viasna on patreon

За “скаты” пад фота міліцыянераў – 1,5 гады “хатняй хіміі” і 2000 рублёў кампенсацыі

2021 2021-03-11T15:00:51+0300 2021-03-12T12:03:53+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_frunzenskogo_rayona__tutby.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Суд Фрунзенскага раёна. Фота: tut.by

Суд Фрунзенскага раёна. Фота: tut.by

У судзе Фрунзенскага раёна г. Мінска 10 сакавіка пачаўся судовы працэс над Дар’яй З., якую абвінавачвалі ў публічнай абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў (арт. 369 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядаў суддзя Андрэй Млечка.

Два пацярпелых супрацоўніка міліцыі ў суд не з’явіліся, аднак падалі заявы з просьбай разглядзець справу ў іх адсутнасць па раней дадзеных паказаннях – нібыта яны занятыя па службе і не могуць удзельнічаць у працэсе. Заяўленыя раней грамадзянскія позвы аб кампенсацыі маральных пакутаў падтрымліваюць.

Згодна з абвінавачванне, Дар’я З. наўмысна 16 ліпеня 2020 года з дапамогай мабільнага тэлефона змясціла каментар у сацыяльнай сетцы “Укантакце” ў групе “Мая краіна Беларусь” у адрас старэйшага інспектара УУС Пружанскага райвыканкама Сяргея Каляды і участковага інспектара таго ж УУС Тарасевіча, якія выконвалі свае службовыя абавязкі, згодна Закону “Аб органах унутранных спраў”, наступнага зместу – “Скаты”. Па меркаванню дзяржабвінаваўцы, дадзены каментар  утрымлівае негатыўную ацэнку супрацоўнікаў міліцыі, якая мае ненарматыўную форму выказвання, разглядаецца як недапушчальны, некарэктны, непаважлівы, які прыніжае гонар і годнасць прадстаўнікоў улады, тым самым Дар’я З. публічна абразіла супрацоўнікаў органаў унутраных спраў у сувязі з выкананнем імі сваіх службовых абавязкаў.

Віну абвінавачаная прызнала часткова.

Патлумачыла, што раней з пацярпелымі знаямая не была, непрыязненнага стаўлення да іх не адчувала. Вечарам 16 ліпеня знаходілася дома, адпачывала, праглядала пасты ў стужцы навінаў у сацыяльнай сетцы “Укантакце”, пабачыла пост суполкі “Мая краіна Беларусь”, дзе было размешчана два фотаздымкі супрацоўнікаў міліцыі з подпісам: “Гэта мы здзейснілі здушальны прыём супраць мірных грамадзянаў”. Дзяўчына не памятае, ці знаходзіліся грамадзяне на фота ў форменным абмундзіраванні, кажа, што былі ўказаныя прозвішчы і імёны, але не памятае, ці было ўказана, што гэта супрацоўнікі міліцыі. Кажа, што разумела, што на фота прадстаўнікі ўлады.

Даставернасць апублікаванай інфармацыі спраўджваць не стала. Пабачаўшы запіс, адкрыла каментары і пачала іх чытаць, не падумаўшы пакінула пад пастом свой каментар. Кажа, што не хацела каго-небудь абразіць, пазней падумала, што магчма ктосьці проста напісаў пад фота такі выраз, а сітуацыі такой магло і не быць у рэальнасці.

У момант напісання не думала, што слова “скаты” можа абразіць чалавека, прынізіць яго гонар і годнасць, але зараз разумее гэта.

“Напісала і забыла, не было ніякіх думак пра магчымыя наступствы. Зараз я б такого не напісала”, - патлумачыла суду абвінавачаная.

Агулам, ацэньвае свой учынак негатыўна. Але лічыць, што напісанае слова не самага дрэннага характара, аднак праводзілася лінгвістычная экспертыза – эксперты прызналі яго абразлівым, а ёй на гэты конт няма чаго дадаць.

Тэлефон, з якога пакідала каментар, зламаўся, яго аддалі на запчасткі.

У здзейсненным раскайваецца, але перад пацярпелымі выбачыцца не змагла, хоць яна і спрабавала з імі звязацца.

Дар’я З. знаходзіцца на чацвёртым месяцы цяжарнасці. Кажа, што ў яе дзеяннях не было намеру, не усведамляла, што сацыяльныя сеткі – гэта публічная прастора, і што выказванні там прыроўніваюцца да публічных. Таму віну прызнае не поўнасцю.

Суд перайшоў да вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы. Акрамя астатняга, у іх утрымліваюцца два грамадзянскіх пазовы ад пацярпелых міліцыянтаў на кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў кожны.

У адсутнасць пацярпелых у судзе былі зачытаныя іх пісьмовыя паказанні, якія яны давалі падчас папярэдняга следства. Так, Сяргей Каляда па службе быў выкліканы 14 ліпеня па вул. Савецкая ў г. Пружаны, так як там збіраліся грамадзяне для ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. На месцы міліцыя пабачыла 10-15 мітынгоўцаў. Каля 19.30 туды прыехаў начальнік у форменным абмундіраванні, які патрабаваў ад удзельнікаў мітынга разыйсціся, на што людзі пачалі абурацца. Тады калегі Каляды пачалі прымяняць фізічную сілу для затрымання грамадзянаў і дастаўлення іх у РАУС, міліцыянер пачаў дапамагаць ім. Да аднага з затрыманых ён прымяніў загіб рукі за спіну. Праз тры дні яму стала вядома, што ў інтэрнэце быў размешчаны яго фотаздымак з надпісам: “Гэта мы прымянілі здушаючы прыём да мірных грамадзянаў Пружан”.

Тарасевіч таксама пабачыў гэтую публікацыю. Абодва палічылі каментар Дар’і З. абразлівым, які прыніжае іх гонар і годнасць. Прасілі ўзбудзіць крымінальную справу і прыцягнуць яе да прадугледжанай законам адказнасці.

Падчас спрэчак бакоў пракурор прасіла прызнаць Дар’ю З. вінаватай і прысудзіць яе да абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову тэрмінам на 1 год і 6  месяцаў, задаволіць заяўленыя пазовы пацярпелых аб кампенсацыі маральнай шкоды ў поўным аб’еме.

Раніцай 11 сакавіка суддзя Андрэй Млечка падтрымаў пазіцыю дзяржабвінавачвання і агалосіў прысуд Дар’е З. – прызнаць дзяўчыну вінаватай, асудзіць яе да 1 года і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову, а таксама спагнаць з яе на карысць пацярпелых кампенсацыю маральнай шкоды – 1000 рублёў кожнамі і дзяржпошліну ў 174 рублі.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочваў гэты працэс

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства