Ніхто са сведак не памятае абвінавачаных. У Гродне працягваюць судзіць пяць удзельнікаў акцыі пратэсту

2021 2021-01-19T13:50:51+0300 2021-01-19T14:09:50+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/grodna_sud_5ka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Абвінавачаныя па справе. Фота Рамана Юргеля

Абвінавачаныя па справе. Фота Рамана Юргеля

18 студзеня ў судзе Ленінскага раёну адбываецца працяг разгляду крымінальнай справы ў дачыненні да 5 гарадзенцаў. Іх вінавацяць у парушэнні двух артыкулаў кодэксу. 

На лаве падсудных ажно 5 чалавек - браты Уладзімір і Юрый СедзянеўскіяАляксандр Якубоўскі, сёстры Жанна Захаркевіч і Надзея Сцепанцова. Працэс вядзе суддзя Ганна Лявусік. Дзяржаўным абвінаваўцам выступае старшы памочнік пракурора Аліна Чужаземец. Працэс маніторыць праваабаронца Раман Юргель.

Усіх іх вінавацяць паводле артыкулаў 342 і 364 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Справа пачатая за падзеі ў Гародні 6 верасня 2020 года. Паводле абвінавачвання, Седзянеўскія, Якубоўскі, Захаркевіч і Сцепанцова груба парушалі грамадскі парадак на акцыі пратэсту, пагражаючы і здзяйсняючы гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі. 

На лаве падсудных — пяць чалавек. У Гродне разглядаюць крымінальную справу за вераснёўскую акцыю пратэсту

Дзень першы. Допыт абвінавачаных

18 студзеня працягнуўся допыт сведкаў па справе. Зноў ў судзе была агучана заява ад сведак з просьбай дапытаць іх з захаваннем дадатковых мераў бяспекі. Пракурор выступаў за тое, каб задаволіць хадайніцтва, паколькі нібыта ім ішлі пагрозы. Усе адвакаты выступілі супраць задавальнення такога хадайніцтва, паставіўшы пад сумнеў пагрозы, якія нічым не пацверджаныя. Абвінавачаныя падтрымалі пазіцыю сваіх адвакатаў. Пасля перапынку суддзя прадказальна задаволіла хадайніцтва пра "меры бяспекі". І таму зноў дапытваць сведак вырашылі па-за межамі бачнасці для слухачоў у залі.

Нябачныя сведкі са змененымі прозвішчамі. У Гродне працягваецца суд над пяццю ўдзельнікамі акцыі пратэсту

Допыт сведкаў-амапаўцаў.

Першым за дзвярыма апыталі міліцыянта Андрэя Матэйку. Час падзей ён не памятае, як планавалі прадухіліць парушэнні парадку - не памятае, колькі было людзей - таксама не памятае, лозунгі - не памятае. Заклікаў людзей стаць у счэпку не памятае. Памятае толькі бел-чырвона-белую сімволіку. 

Потым апыталі амапаўца Валянціна Сташэўскага. Нічога канкрэтнага суду паведаміць ён таксама не змог, абвінавачаных у час падзей 6 верасня ён не бачыў і не памятае. Патрабаванняў разысціся ад інфармацыйнай групы міліцыі да дэманстрантаў таксама не памятае.

Далей сведкам выступіла супрацоўніца АМАП Святлана Лазавец. Яна сказала, што людзі крычалі "Жыве Беларусь!" і "Фашысты!". Потым натоўп ішоў на АМАП, узяўшыся за рукі. Памятае, што наносіліся ўдары, але кім канкрэтна - не памятае. Сцвярджае, што газ распылялі дэманстранты і пасля супрацоўнікам міліцыі аказвалі ў службовым транспарце першую дапамогу, прамывалі вочы. Да яе асабіста гвалт не ўжываўся, абавінавачаных не ведае і памятае. Потым сказала, што газ прымяняўся з абодвух бакоў супрацьстаяння.

Пасля перапынку на абед дапыталі амапаўку Людзмілу Зайчык. Яна казала, што не бачыла гвалту ў адносінах да яе і яе калег, але пры гэтым сказала, што бачыла, як каля "Брэста" з натоўпу кідалі бутэлькі і хтосьці распыліў газ. Як і іншыя сведкі, Зайчык не памятае ніводнага з абвінавачаных.

Таксама ў той дзень былі дапытаны тры інспектары ДПС.

На наступны дзень, 19 студзеня, допыт сведкаў з АМАП працягнуўся. Зноў па хадайніцтве пракурора допыт супрацоўніц АМАП пачалі праводзіць за дзвярыма ў кабінеце за суддзёй.

Была дапытана сведка з АМАП Ала Сафронава. Па яе паказаннях, людзі на той акцыі "хапаліся за форму, абражалі АМАП, штурхалі, замахваліся". Інфармацыйная група казала грамадзянам разысціся, але грамадзяне не рэагавалі. "Амапаўцы таксама казалі разысціся, а людзі крычалі ім "фашысты-лукашысты". Каля ўніверсаму "Брэст" АМАП устаў у счэпку, грамадзяне, паводле Сафронавай, паводзілі сябе агрэсіўна, кідалі бутэлькі, газ распылілі, аднаму амапаўцу прамывалі вочы. Таксама яна нібыта бачыла, як каля "Брэста" амапаўца ўдарылі па галаве. У сутыкненні з амапаўцамі былі і мужчыны, і жанчыны. Але абвінавачаных яна таксама не пазнае. 

Іншая сведка з АМАП Ангеліна Нагорная сказала, што грамадзяне штурхалі іх, спрабавалі сарваць маскі, хапалі за форму. Апазнаць людзей з натоўпу і,адпаведна, абвінавачаных, яна не можа. 

Таксама дапыталі міліцыянта з Кастрычніцкага РАУС Гародні Мікалая Садорына. Ён казаў, што працаваў у інфармацыйнай групе на той акцыі і тлумачыў грамадзянам аб недапушчальнасці парушэнняў заканадаўства праз гучнагаварыцель.

Будзе дапаўняцца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства