Пяці фігурантам справы за надпіс "Не забудзем" пакінулі прысуды ў сіле. Яны паедуць на "хімію" і ў калонію
Мінскі гарадскі суд 5 сакавіка разглядзеў пяць апеляцыйных скаргаў на прысуды па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (злоснае хуліганства) за нанясенне надпісаў "Не забудзем!" на Пушкінскай каля народнага мемарыяла, прысвечанага забітаму пратэстоўцу Аляксандру Тарайкоўскаму. Суд Фрунзенскага раёна 8 снежня асудзіў палітзняволеных Дзяніса Граханава і Ігара Самусенку да 1,5 года "хіміі", Марыю Бабовіч да 1,5 года "хатняй хіміі", а Уладзіслава Гуліса і Максіма Паўлюшчыка — да 2 гадоў калоніі. Такія прысуды вынеслі суддзі Юлія Крэпская і Юлія Блізнюк, дзяржабвінавачванне па гэтых справах падтрымлівала сумнавядомая пракурорка Аліна Касьянчык. Усе асуджаныя не пагадзіліся з такімі прысудамі і абскардзілі іх.
Апеляцыйныя скаргі фігурантаў справы за надпіс "Не забудзем" разглядалі судовыя калегіі Мінгарсуда пад старшынствам суддзяў Таццяны Фалькоўскай і Валянціны Зенькевіч. Яны пакінулі ўсе пяць апеляцыйных скаргаў без задавальнення, а прысуды — у сіле. Гэта значыць, што цягам некалькіх тыдняў Дзяніс Граханаў і Ігар Самусенка будуць накіраваныя ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу адбываць "хімію" тэрмінам на 1,5 гады — тады яны зноў будуць прызнаныя палітычнымі зняволенымі. Бліжэйшым часам крымінальна-выканаўчая інспекцыя прызначыць умовы адбывання "хатняй хіміі" на 18 месяцаў для Марыі Бабовіч, а палітзняволеныя Уладзіслаў Гуліс і Максім Паўлюшчык будуць этапаваныя са следчых ізалятараў у калоніі адбываць пакаранне тэрмінам на 2 гады.
Першы прысуд за надпіс "Не забудзем" на Пушкінскай: 2 гады калоніі і 18 месяцаў "хатняй хіміі"
За другі надпіс "Не забудзем!" на Пушкінскай мінчукоў асудзілі да "хіміі" і калоніі строгага рэжыму
Палітвязень Дзяніс Граханаў: Гэта быў паказальны працэс, каб запалохаць іншых людзей