viasna on patreon

Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні васьмі новых палітвязняў

2021 2021-03-03T17:31:50+0300 2021-03-03T17:46:44+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/brest_protesty_den_vtoroy_2020_3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Супольная заява праваабарончых арганізацый Беларусі

Мінск, 03.03.2021

У сувязі з інфармацыяй аб узяцці пад варту і прад’яўленні абвінавачванняў па частцы 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса ("Групавыя дзеянні, груба парушаючыя грамадскі парадак") Вікторыі Кульшы і асуджэнні да абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкратага тыпу Сяргея Міраеўскага, а таксама аб асуджэнні да пазбаўлення волі і ўзяццю пад варту па ч. 2 арт. 293 КК ("Масавыя беспарадкі") Рыгора Давыдава, Аляксея Беразінскага, Уладзіміра Рубашэўскага, Сяргея Салохі, Марэка Сірадзэ, Віталіі Бандарэнка, яшчэ раз пацвярджаючы пазіцыю, выкладзеную ў супольнай заяве праваабарончай супольнасці ад 10 жніўня 2020 года, адзначаем наступнае:

Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.

Выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.

Сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі.

Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.

У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь.

Таксама лічым неабходным адзначыць, што дэманстрантамі не здзяйсняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазіцыяй артыкула 293 Крымінальнага кодэкса, і адпаведна не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам.

Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і абставінаў ужывання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад заведама непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі.

Мы ацэньваем пераслед Вікторыі Кульшы, Сяргея Міраеўскага, Рыгора Давыдава, Аляксея Беразінскага, Уладзіміра Рубашэўскага, Сяргея Салохі, Марэка Сірадзэ, Віталіі Бандарэнка як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі.

У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. Неадкладна вызваліць з-пад варты палітвязняў Вікторыю Кульшу, Сяргея Міраеўскага, Рыгора Давыдава, Аляксея Беразінскага, Уладзіміра Рубашэўскага, Сяргея Салоху, Марэка Сірадзэ, Віталію Бандарэнка і спыніць іх крымінальны пераслед.
  2. Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзянаў, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянаў краіны.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт";

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

РГА "Прававая ініцыятыва”;

Простае таварыства "Ініцыятыва FORB";

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Хьюман Канстанта".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства