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства