«Я веру, што хутка маё дзіця будзе на волі». Маналог маці палітзняволенай

2021 2021-04-08T12:02:13+0300 2021-04-08T18:29:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/malashevich_4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Соні Малашэвіч 19 гадоў. Дзяўчыну асудзілі на два гады калоніі за тое, што падчас аднаго з маршаў яна малявала фарбай на шчытах спецыяльных сродкаў агароджы. Сёння мы публікуем маналог яе мамы Святланы – пра дзяцінства дачкі, яе зняволенне, лістах і тым, як падзеі могуць паўплываць на лёс усіх палітвязняў.

«У тры гады чытала на памяць ліст Таццяны да Анегіна»

«Соня (або Зося, як мы яе яшчэ называем) заўсёды была дзяўчынкай з характарам: ведала, чаго хоча, і дамагалася свайго. У дзяцінстве дачка развівалася хутка: у паўтара года мы маглі гадзінамі праглядаць энцыклапедыі, у два гады я тры разы запар чытала ёй "Бураціна", а яна сядзела і ўважліва слухала, у тры гады яна на памяць чытала ліст Таццяны да Анегіна.

Калі ёй было крыху больш за тры годзікі, яна палюбіла маляваць. Дзядуля даў ёй агульны сшытак, у якім яна кожны дзень малявала нешта новае і прыдумляла розныя сюжэты. Гэта была казка пра коцікаў без канца.

Соня не хадзіла ў дзіцячы садок, да школы я рыхтавала яе сама. У яе была пастаянная прага да вучобы, вялікі слоўнікавы запас і высокая хуткасць мыслення. Калі ў дзяцей такое здараецца, яны пачынаюць заікацца: у Соні таксама быў такі перыяд, з якога мы шчасна выйшлі.

Творчыя здольнасці Соні з дзяцінства былі бязмежныя: для мяне гэта было нечакана. У шэсць гадоў яна малявала на тканіне, шкле, рабіла паштоўкі. Было дзіўна, што ўсё гэта так лёгка давалася. Потым яна займалася саломкай: хоць яна досыць наравістая, ёй хапала цярпення сядзець над пано, выразаць і выкладваць саломку па контуры і рабіць дзівосныя паштоўкі. Затым яна захапілася пацеркамі: дрэвы, жывёлы, дроту, лёска і бісер усюды... Пасля з'явіліся жывёлы і бранзалеткі з гумачак. Гэта быў бясконцы вір захапленняў: як толькі яна нешта асвойвала – гэта станавілася ёй нецікавым, і яна ішла далей.

malashevich_7.jpg
Соня з дзяцінства была рознабаковым дзіцёнкам

Потым яна захацела спяваць: у яе быў голас, але не было слыху – у школе педагог яе "распела". Так яна стала спяваць і граць на гітары. Потым – танчыць. У гэты ж перыяд дачка "захварэла" на чытанне: ездзіла на гурткі, а аўтобусе ўвесь час даставала з заплечніка кнігу – і чытала стоячы. Я сварылася з ёй праз гэта, таму што так псуецца зрок. Яна чытала ўсё: спачатку раілася са мной, што ўзяць з дзядулінай велізарнай бібліятэкі, потым арыентавалася толькі на свой густ. Гэта быў запой чытаннем, які, думаю, моцна паўплываў на яе станаўленне.

У старэйшых класах яе захапленне маляваннем працягнулася: яна змалёўвала дызайнерскую вопратку з сайтаў, малявала алоўкам і асадкай партрэты – атрымлівалася з вялікай дакладнасцю.

Потым ёй захацелася добра ведаць французскую – яна вучылася ў французскай гімназіі. За два месяцы з рэпетытарам сур'ёзна падняла ўзровень ведаў. У гэтым яна ўся: да вучобы ставілася досыць прахалодна, але варта было чымсьці зацікавіцца – асвойвала ўсё; варта было вывучыць любую тэму паглыблена – праходзіў страх перад любым прадметам. Неяк перад іспытам па запушчанай матэматыцы яна пазаймалася з рэпетытарам і сказала: "Я ўжо не баюся яго здаваць, я стала разумець прадмет».

«Дзве выратаваныя Соняй кошкі чакаюць яе»

«У школе ёй было дастаткова няпроста мець зносіны з людзьмі: Соня па натуры адзіночка. Яна заводзіла кантакты, але нікога блізка не падпускала. Недалёка ад бабулі жыла ейная сяброўка Віка – адна з нямногіх, з кім яна пасябравала.

malashevich_6.jpg
Соня з дзядуляй і братам

З ёй жа звязаныя гісторыі выратавання дачкой котак. Неяк у дзяцінстве бабуля забараніла Віке трымаць кацяня, і дзяўчынка несла выкідваць яго на сметнік. Соня ўзяла яго і слёзна прасіла пакінуць – мы так і зрабілі. Праз год гісторыя паўтарылася. Каб гісторыя гучала кранальна, яны заявілі, што ў падвале забілі котку, а два кацяняці засталіся адны. Соня прынесла іх у дом, у таямніцы ад бабулі і дзядулі пасяліла іх у сваім заплечніку. У шэсць раніцы дачка хадзіла гуляць з імі на школьны стадыён, адразала ў дзядулі сала і налівала ім малачко і смятану. Аднаго мы пазней уладкавалі ў іншую сям’ю, другога пакінулі. Бабуля з дзядулем настолькі любілі Соню, што не парушалі яе свабоду: таму дастаткова доўга атрымлівалася яго хаваць. Але калі ўсё раскрылася, што ўжо было рабіць? Яе ніхто не ругаў: дзіця здзейсніла высакародны ўчынак, і ўсё, што мы маглі зрабіць, – толькі сказаць, што цяпер гэта яе адказнасць, і яна павінна пра іх клапаціцца. Цяпер дзве Соніны кошкі, яе выратаваныя душы, чакаюць яе дома».

«Казала, што нікуды не з'едзе»

«Перад затрыманнем у яе быў досыць складаны пошук сябе. Соня рана падарослела. Яна з'ехала ў тэхнікум у Брэст праз складаныя адносіны з бацькам. Калі пасля затрымання яе адлічылі, вярнулася ў Менск, зняла пакой і стала працаваць. Соня досыць самастойная ў сваім выбары, і я ўпэўненая, што пераасэнсаванне ў жыцці прывядзе яе да самарэалізацыі.

Першы раз яе затрымалі шостага верасня. Калі яна знікла, я знайшла яе ў спісах Цэнтральнага РУУС толькі праз суткі. Тэлефанавала туды, там казалі, што яна на допыце, следчыя не здымалі трубкі, усе абяцалі ператэлефанаваць – і не званілі. Калі скончыліся 72 гадзіны з моманту затрымання, я зразумела, што пасля суда яе не адпусцілі. Аказалася, прама на судзе адміністрацыйны артыкул перакваліфікавалі ў крымінальны. Дачку адпусцілі 14 верасня, яна прасядзела ў ізалятары сем дзён, за гэты час я паспела перадаць ёй адну перадачу.

Яна разумела, што, калі скончыцца расследаванне, яе ў любы момант могуць выклікаць у Следчы камітэт. На прапановы з'ехаць яна адказвала, што не рабіла нічога супрацьзаконнага, таму нікуды не з'едзе. Да сярэдзіны лістапада – два месяцы – усё было адносна спакойна, дачка працягвала працаваць. Потым было два допыты – з другога, які прайшоў 26 лістапада, яна ўжо не вярнулася. Хаця ў нас былі два хадайніцтвы, каб яна заставалася пад падпіскай аб нявыездзе, пракуратура вырашыла інакш. Судовыя паседжанні прайшлі толькі 14 і 21 студзеня, 22 студзеня Соні вынеслі прысуд».

«Пульпіт Соні лячылі без абязбольвальнага»

«Усяго ў мяне было два спаткання з дачкой. Першае – адразу пасля суда. Як кажа наш дасведчаны адвакат, у гэты час у зняволеных яшчэ высокі ўзровень адрэналіну: яны ў тонусе, зараджаныя. У камерах – кругавая парука і падтрымка, яны збіраюць адзін аднаго на суд. Але ўзровень стрэсу зніжаецца, а дэпрэсія – павялічваецца. Таму пазней яны высільваюцца.

Другое спатканне я атрымала на яе дзень народзінаў: 18 лютага ёй споўнілася 19 гадоў, і нам абедзвюм было прыемна ўбачыць адна адну. Яе павіншавалі дзяўчынкі з камеры, гэта было міла. Я прынесла салодкае, каб яна іх пачаставала: гэта такія маленькія радасці, як кропля святла ў бруднай цёмнай лужыне. З дапамогай іх трэба змагацца за сябе, выцягваць сябе за валасы, як Мюнхаузен, і кожны дзень шукаць жыццё і сэнс у гэтым дні. Я думаю, гэта вельмі складана. І ў Соні быў момант, калі яна нічога не хацела рабіць. Але потым яна зразумела, што, калі не будзе нічога рабіць, нічога не будзе адбывацца. Таму прасіла адваката, каб ёй больш пісалі: яна кажа, што гэта і падтрымка, і адцягненне, і сэнс кожнага дня.

malashevich_5.jpg
Соня з братам у дзяцінстве

Яшчэ ў яе, у беднай, разбалеўся зуб: мабыць, у камеры з-за моцных маразоў было холадна і яе прасквозіла. Мы з адвакатам вельмі доўга арганізоўвалі лячэнне, Соня шэсць разоў пісала заяву, каб да яе запрасілі стаматолага. Калі ў нас нарэшце атрымалася гэтага дамагчыся, аказалася, што ў яе пульпіт. Яго Соні лячылі без абязбольвальнага».

«Напярэдадні карцара Соні мне сніўся дрэнны сон»

«Пасля другога спаткання я больш не бачыла дачку. 16 красавіка будзе апеляцыя, і дазвол на спатканне павінен падпісаць суддзя, які будзе яе разглядаць. Але ён будзе вядомы толькі за некалькі дзён да пасяджэння. Можна было б папрасіць дазвол на спатканне ў старшыні суда, але бліжэйшы прыём у яго толькі 20 красавіка.

Пасля апеляцыі цягам некалькіх дзён можна атрымаць спатканне перад этапам у калонію – асаблівай надзеі на змяненне прысуду ў мяне няма. Соні не будзе на пасяджэнні па абскарджанні: яна напісала просьбу прысутнічаць па скайпе.

Мая ж прысутнасць там нічога не вырашыць: гэта толькі забярэ ў мяне лішні год жыцця, які ў нашай сітуацыі зусім не лішні. Таму я паеду, атрымаю там дазвол на спатканне, але на пасяджэнне не пайду. Тым больш на суд Соня прасіла мяне не прыходзіць, я слухала ўсё ў калідоры: яна сказала адвакату, што ёй усё роўна, як будуць рэагаваць на яе словы людзі, але калі ў зале будзе сядзець мама, то яна будзе хвалявацца. Для яе гэта і так велізарны стрэс, а яна будзе чытаць маю міміку, нават калі твар будзе закрыты маскай, таму што цяпер мы асабліва добра адчуваем адна адну. Начамі я прачынаюся. Адкрываю вочы без будзільніка ў шэсць раніцы – я ведаю, што іх будзяць. Калі прачынаюся глыбокай ноччу, разумею, што нешта адбываецца: ці ёй нешта баліць, ці яна не спіць. Так было напярэдадні яе пападання ў карцар: мне прысніўся дрэнны сон. Чаму яна трапіла ў карцар – дагэтуль незразумела. У адзін дзень у мяне не прынялі перадачу, вярнулася пасылка – адвакат даведаўся, што пяць сутак яна будзе там.

malashevich_12.jpg
Соня ў школе

У гэта ж час яе этапавалі ў Жодзіна. І калі пакуль яна знаходзілася на Валадарскага, у нас была нармальная зваротная сувязь, то цяпер з чацвёртага сакавіка я не атрымала ніводнага ліста. Жодзіна і Валадарка – наогул дзве розныя краіны. У Менску больш цесная сувязь у камерах, тут могуць сядзець разам некалькі палітвязняў, ім ёсць, што абмеркаваць. Калі ідзеш з перадачай на Валадарскага, ведаеш, што ў межах дазволенага ў цябе возьмуць усё і не будуць паказваць сваё стаўленне да цябе. Ты сам завязваеш пакеты, нешта можа прымяцца – але гэта дэфект дастаўкі. У Жодзіне кожную булачку з шакаладам прадзіраюць нажом, не прымаюць падручнікі па французскай мове, хоць падручнікі дазволеныя да перадачы. Спадзяюся, у калоніі ў Гомелі ў яе будзе магчымасць вучыцца: пакуль у яе настрой давучыцца на цырульніка. Думаю, любы адукацыйны прамежак потым хаця б неяк залічыцца».

«Ліставанне – маленькае акенца ў жыццё, у якое ты вернешся»

«Цяпер у іх усіх такі перыяд – нясцерпнае бязмэтнае чаканне. Калі надзеі застаецца на донцы: яна дзесьці скрабецца лапкай, але ты ўсё роўна разумееш рэальную перспектыву.

Таму тут мы можам іх толькі падтрымліваць, распавядаць аб тым, што ёсць такія цікавыя людзі. Можам успамінаць пра іх добрае, а яшчэ – рыхтаваць для іх глебу тут, каб, калі яны вярнуліся, ім было прасцей адаптавацца.

Лічу, адна з пасільных кожнаму дапамог – гэта ліставанне, аснова іх эмацыйнай устойлівасці. Калі чалавек знясілены, гамагеннае асяроддзе цісне на псіхіку, у яго дрэнны сон, яго не радуюць перадачы. І калі ў гэты момант нехта дасылае табе ліст, у якім ён апісвае быццам бы бытавую руціну, для цябе гэта маленькае акенца ў тое, што калісьці будзе ў тваім жыцці, у якое ты вернешся. І гэта адначасова і адпачынак, і рэсурс, і дапамога. Чалавеку нескладана напісаць ліст палітвязню, а яму важна ўсведамляць: ты не адзін, ТАБЕ напісалі ліст. Чалавек не можа перадаць у лісце нічога пафаснага, але можа простымі словамі выказаць сваё стаўленне да цябе, расказаць пра сябе. Гэта як быццам дзве каметы прайшлі побач па датычнай: вы пакідаеце след у жыццях адзін аднаго. Палітвязень можа апісаць свае думкі, пачуцці, і пасля гэтага эмацыйнага водгуку яму становіцца лягчэй: ён вызваляецца ад часткі эмоцый.

malashevich_12.jpeg
Соня Малашэвіч, восень 2020

Тут нам, вядома, таксама няпроста. Людзі падтрымліваюць, але ніхто не хоча быць сузалежным. Падзеі не змяняюцца, ты атрымліваеш ліст – і на гэтым усё. Ніколі нельга прадбачыць, што адбудзецца ў наступны момант, ты да гэтага не гатовы. З такімі эмацыйнымі арэлямі складана стрымліваць эмоцыі і ўключаць мазгі, а трэба пастаянна мабілізавацца і нешта рабіць.

Мне дапамагае вера ў тое, што хутка я буду з Соняй – я веру ў гэта скрозь слёзы, істэрыкі, скрозь усе гэтыя падзеі, з якімі штодня сутыкаюся, скрозь лёсы пацярпелых людзей і іх сем'яў. Я веру, што маё дзіця хутка будзе на волі, што для яе, як і для ўсіх палітвязняў, будзе поўны выбар магчымасцяў рэалізавацца ў будучыні. Думаю, што досвед, атрыманы ў выніку гэтага самага жорсткага, самага цёмнага і змрочнага, але навошта неабходнага перыяду ў жыцці, стане для іх адпраўной кропкай, пасля якой развіццё ў іх лёсах пойдзе па новым вітку спіралі. Гэта нейкі энергетычны дазатар: праз час і ўсведамленне нешта адбудзецца ў лёсе кожнага з гэтых людзей. Чаму так здарылася, чаму менавіта гэтыя людзі – мы не знойдзем адказ на гэтае пытанне. «Хто вінаваты і што рабіць» – вечнае рытарычнае пытанне. Хоць для палітвязняў, вядома, ёсць гэта бясконцае самакапанне, ім хацелася б ведаць адказы. Але, напэўна, загадка лёсу ў тым, што яны будуць спасцігаць гэта ўсё астатняе жыццё. Гэты перыяд будзе для іх пуцяводнай зоркай, адкрыццём для іх саміх сябе. Цяпер гэтыя грані піраміды, якія яшчэ не зазіхацелі на сонца, ім патрэбная тонкая ювелірная праца, пакуль жа агранка грубая і гвалтоўная. Але ў руках ўмелага ювеліра гэтая шматграннасць з часам зазіхаціць, я ўпэўненая».

Падтрымаць Соню лістамі салідарнасці, тэлеграмамі, грашовымі пераводамі можна па адрасе:

Следчая турма №8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А

Сафіі Андрэеўне Малашэвіч (18.02.2002)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства