Справа Зборшчыкавай: пакінула абразлівы камент у фэйсбуку, амапавец пакрыўдзіўся Дапоўнена
У судзе Маскоўскага раёна Мінска 26 сакавіка разглядаецца крымінальная справа, узбуджаная за абразу прадстаўніка ўлады па артыкуле 369 Крымінальнага кодэксу.
Абвінавачаная – рамесніца Алена Зборшчыкава, мае двух непаўнагадовых дзяцей.
Суддзя – Сяргей Кацэр, дзяржабвінаваўца – пракурор Седакоў.
Пацярпелы – Віталь Фёдараў, старшы сяржант АМАПу УУС Мінгарвыканкама.
З матэрыялаў справы вынікае, што 26 кастрычніка не пазней за 23.00, знаходзячыся ў кватэры, публічна ў Фэйсбуку з мабільнага тэлефона Зборшчыкава размясціла каментар наступнага зместу: "Дробны ІГ, трыбунал не за гарамі".
У судзе Алена Зборчыкава патлумачыла, што 27 кастрычніка зайшла ў фэйсбук, убачыла фота супрацоўніка АМАП з каментаром накшталт таго, што ён будзе рады забіваць людзей.
Пасля чаго на эмоцыях пад пастом нейкай Ганны Бандарэнка паккінула каментар. Прычым, яна не ведала, хто такі Фёдараў увогуле.
Віны сваёй жанчына не прызнае.
У Нясвіжы пенсіянерку асудзілі на 1,5 гады "хатняй хіміі" за абразу АМАПаўца ў сацсетцы
У судзе дапыталі пацярпелага Віталя Фёдарава.
Ён патлумачыў, што ягоны таварыш скінуў спасылку на фэйсбук з пастом, там была выкладзеная інфармацыя аб службе. Пачаў чытаць каментары, каментар Зборшчыкавай яго моцна абразіў.
Таксама Фёдараў выставіў патрабаванне аб спагнанні з абвінавачваемай маральнай шкоды, просіць спагнаць грашовую кампенсацыю ў памеры 1 000 рублёў.
У судзе абвешчаны перапынак да 11 гадзін 30 сакавіка.