viasna on patreon

Справа “белых стужак”: гарадзенцу за агрэсію да прадстаўніцы "Антывандала" прысудзілі паўтары гады калоніі Дапоўнена

2021 2021-04-02T15:45:00+0300 2021-04-02T17:07:08+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/plauski-3.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вадзім Плаўскі. Скрыншот з відэа.

Вадзім Плаўскі. Скрыншот з відэа.

У Кастрычніцкім судзе Гародні 2 красавіка  вынесены прысуд па справе гарадзенца Вадзіма Плаўскага, якога абвінавачваюць у хуліганстве па ч.1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса.

Працэс вядзе суддзя Руслан Хіхол.

У якасці пацярпелай выступае прадстаўніца гарадзенскага "Антывандала" Вольга Бондарава, якая ўжо раней стала вядомая ў Гародні сваёй "дзейнасцю".

Справа "белых стужак"

Канфлікт паміж Плаўскім і Бондаравай адбыўся 30 кастрычніка 2020 года. Паводле абвінавачання, 39-гадовы жыхар Гродна каля 6 гадзін вечара ў пятніцу выйшаў на шпацыр з дзіцем у мясцовы сквер ля вуліцы Агінскага. Пры гэтым мужчына, як сцвярджае следства, знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення. У нейкі момант грамадзянін стаў падымаць з зямлі прадметы і вешаць іх на агароджы, пазней высветлілася, што гэта былі белыя стужкі, піша гарадзенскі партал s13.ru.

Вольга Бондарава, якая ішла міма, зрабіла заўвагу мужчыну. У адказ на гэта, як даказвае следства, мужчына праявіў агрэсію і ўжыў гвалт «у выглядзе аднаго ўдару ў вобласць твару і кідка на зямлю». Пасля чаго, як заявіў на судзе пракурор, жанчына атрымала комплекс лёгкіх цялесных пашкоджанняў, не звязаных са стратай здароўя.

Нагадаем, раней Бондарава заяўляла, што пасля таго, што здарылася, лекары дыягнаставалі ў яе страсенне мозгу і пералом носа. Аднак, праведзеныя дзве судова-медыцынскія экспертызы падчас судовага следства не пацвердзілі гэтых дыягназаў.

Вольга Бондарава. Фота
Вольга Бондарава. Фота "Гродзенская праўда".

Чым вядомая Вольга Бондарава?

  • Арганізатар акцыі «Антывандал-Гродна». Па словах Вольгі, яе рух узгоднены з уладамі і праваахоўнікамі горада.
  • Прыцягвалася да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці - за кантрабанду цыгарэт у Польшчу;
  • Праходзіла пацярпелай па справе Васіля Пільца, якога абвінавацілі ў хуліганстве і асудзілі на год "хатняй хіміі";
  • Фігуравала ў справе аб "штрафе за гноміка" - звярнулася ў міліцыю па факце "пратэстнага дэкору" ў кватэры сваёй былой аднакласніцы;
  • Прыходзіла на Кірава, 3, дзе размешчаны "Цэнтр гарадскога жыцця" і крама "Адметнасць". Пасля гэтага там прайшлі ператрусы;
  • Здымае на відэа паразвешваныя ў Гродна стужкі, налепкі і сцягі, аб чым распавядае Telegram ў-канале.

"Пацярпелыя выконвалі свой дзяржаўны доўг па зафарбоўванню незарэгістраванай сімволікі". Прысуд Васілю Пільцу

Суддзя выносіць прысуд Васілю Пільцу: адзін год абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу. Пільца вызваліць з-пад варты, адмяніць арышт на маёмасць.

Па інфармацыі сайта  hrodna.life, крымінальную справу завялі пасля звароту Бондаравай у міліцыю. Яна заявіла, што 30 кастрычніка каля 17.30 была "беспадстаўна збітая" і ёй прычынілі цялесныя пашкоджанні. У той жа дзень Вольга распавяла міліцыі, што прыехала ў Альшанку, дзе ўбачыла бацьку, які перадаваў дачцэ стужачку. Бондарава пачала здымаць. Яна зрабіла заўвагу Вадзіму, паўстала слоўная лаянка. Вадзім неаднаразова прасіў Бондараву перастаць здымаць і не пераследаваць яго, звярнула ўвагу ў судзе абаронца Плаўскага. Ужо каля сярэдняй школы № 39 мужчына адправіў дачку дадому і сказаў Вользе: "што ты ідзеш за мной, выключы камеру!»

«Цётка прыставала да таты”

Дачка вярнулася дадому ў слязах. "Цётка чаплялася да папы, здымала на тэлефон, тата бегаў па вуліцы, цётка [бегала] за ім і працягвала здымаць", — пераказала словы дачкі ў судзе жонка Вадзіма, Дыяна.

Што адбылося далей, відаць у роліках Вольгі і яе сяброўкі. Вадзім сказаў "Раз!" і рэзка пайшоў на Бондараву. Ён паваліў яе на зямлю, спрабуючы выхапіць тэлефон, каб сцерці запісы з ім і яго дачкой. Вольга актыўна супраціўлялася і крычала. Плаўскі пакінуў яе, падняў свой выпаўшы тэлефон і пайшоў дадому. Паводле версіі пракурора, Вадзім лаяўся і абражаў гарадзенку, ударыў адзін раз Вольгу ў твар, схапіў і кінуў на зямлю, пачаў цягаць за валасы, утрымліваў рукамі за вопратку.

Блытаніна ў паказаннях

Вольга тут жа выклікала міліцыю. Да самага пад'езда Вольга ішла за ім. Каб "палегчыць і без таго напружаную пасля жнівеньскіх падзей працу праваахоўных органаў", патлумачыла яна ў судзе пераслед. У пад'ездзе зноў адбыўся канфлікт: Вадзім спрабаваў зачыніць дзверы, Вольга паставіла сваю нагу, замінаючы яму. Тады ён замахнуўся на яе нагу, Бондарава ў сваю чаргу ўдарыла Плаўскага па назе, ён змазана ўдарыў яе па назе ў адказ.

Калі міліцыя ўвайшла ў пад'езд, Вадзіма быў у ліфце і сам ішоў да праваахоўнікаў.

З нагоды удараў паказанні Бондаравай супярэчылі адзін аднаму. 30 кастрычніка яна заяўляла, што Вадзім нанёс не менш за 10 удараў па тулаве і ў вобласць галавы. 31 кастрычніка: Плаўскі ўдарыў яе ў твар, а потым паваліў на зямлю. У той дзень яна папрасіла пакінуць Вадзіма пад вартай - маўляў, ён выказваў у яе адрас пагрозы. 2 лістапада, падчас экспертызы, Вольга патлумачыла, што Плаўскі ўдарыў яе далонню па твары, пасля чаго яна ўпала на асфальт. На відэа удараў не відаць.

"Кожнае дакрананне з боку Плаўскага я ўспрымала як удар", - патлумачыла Вольга ў судзе супярэчнасці ў паказаннях.

Адвакат: трэба апраўдаць

Вадзім не адмаўляе факту кідка пацярпелай на асфальт і нанясення аднаго дакранальнага ўдару ў вобласць нагі каля пад'езда дома, распавяла яго абаронца. Але ён не быў п'яны, не біў Бондараву ў твар, не хапаў за шыю і не цягаў за валасы. Хуліганскага матыву ў яго таксама не было, лічыць адвакат.

Яна мяркуе, што канфлікт справакавалі пераслед і фотаздымка. У дзеяннях Вадзіма адсутнічае склад злачынства па ч. 1 арт. 339 КК, таму яго варта апраўдаць, сказала адвакат.

На судовым пасяджэнні 1 красавіка пракурор звярнуў увагу, што Вадзім не судзімы, але прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці па лініі ДАІ. Прымусова лячыць Вадзіма ад алкагольнай залежнасці не будуць. Змякчальнай акалічнасцю палічылі наяўнасць двух непаўналетніх дзяцей у Вадзіма.

Пракурор запрасіў для абвінавачанага Вадзіма Плаўскага два гады калоніі агульнага рэжыму.

Сёння суд вынес рашэнне па справе Плаўскага: паўтары гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства