Прысуд Паўлаўцу - тры гады "хіміі". Ён вызвалены з-пад варты
У судзе Савецкага раёна Мінска 5 красавіка вынесены прысуд па крымінальнай справе палітычнага зняволенага Кірыла Паўлаўца, якому прад’яўленае абвінавачванне па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Справу разглядала суддзя Марына Фёдарава. Пракурор – Анастасія Маліко.
Кірыл Паўлавец быў затрыманы 4 кастрычніка пасля «Марша вызвалення палітвязняў». Калі ён быў ужо дома, яму патэлефанавалі з незнаёмага нумару, папрасілі выйсці ва двор і адагнаць машыну. Там яго і затрымалі людзі ў балаклавах.
На наступны дзень быў суд. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве (артыкул 23.34 КаАП) і ў непадпарадкаванні работнікам міліцыі (23.4 КаАП). Прысудзілі 14 сутак. Але на волю ён так і не выйшаў. Была заведзеная крымінальная справа, з Акрэсціна яго перавялі ў СІЗА на Валадарскага.
Згодна з прад’яўленым абвінавачваннем, Кірыл Паўлавец 30 жніўня на плошчы Свабоды заклікаў да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах. Перашкодзіў сваімі дзеяннямі працы транспарту, асабліва аўтобусам (там велізарны спіс аўтобусаў, якія ездзяць па найбліжэйшых маршрутах).
Таксама 9 жніўня - на праспекце Дзяржынскага, вул. Пушкіна, Жукава зноў перашкаджаў руху транспарту (аўтобусы, тралейбусы) і спыняў іх нармальную працу.
На двух папярэдніх судовых пасяджэннях пракурор хадайнічаў аб выкліку ў суд ужо вядомага па многіх працэсах сведкі – супрацоўніка Цэнтральнага РУУС Мінска Аляксандрава Аляксандра Аляксандравіча.
Аднак сведка так і не з’явіўся. Суд прыняў захады пра забеспячэнне яўкі сведкі на працэс. Не з’явіўся няўлоўны Аляксандраў і 30 сакавіка. Таму суд прыняў рашэнне завяршыць судовае следства без яго.
Падчас судовых спрэчак пракурор Маліко прасіла суд прызнаць Паўлаўца вінаватым і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на тры гады з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу (хімія).
Сёння суддзя Фёдарава агучыла прысуд: тры гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу (хімія). Апроч таго, грамадзянскі зыск камунальнага прадпрыемства "Мінсктранс" за панесеныя страты будзе разглядацца ў грамадзянскім працэсе.
Справа Паўлаўца: сведку Аляксандрава Аляксандра так і не знайшлі