Ад 1,5 да 2,5 гадоў калоніі патрабуе пракурор для ўдзельнікаў гарадзенскай акцыі пратэсту
Першага сакавіка ў судзе Ленінскага раёну Гародні працягнуўся разгляд крымінальнай справы пяці гарадзенцаў, абвінавачаных паводле артыкулаў 342 і 364 Крымінальнага кодэксу. Справа за падзеі ў Гародні 6 верасня 2020 года. Адзін з іх - Аляксандар Якубоўскі знік цягам працэсу і абвешчаны ў вышук. Астатнія чатыры - браты Уладзімір і Юрый Седзянеўскія, сёстры Жанна Захаркевіч і Надзея Сцепанцова імкнуцца давесці сваю невінаватасць. У справе фігуруюць ажно 11 "пацярпелых" супрацоўнікаў МУС, піша "Гарадзенская Вясна".
Вядзе справу суддзя Ганна Лявусік, пракурор на працэсе - Аліна Чужаземец. За працэсам назірае праваабаронца Раман Юргель.
На першы дзень вясны былі запланаваныя судовыя спрэчкі, выступ пракурора, выступы трох адвакатаў і чатырох абвінавачаных.
У цэнтры ўвагі апынуўся выступ Аліны Чужаземец, старшага памочніка пракурора Гародні. Спярша дзяржаўная абвінаваўца заявіла грамадзянскі іск на кампенсацыю стратаў - зусім невялікі - толькі 71 рубель - аўтапарку і тралейбуснаму ўпраўленню. Абарона падсудных папрасіла перапынак для азнаямлення з гэтым пазовам.
Пасля перапынку пракурор у выступе зазначыла, што лічыць віну чатырох абвінавачаных цалком даказанай. Пракурор папрасіла суд прызначыць наступнае пакаранне ўсім падсудным - узяцця іх пад варту і заняволіць у калоніі агульнага рэжыму.
Персанальна гэта выглядае так: Надзеі Сцепанцовай - прысудзіць 2 з паловай гады калоніі, яе сястры Жанне Захаркевіч - два гады, а братам Уладзіміру і Юрыю Седзянеўскім - па паўтары гады калоніі.
Апошняе слова абвінавачаных і агучванне прысуду прызначана на 10.30 4 сакавіка.
Ніхто са сведак не памятае абвінавачаных. У Гродне працягваюць судзіць пяць удзельнікаў акцыі пратэсту
Абвешчаны ў вышук адзін з абвінавачаных па крымінальнай справе пяці гарадзенцаў
Справа "гарадзенскай пяцёркі": Пацярпелыя амапаўцы замест сваіх адрасоў называюць адрасы мясцовых актывістаў