viasna on patreon

Праблемы з карэспандэнцыяй, недахоп ежы і ШІЗА. Як сядзіць у турме палітвязень Мікіта Емяльянаў

2021 2021-03-17T10:21:40+0300 2021-03-17T18:01:27+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/emelyanau_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мікіта Емяльянаў. Фота: svaboda.org

Мікіта Емяльянаў. Фота: svaboda.org

Палітзняволены Мікіта Емяльянаў з 9 чэрвеня быў пераведзены на строгі турэмны рэжым у Магілёўскую турму №4. Пачынаючы са студзеня ў сваіх лістах да родных ён скардзіцца на праблемы з карэспандэнцыяй і немагчымасць наесціся той ежай, што яму даюць.

Праблемы ў ліставанні

Ад пачатку году ў палітвязня выяўляюцца праблемы з ліставаннем. Так, у  студзені Мікіту Емяльянаву не былі ўручаныя раздрукоўкі з Вікіпедыі - артыкулы гістарычнай тэматыкі, якія дасылаліся яму ў лістах. У прыватнасці ў лістах былі артыкулы пра партызаншчыну на Беларусі падчас Другой Сусветнай Вайны, а таксама ў пасляваенныя гады, пра гістарычных асоб, такіх як Кастусь Каліноўскі, Ігнат Грынявіцкі, Нестар Махно, Сцяпан Бандэра. Афіцыйная прычына неўручэння гэтых артыкулаў з Вікіпедыі – нібыта раздрукоўкі маюць шыфравальны характар.

Тое самае адбылося і ў лютым. Мікіта Емяльянаў прасіў артыкулы пра старажытных ваяроў, пра розныя вайсковыя фармаванні мінулых часоў, але нічога з дасланага не змог атрымаць. Апроч таго, палітвязню не перадалі і раздрукоўкі Крымінальна-выканаўчага кодэксу і Правілаў унутранага распарадку ў турме, бо у іх былі падкрэсліванні, што супрацоўнікі ўстановы ізноў палічылі шыфрам.

list_emelianov_10.jpg

Не перадалі палітвязню і раздрукоўкі з Вікіпедыі, сайтаў інтэрнэт-крамаў oz.by і chitatel.by, у якіх утрымлівалася інфармацыя пра кнігі па камп’ютарных гульнях Скайрым, Паданні Тамрыэля (The Elder Scrolls) ды Варкрафт (Warcraft): іх асартымент, кошты. У Мікіты Емяльянава, як і ў іншых вязняў, ёсць права набываць кнігі ў гандлёвых сетках (арт. 89 КПК). Раздрукоўкі з Вікіпедыі мелі інфармацыюі пра парадак кніг у пэўных кніжных серыях, іх змест.

Прычына, з якой адміністрацыя выняла раздрукоўкі з ліста – англійская мова, а менавіта арыгінальнае напісанне назваў гульняў і выдадзеных кніг па ім. Таксама ў артыкулах з Вікіпедыі маюцца некаторыя брэндавыя назвы на ангельскай, кшталту Windows, PlayStation, Xbox ды іншыя.

Акрамя таго, не перадалі палітзняволенаму і раздрукоўку з сайта дзяржпрадпрыемства “Белпошта”, у якой былі апісаныя параметры паштовага адпраўлення “ліст”. Такая раздрукоўка была адпраўленая Мікіту праз тое, што адміністрацыя турмы не прымала ў яго лісты на волю, спасылаючыся на тое, што ён адправіў дзве бандэролі, і ліміт вычэрпаны. Аднак палітвязень хацеў адправіць лісты замоўнымі, а не бандэроллю, і параметры адпраўлення “Белпошты” дазваляюць гэта зрабіць. Але ж адміністрацыя не дала магчымасці азнаёміцца з інфармацыяй пра адпраўленні, бо ў раздрукоўцы нібыта выявілі шыфр – выдзеленая інфармацыя, на якую трэба было звярнуць Мікітаву ўвагу.

list_emelianov_11_1.jpg

У чарговым лісце, напісаным 9 сакавіка, Мікіта Емяльянаў паведамляе, што раздрукоўкі былі вынятыя зноў. У лісце да яго было напісана пра серыю гістарычных кніг Бэрнарда Корнуэла "Саксонскія хронікі", а таксама пра кнігі з цыклу "Невядомая гісторыя" пад рэдакцыяй Анатоля Тараса. Да ліста прыкладзеныя раздрукоўкі - артыкул з Вікіпедыі пра цыкл кніг "Саксонскія хронікі", а таксама інфармацыя з сайта Оz.by пра гэтыя кнігі.

Прычыны, з якіх не прапусцілі раздрукоўкі пра "Саксонскія Хронікі" невядомыя, бо ў апісанні да іх было адмыслова пазначана "без падкрэсленняў і без англійскай мовы". Але нейкая прычына ў адміністрацыі турмы ўсё адно знайшлася.

Вядома, што з 1 па 6 сакавіка Мікіту Емяльянава кінулі ў штрафны ізалятар за “міжкамерную сувязь”.

Забарона на медычную пасылку і скаргі на недахоп ежы

Яшчэ ў снежні 2020 года Мікіта Емяльянаў напісаў заяву, у якой прасіў дазвол на атрыманне медычынай пасылкі вагой да 50 кг, у якую могуць уваходзіць і прадукты харчавання. Але ў студзені адміністрацыя турмы адмовіла ў атрыманні такой пасылкі нібыта праз адсутнасць медычных паказанняў.

Палітвязень скардзіцца, што не можа наесціся, аднак яму не дазваляюць атрымаць ежу пасродкам пасылкі. А згодна з умовамі строгага рэжыму, Мікіту Емяльянаву дазваляецца скарыстаць толькі адну базавую велічыню ў месяц на пакупку прадуктаў ды прадметаў першай неабходнасці ў турэмным магазіне (29 рублёў).

Ад моманту пераводу ў турму палітзняволены ўжо быў на кароткатэрміновым спатканні з роднымі (яму дазволена толькі адно такое спатканне на год). Таксама Мікіта мае права штомесяц на адну тэлефонную размову працягласцю не больш за 15 хвілін і атрыманне дадатковай пасылкі да 10 кг з садавінай і гароднінай (апельсіны, яблыкі, лімоны, цыбуля, часнык і вітаміны) у перыяд сезонных рэспіраторных захворванняў.

24 сакавіка ў Мікіты Емяльянава будзе дзень народзінаў. Гэта другі яго дзень народзінаў, які ён будзе сустракаць за кратамі. Агулам у зняволенні ён 1 год і 5 месяцаў.

Падтрымаць палітвязня лістамі і паштоўкамі можна па адрасе:

Турма №4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А

Емяльянаву Мікіту Уладзіміравічу


Нагадаем, Мікіта Емяльянаў — актывіст анархісцкага руху, асуджаны 12 лютага 2020 года судом Савецкага раёна г. Мінска да 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 27 сакавіка Мінгарсуд па апеляцыйнай скарзе зменшыў тэрмін Мікіце Емяльянаву — да 4 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Мікіту Емяльянава палітычным зняволеным і выступіла з патрабаваннем неадкладнага перагляду яго прысуду. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства