Абвешчаны ў вышук адзін з абвінавачаных па крымінальнай справе пяці гарадзенцаў
25 студзеня ў судзе Ленінскага раёну Гародні павінен быў адбыцца працяг крымінальнага працэсу ў дачыненні да пяці гарадзенцаў, якія абвінавачваюць паводле артыкулаў 342 і 364 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Аднак адзін з падсудных - Аляксандр Якубоўскі ў суд не з'явіўся. Прычыны яго нез'яўлення пакуль невядомыя.
Як перадае "Гарадзенская Вясна", суддзя Ганна Лявусік прыпыніла працэс, пайшла ў дарадчы пакой, а вярнуўшыся, пастанавіла перанесці разгляд крымінальнай справы, Якубоўскага ж даставіць у суд прымусова на 15-ю гадзіну. А 15-й гадзіне высветлілася, што Якубоўскі не з'явіцца ў судзе. Жонка Якубоўскага паведаміла сакратару суда, што не ведае, дзе ён знаходзіцца. У суд паступіў рапарт участковага, што даставіць Якубоўскага ў суд не прадстаўляецца магчымым. Пракурор прапанавала абвесціць яго ў вышук. На гэта адвакаты заявілі, што абвяшчаць у вышук Якубоўскага яшчэ недастаткова падставаў. Суддзя Лявусік пастанавіла ўрэшце абвесціць Аляксандра Якубоўскага ў вышук, працэс пакуль прыпыніць.
Такім чынам працягу апытання сведак 25 студзеня не адбылося. Далейшы разгляд справы перанесены на 5 лютага на 10.30.
Нагадаем, што абвінавачанымі па справе праходзяць браты Уладзімір і Юрый Седзянеўскія, сёстры Надзея Сцепанцова і Жанна Захаркевіч, а таксама Аляксандр Якубоўскі. Усіх пяцёх вінавацяць за падзеі ў Гародні 6 верасня 2020 года. Паводле абвінавачвання, Седзянеўскія, Якубоўскі, Захаркевіч і Сцепанцова груба парушалі грамадскі парадак на акцыі пратэсту, пагражаючы і здзяйсняючы гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі. У справе фігуруюць ажно 11 пацярпелых супрацоўнікаў МУС. Яны былі дапытаныя цягам першых некалькіх пасяджэнняў. Таксама ў якасці сведкаў былі дапытанеы супрацоўнікі ДАІ, іншыя супрацоўнікі міліцыі, кіроўца з аўтапарку і нават супрацоўнікі кніжнай крамы, каля якой разгортваліся падзеі.
Ніхто са сведак не памятае абвінавачаных. У Гродне працягваюць судзіць пяць удзельнікаў акцыі пратэсту