viasna on patreon

На лаве падсудных — пяць чалавек. У Гродне разглядаюць крымінальную справу за вераснёўскую акцыю пратэсту Дапоўнена

2021 2021-01-12T19:17:00+0300 2021-01-13T10:35:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/grodna_sud1201.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
На судзе 12 студзеня

На судзе 12 студзеня

12 студзеня ў судзе Ленінскага раёна Гродна пачаўся новы крымінальны судовы працэс. На лаве падсудных 5 чалавек — браты Уладзімір і Юрый Седзянеўскія, Аляксандр Якубоўскі, сёстры Жанна Захаркевіч і Надзея Сцепанцава. Працэс вядзе суддзя Ганна Лявусік. Дзяржаўным абвінаваўцам выступае старшы памочнік пракурора Аліна Чужаземец. За працэсам назірае праваабаронца Раман Юргель.

Усіх іх абвінавачваюць па артыкулах 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя або ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Справа распачата за падзеі ў Гродна 6 верасня 2020 года.

У справе фігуруюць 11 пацярпелых супрацоўнікаў МУС. Ніхто з іх на першае судовае пасяджэнне не з'явіўся. Суд пастанавіў выклікаць іх на іншае пасяджэнне. Пры тым прозвішчы "амапаўцаў" у справе змененыя, гэта тлумачыцца нібыта мерамі бяспекі ў дачыненні да іх.

Хто абвінавачаныя?

  • Уладзімір Седзянеўскі, з вышэйшай адукацыяй, ёсць трое дзяцей 1,9,7 гадоў, працуе ў Гродне.
  • Юрый Седзянеўскі, з вышэйшай адукацыяй, ёсць двое дзяцей 2 і 7 гадоў, працуе інжынерам.
  • Аляксандр Якубоўскі, з вышэйшай адукацыяй, ёсць двое дзяцей 2.5 і 4 гады, дырэктар прыватнай фірмы.
  • Жанна Захаркевіч, з вышэйшай адукацыяй, ёсць двое дзяцей 14 і 16.
  • Надзея Сцепанцова, з вышэйшай адукацыяй, 17 гадоў сыну.

Раней ніхто з іх не прыцягваўся да крымінальнай адказнасці.

У чым іх абвінавачваюць?

Паводле абвінавачання, Аляксандр Якубоўскі шостага верасня прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, парушыўшы рух транспарту. Ужываў гвалт да супрацоўнікаў міліцыі, сваімі дзеяннямі пасягаў на агульны спакой. Негатыўна рэагаваў на заўвагі. Маючы злачынны намер, прыняў удзел у несанкцыянаваным мітынгу і пры гэтым перашкодзіў службовай дзейнасці 10 супрацоўнікаў міліцыі. Пагражаў прымяненнем гвалту да супрацоўнікаў, узяўшыся за рукі з чатырма іншымі ўдзельнікамі акцыі. Якубоўскі заахвоцілі грамадзян да гвалтоўных дзеянняў, прычыніў фізічны боль. Яму было прад'яўленае абвінавачванне па арт. 342 і 364 Крымінальнага кодэкса.

Надзея Сцяпанцава шостага верасня ўдзельнічала ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, аказваючы пры гэтым відавочнае непадпарадкавання патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. У сваіх дзеяннях мела злачынны намер, перашкодзіла службовай дзейнасці 11 супрацоўнікам АМАП. Таксама яна пагражала прымяненнем гвалту да супрацоўнікаў міліцыі, аказвала супраціў і нанесла адну траўму – ударыла па твары аднаго з супрацоўнікаў. Акрамя таго, паводле абвінавачвання, з-за далейшага ўдзелу ў шэсці да ўнівермага «Брэст» быў нанесены ўрон аўтапарку памерам у 61 рубель.

Уладзімір Седзянеўскі абвінавачваецца ў тым, што шостага верасня, дакладна ведаючы аб правядзенні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, прыбыў на месца яго правядзення, «натхняў» навакольных на ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Ён замахваўся на грамадскі спакой, негатыўна рэагаваў на патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі, аказваў непадпарадкаванне. Нанёс шкоду аўтапарку ў памеры 20 руб і 51 рубля – тралейбуснаму парку. Арганізавана узяўшыся за рукі з іншымі ўдзельнікамі акцыі, Седзянеўскі і іншыя выштурхоўвалі супрацоўнікаў УУС з праезнай часткі, заклікалі іншых грамадзян да непадпарадкавання, што заахвоціла іх прымяняць гвалт да супрацоўнікаў, кідаць камяні.

У Юрыя Седзянеўскага і Жанны Захаркевіч змест абвінавачванняў падобны. Так, з абвінавачвання Юрыю Седзянеўскаму вынікае, што ён меў намер на ўжыванне гвалту да 13 супрацоўнікаў АМАП.

Што кажуць на судзе абвінавачаныя?

Аляксандр Якубоўскі сказаў, што ў той дзень (шостага верасня) ён накіроўваўся ў кампутарную акадэмію "Шаг", запісвацца на курсы, і ўбачыў групу людзей на вуліцы Гарнавых. Якубоўскі сцвярджае, што ніякіх заклікаў да масавага мерапрыемства не чуў і ніхто з людзей не парушаў грамадскі парадак. Ніхто нікога не папярэджваў аб якіх-небудзь парушэннях заканадаўства. Яго асабіста схапіў невядомы ў балаклаве, без усялякіх апазнавальных знакаў, пацягнуў, ударыў, потым адпусціў. Ніякіх мэтавых дзеянняў людзі не рабілі, проста інтуітыўна ўзяліся за рукі, калі на іх наляцелі невядомыя ў чорнай вопратцы. Якубоўскі адказаў на пытанні пракурора і заявіў, што ў мірных грамадзян не было ніякай агрэсіі і заклікаў да гвалтоўных дзеянняў. Наадварот, быў гвалт у дачыненні да мірных людзей, яго асабіста таксама затрымалі і завезлі ў Кастрычніцкі РАУС, пазней аштрафавалі на 20 базавых велічынь па артыкуле 23.34.

Далей адбыўся допыт Надзеі Сцепанцовай. Яна сказала, што акрамя роднай сястры Жанны Захаркевіч, іншых трох абвінавачаных раней не ведала. 6 верасня збіралася паехаць у гандлёвы цэнтр, на вуліцы Гарнавых убачыла групу людзей, якая мірна ішла па тратуары, нічога не парушаючы. Ніхто нікога ні пра што не папярэджваў, убачыла людзей у чорным і балаклавах, якія пырскалі на людзей газам. Распавяла, што перажыла тады шок ад распыленага газу і брутальных дзеянняў людзей у чорным. Калі большасць людзей разбеглася, пачалася бойка з людзьмі ў чорным (амапаўцамі). Адзін з людзей у чорным закрычаў, што ён з Расеі, потым гэта крычалі і іншыя і пры тым яны "брудна" лаяліся матам. Ніхто з людзей не наносіў удараў невядомым, наадварот, гэта яны білі людзей. Сцепанцова бачыла, як адзін з іх душыў чалавека каленам. Ніякіх удараў ім Сцяпанцова не здзяйсняла. У яе спаўзла сумка з правага пляча і давялося здзейсніць рух, каб утрымаць сумку, - менавіта гэта дзеянне следства палічыла чамусьці "ударам". Толькі 10 лістапада Сцяпанцову выклікалі ў Следчы камітэт і тады яна даведалася, што праходзіць па крымінальнай справе.

Уладзімір Седзянеўскі сказаў, што знаёмы толькі са сваім братам Юрыем, іншых траіх абвінавачаных ён не ведае. Шостага верасня ён пайшоў прагуляцца ў цэнтры Гродна, убачыў каля Філармоніі шмат людзей, якія ішлі па тратуары, таксама ўбачыў каля Гарнавых,10 людзей у чорным і балаклавах. Затым пачаліся затрыманні.

"Я спалохаўся, у шоку спыніўся, з братам за рукі ўзяліся, каб не выцягнуў нас. З натоўпу крычалі, ўзяцца за рукі, каб не забралі ў аўтазак. Убачыў, што "чорныя" наперадзе збіваюць мужчыну, жанчына ў чорнай балаклаве падбегла і пырснула нам з братам у вочы газавым балончыкам. Стала няма чым дыхаць, запякала вочы. Атрыбутыкі, плакатаў не было, лозунгаў не скандавалі, у бок АМАПу абразлівых слоў не крычалі, толькі "адпусціце!». Амапаўцаў я не выштурхваў, прадметаў у іх не кідалі, удараў па ім не наносілі. Пасеў распылення газу было цяжка дыхаць, у брата хварэлі вочы ад газу, і мы пайшлі дадому на вул. Купалы".

Юрый Седзянеўскі пацвердзіў словы брата: "Мы з братам сустрэліся і пайшлі пешшу ў цэнтр горада, паглядзець, што адбываецца на Савецкай плошчы. Са жніўня там збіраліся людзі пасля выбараў, не згодныя з іх вынікамі і збіццём людзей. Мне з інтэрнэту стала вядома, што людзі збіраюцца».

Калі яны з братам дайшлі да прыпынку Гарнавых па тратуары, там стаялі іншыя людзі, ніжэй па вуліцы выскачылі з-за кута людзі ў чорным і масках, балаклавах, сталі хапаць людзей, збіваць на зямлі дубінкамі. Аб неабходнасці разысціся не казалі. Сцягоў у людзей не было, лозунгаў не выкрыквалі. "Мы інстынктыўна спыніліся і ўзяліся за рукі. Кагосьці перад намі збівалі, людзі крычалі. Баяліся, што таксама паб'юць дубінкамі, і ўзяліся за рукі рэфлексійна, каб не пацягнулі з натоўпу. Газ мне трапіў у вочы. Ззаду натоўп на нас ціснуў, і мы так рухаліся наперад, каб не ўпасці. Сваім целам не выштурхваў іх (АМАП – Заўв.), не чапаў іх, удараў ім не наносілі, прадметаў не кідалі. Была цісканіна на тратуары, вочы пяклі ад газу. Затрыманы я не быў тады. Мы з братам развярнуліся і пайшлі назад дадому па ходніках па праспекце Я. Купалы. Калі падышлі да ўніверсама "Берасце", там дарога была перакрытая людзьмі ў чорным у шлемах, са шчытамі. Убачыў, што там зноў распыляюць газ з балона. Мы разгарнуліся і пайшлі дварамі дадому. Супрацоўнікаў мы не выцяснялі, не дакраналіся, ніхто нічога не кідаў у іх з натоўпу».

Юрый адзначыў, што з імі побач ён не бачыў Сцяпанцову, Захаркевіч і Якубоўскага. З імі пазнаёміліся толькі шостага лістапада ў Следчым камітэце.

Допыт Жанны Захаркевіч: "Мы з сястрой паехалі ў цэнтр. Ішлі пешшу, на прыпынку Гарнавых былі людзі, яны па тратуары ішлі. Пачулі крыкі, убачылі, як збівалі людзі ў чорным у балаклавах ляжачага мужчыну. Сцягоў у нас не было, лозунгі не выкрыквалі. Патрабаванняў пакінуць мерапрыемства не было. Убачылі, як збіваюць жанчын, мужчын, стаяла з сястрой, былі ў шоку! Рэфлексійна ўзяліся пад руку з сястрой, каб не збілі, не пацягнулі. Мы з сястрой і ходзім пад руку. Натоўп ззаду ціснула на нас, не было куды дзецца, не датыкалася з людзьмі ў чорным. Пыталася ў іх: "навошта б'яце людзей?». А ў адказ пачулі, што нібыта яны з Расіі. Яны сказалі: "білі вас і біць будзем!». Мяне і сястру не затрымлівалі. Разгарнуліся з сястрой пасля ўбачанага і пайшлі дадому па тратуары. І людзі ішлі па тратуары перад намі. На праезную частку не выходзілі".

Працяг разгляду справы прызначаны на 10.30 13 студзеня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства