viasna on patreon

60 грамаў рыбы з галавой замест 100 грамаў і без: Як змяніліся нормы харчавання ў месцах несвабоды

2021 2021-03-31T13:10:07+0300 2021-03-31T13:10:08+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pitanie_v_turme_.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

30 сакавіка 2021 года на партале parvo.by была апублікаваная пастанова Савета міністраў "Аб устанаўленні нормаў харчавання і нормаў забеспячэння сродкамі асабістай гігіены асобных катэгорый грамадзян".

У дакументы вылучаныя нормы харчавання для:

  • асуджаных, якія адбываюць пакаранне ў папраўчых калоніях, турмах, арыштных дамах, і грамадзян, якія знаходзяцца ў лячэбна-працоўных прафілакторыях;
  • асобаў, якія ўтрымліваюцца пад вартай у следчых ізалятарах і турмах, і асобаў, якія ўтрымліваюцца ў ізалятарах часовага ўтрымання і цэнтрах ізаляцыі правапарушальнікаў;
  • асуджаных, якія адбываюць пакаранне ў выхаваўчых калоніях;
  • асобаў, для якіх устанаўліваюцца павышаныя нормы харчавання (асуджаных, якія знаходзяцца на лячэнні ў медчастках у няволі або якія маюць пэўныя захворванні).

Юрыст "Вясны" Павел Сапелка параўнаў новую пастанову Саўміна з папярэднім дакументам ад 21 лістапада 2006 года і адзначае, што вялікіх зменаў, якія маглі б якасна паўплываць на арганізацыю харчавання зняволеных, цяперашняя пастанова не ўтрымлівае.

"Па-ранейшаму гэта проста прыкладны пералік і колькасць прадуктаў, якія выкарыстоўваюцца пры гатаванні ежы, прычым гаворка ідзе пра колькасць "сырых" прадуктаў, а не гатовай ежы. Варта мець на ўвазе, што спецыяльнай нормай прадугледжана таксама замена адных прадуктаў на іншыя ў пэўнай прапорцыі.

Ці сталі нормы забеспячэння прадуктамі іншымі? Практычна няма. Звяртае на сябе ўвагу рэзкае зніжэнне колькасці рыбы - з 90-100 г да 55-60 г. І ў норме ўжо - рыба з галавой, тады як раней – без. Але наўзамен з'явіліся мікраскапічныя 25 грамаў курыцы і 15-20 грамаў каўбасы. Трохі знізілася норма хлеба", - падкрэслівае праваабаронца.

Калі раней зняволенаму належыла 250 г гародніны, то зараз у дакуменце распісана грамоўка тых самых 250 г асобна для капусты (120 г), буракоў (40 г), морквы (30 г), цыбулі (40 г), агуркоў/таматаў, карэнняў і зеляніны (20 г). Таксама асобным радком указана, што кожнаму чалавеку ў перыяд з 1 лістапада па 31 сакавіка прадугледжана 5 г часныку ў суткі, а замест 0,2 г гарчычнага парашку цяпер выдзяляюць 0,5 г універсальнай прыправы.

Павел Сапелка звяртае ўвагу, што па абноўленай пастанове асуджаныя да абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу пры адсутнасці ў іх уласных сродкаў забяспечваюцца наборам прадуктаў з наступным вяртаннем яго кошту па той жа норме, што і асобы, якія ўтрымліваюцца пад вартай у следчых ізалятарах і турмах (не прыцягваюцца да работ).

Аднак, па-ранейшаму, не вырашана праблема забеспячэнне зняволеных рознымі тыпамі харчавання - без свініны, без ялавічыны, без глютэна, вегетарыянскімі стравамі і іншымі відамі дыетаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства