viasna on patreon

За слова "скот" пад фота ўчастковага жанчыну асудзілі на два гады "хатняй хіміі" Дапоўнена

2021 2021-03-31T09:40:00+0300 2021-03-31T11:23:37+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/karasouskaia.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Людміла Карасоўская. Фота з асабістага архіву

Людміла Карасоўская. Фота з асабістага архіву

У судзе Пружанскага раёна 30 сакавіка разглядалася крымінальная справа ў дачыненні да Людмілы Карасоўскай, якую абвінавачвалі ў абразе супрацоўніка міліцыі Дзмітрыя Казарэнкі паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса.

Справу разглядае старшыня суда Вадзім Мазоль. Дзяржабвінаваўца - памочніца пракурора Пружанскага раёна Вераніка Манец.

Паводле абвінавачвання, Людміла Карасоўская, маючы намер на публічную абразу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, 11 снежня 2020 года ў перыяд часу з 15.06 да 16.41 гадзін, знаходзячыся па адрасе свайго месца жыхарства, выкарыстоўваючы ў якасці сродку здзяйснення злачынства мабільны тэлефон, усведамляючы зневажальны характар свайго выказвання і з мэтай прычынення шкоды аўтарытэту дзяржаўнай улады і кіравання, наўмысна размясціла ў телеграм-канале "Пружаны/Пружана" каментар пад фота пацярпелага – слова "скот". Згодна з заключэннем судова-лінгвістычнай экспертызы, дадзенае слова мае негатыўную ацэнку асобы мужчынскага полу - паказанага на фатаграфіі Казарэнкі, з'яўляецца ненарматыўнай формай маўленчага выказвання, а таксама з'яўляецца грубым, абразлівым у дачыненні да пацярпелага. Тым самым абвінавачаная здзейсніла злачынства, прадугледжанае артыкулам 369 Крымінальнага кодэкса.

Падсудная віну прызнала часткова: каментар яна пакінула, але не чакала крымінальнай адказнасці за адно слова, не хацела абразіць або пакрыўдзіць Казарэнку.

pruzhany_poterpevsh.jpg
Скрыншот інфармацыі аб пацярпелым, размешчанай у телеграм-канале "Пружаны/Пружана"

У судзе Людміла Карасоўская патлумачыла, што 11 снежня прагортвала інфармацыю, у яе была спантанная эмацыйная рэакцыя на апісанне, якое было размешчана пад фатаграфіяй, пакрыўдзіць нікога не хацела. Кажа, што не глядзела на фота, а глядзела на апісальны тэкст - ён яе зачапіў: стала крыўдна за пажылога 64-гадовага мужчыну, якога аштрафавалі на 20 базавых велічынь. Да гэтага з пацярпелым знаёмая не была, ніколі яго не бачыла. Сцвярджае, што не было ні мэты, ні матыву ў яе ўчынку, а толькі эмоцыі. Не ўспомніла б пра гэты свой каментар, калі б каля 10 гадзін раніцы 31 снежня не прыйшоў следчы і не паказаў яго скрыншот з телеграм-канала. Дома ў абвінавачанай правялі агляд, выходзячы з дому жанчына пад эмоцыямі разбіла свой мабільны тэлефон.

Абвінавачаная публічна прынесла прабачэнні Дзмітрыю Казарэнку, і пазней была ў шоку, калі відэа з яе выбачэннямі паказалі па ўсіх навінавых каналах краіны.

На пытанне суддзі, ці прыніжае слова "скот" асабістую годнасць чалавека, незалежна ад займаемай пасады, Людміла Карасоўская сказала, што не ведае.

Дзмітрый Казарэнка распавёў, што з чэрвеня 2019 года працуе ўчастковым інспектарам на тэрыторыі Пружанскага раёна, у яго абавязкі ўваходзіць ахова грамадскага парадку. 14 снежня 2020 года ў ходзе маніторынгу тэлеграма быў выяўлены факт размяшчэння яго асабістых дадзеных і каментароў пад імі, адзін з якіх утрымліваў слова "скот".

"Дадзены выраз лічу абразлівым, які прыніжае мой гонар і годнасць, дыскрэдытуе мяне ў вачах грамадскасці, фармуе непрыязнае стаўленне да мяне", - сказаў пацярпелы.

Ён таксама заявіў грамадзянскі пазоў на пакрыццё маральнай шкоды на суму 300 рублёў з улікам прынесеных абвінавачванай публічных выбачэнняў. Яго маральныя пакуты выказаліся ў асабістых перажываннях і перажываннях яго блізкіх, пачуцці горычы і крыўды. Калі суд задаволіць заяўлены пазоў - грашовыя сродкі Дзмітры Казарэка плануе накіраваць на дабрачыннасць.

Людміла Карасоўская прызнала заяўлены пазоў у поўным аб'ёме.

Пасля гэтага судом былі даследаваны пісьмовыя матэрыялы справы, прайшлі спрэчкі бакоў.

Вераніка Малец палічыла, што віна падсуднай даказаная цалкам падчас судовага паседжання, а частковае прызнанне віны і нібыта непраўдзівыя паказанні Людмілы Карасоўскай абумоўленыя яе жаданнем пазбегнуць крымінальнай адказнасці. Прасіла суд прызнаць жанчыну вінаватай у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага арт. 369 КК, і прызначыць ёй пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады. Таксама задаволіць заяўлены грамадзянскі пазоў аб пакрыцці маральнай шкоды ў карысць Дзмітрыя Казарэнкі ў памеры 300 рублёў.

Абаронца Людмілы Карасоўскай звярнула ўвагу, што ў дзеяннях яе падабароннай няма складу злачынства: ні ў ходзе папярэдняга следства, ні ў ходзе судовага пасяджэння не былі здабытыя дакладныя доказы, якія пацвярджаюць наяўнасць намеру на здзяйсненне грамадска-небяспечнага дзеяння, а таксама мэты – абразы прадстаўніка ўлады. Сцвярджала, што каментар жанчына размясціла пад эмоцыямі, не ставілася да слова "скот" як абразлівага і лічыла яго размоўным. Адвакатка падсуднай прасіла суд яе апраўдаць, але калі суд не пагодзіцца - улічыць, што жанчына прынесла публічныя прабачэнні, якія трансляваліся па дзяржканалах, а таксама тое, што яна даглядае за састарэлай маці і свякрухай, на яе ўтрыманні знаходзіцца муж-пенсіянер, прасіла прызначыць больш мяккае пакаранне ў выглядзе штрафу.

У апошнім слове Людміла Карасоўская сказала, што тыя тры месяцы, што вялося следства, для яе сталі шокам – не ведала, што за адно слова могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці. За гэты час у яе пагоршылася здароўе - і гэта ўжо дастатковае пакаранне.

"Калі ж вы прызнаеце мяне вінаватай і такой злачынцай, вельмі спадзяюся на гуманнасць і справядлівае рашэнне суда", - сказала яна.

Суд абвясціў прысуд у 9 гадзін раніцы 31 сакавіка.

Вадзім Мазоль цалкам падтрымаў пазіцыю дзяржабвінавачання і прызначыў пакаранне для Людмілы Карасоўскай у выглядзе абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады. Таксама пастанавіў спагнаць з абвінавачванай на карысць пацярпелага Дзмітрыя Казарэнкі пакрыццё нанесенай маральнай шкоды ў памеры 300 рублёў.

Падобная гісторыя здарылася з мінчанкай Дар'яй З., якая таксама пакінула каментар са словам "скаты" пад фота ўчастковых інспектараў Пружанскага УУС.

За “скаты” пад фота міліцыянераў – 1,5 гады “хатняй хіміі” і 2000 рублёў кампенсацыі

У судзе Фрунзенскага раёна г. Мінска 10 сакавіка пачаўся судовы працэс над Дар’яй З., якую абвінавачвалі ў публічнай абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў (арт. 369 Крымінальнага кодэкса).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства