viasna on patreon

Праваабаронца Леанід Судаленка з турмы: Справу перадалі ў Цэнтральны СК – рыхтуецца нешта не зусім звычайнае

2021 2021-02-22T12:48:52+0300 2021-02-22T13:19:50+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudalenka-smiarotnae.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Палітзняволены праваабаронца “Вясны” Леанід Судаленка ўтрымліваецца пад вартай у гомельскім СІЗА №3 ужо больш за месяц — з 18 студзеня. Яго абвінавачваюць у фінансаванні і арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 і 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Праваабаронцу пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Пры гэтым, Леанід не падае духам і распавядае, што “па прычыне абсурднасці выстаўленых абвінавачванняў” адмовіўся сведчыць супраць сябе і супрацоўнічаць са следствам. Днямі мы атрымалі ліст ад нашага калегі. Якія турэмныя навіны адбыліся ў праваабаронцы за гэты час і як праходзіць яго дзень  распавядае Леанід Судаленка ў сваім лісце з следчага ізалятара №3. 

Леанід Судаленка, актывіст кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”
Леанід Судаленка, актывіст кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”

“Справу перадалі ў Цэнтральны СК рыхтуецца нешта не зусім звычайнае”

Леанід Судаленка даслаў ліст 11 лютага – на 24-ы дзень «камандзіроўкі», як называе гэта сам праваабаронца. У ім вясновец паведамляе, што яго справу перадалі з абласнога Следчага камітэта ў Цэнтральны апарат СК у Мінску.

“Мяне наўрад павязуць следам за справай у сталічнае СІЗА на Валадарку. Хутчэй, рыхтуецца нешта не зусім звычайнае, не буду загадваць...” – пракаментаваў гэта Леанід Судаленка.

Нагадаем, 16 лютага ў офісах і па месцу жыхарства сябраў Праваабарончага цэнтру "Вясна", Беларускай асацыяцыі журналістаў, незалежнага прафсаюзу РЭП і іншых актывістаў прайшлі ператрусы ў межах крымінальнай справы па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі. МУС паведаміла пра правядзенне па ўсёй Беларусі каля 90 ператрусаў.

"Вось так і цячэ мой будучы тэрмін"

Пра сваё здароўе Леанід піша, што адчувае сябе нармальна, "наколькі гэта магчыма ва ўмовах шэрасці і прыцемка турэмнай камеры”. Праваабаронца распавядае, што яго ўтрымліваюць у камеры з чатырма чалавекамі. 

“Увесь дзень гарыць святло, грае радыё, ноччу гарыць начнік (“месяц”). Тут рэжым, пад’ём у 6 гадзін, адбой у 22 гадзіны. Днём на ложках толькі сядзець можна, ляжаць забаронена!” – распавядае пра ўмовы ўтрымання Леанід.

Праваабаронца знайшоў сабе занятак: шашкі, шахматы, кнігі.

«Чытаю Хуліё Картасара, Чарльза Дікенса, вось так і цячэ мой будучы тэрмін (да трох гадоў)...»

Праваабаронца піша, што ўся надзея на кнігі з перадач, бо на мясцовую бібліятэку надзеяў мала:

“Замовіў Крымінальны кодэкс, дык у ім яшчэ няма майго артыкула, насколькі старажытны..." 

Ліст Леаніда Судаленкі да калегаў. Фота: spring96.org
Ліст Леаніда Судаленкі да калегаў ад 11 лютага. Фота: spring96.org

"У дзень па 15-20 лістоў атрымліваю"

Леанід Судаленка піша, што вельмі адчувае падтрымку з волі. На грошы, якія яму паклалі на рахунак, ён набывае розныя прыемныя рэчы для сябе ва ўнутранай краме – "атаварцы":

«Набыў гарчычны маянэз да сала і каўбасы. Мая сям'я мяне падтрымлівае, так што на сухі паёк не прыйшлося пераходзіць…»

Праваабаронца Леанід Судаленка з дзяцьмі
Праваабаронца Леанід Судаленка з дзяцьмі ў 2014 годзе

Па словах праваабаронцы, яму піша шмат людзей, у тым ліку незнаёмых.

«У дзень па 15-20 лістоў атрымліваю. Вечарамі адпісываюся, так час хутчэй ляціць. Ужо адвык ад сацсетак, прыйдзецца па-новай вучыцца :)»

Леанід перадае прывітанне “ўсім добрым людзям”.

Сёння, 22 лютага, у Мінскім гарадскім судзе разглядалася скарга Леаніда Судаленкі на пастанову аб прымяненні меры стрымання ў выглядзе ўтрымання пад варту. Яе разглядаў суддзя Максім Лапко. Паседжанне, як звычайна па такіх справах, праходзіць у закрытым рэжыме, але вынік яго, на жаль, прадказальны.

Заклікаем падтрымаць нашага калегу лістамі і паштоўкамі салідарнасці!

Адрас: СІЗА №3, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А, 246003

Судаленку Леаніду Леанідавічу


Леанід Судаленка – старшыня гомельскага аддзялення Праваабарончага цэнтра "Вясна", праваабаронца з 20-гадовым стажам аказання дапамогі ў аднаўленні парушаных правоў грамадзянаў. Ён дапамагаў у падрыхтоўцы і накіраванні шматлікіх індывідуальных зваротаў у Камітэт па правах чалавека ААН супраць Беларусі. 

5 студзеня ў грамадска-палітычным цэнтры на вуліцы Палескай, 52, дзе знаходзіцца ў тым ліку і офіс "Гомельскай Вясны", адбыўся ператрус, які доўжыўся больш за 9,5 гадзін. Увесь гэты час у офісе знаходзіўся Леанід Судаленка. Пасля ператрусу яго даставілі ва УБАЗ, затым адпусцілі. Таксама правялі ператрус у яго доме.

Праваабаронцу затрымалі раніцай 18 студзеня па дарозе на офіс у межах крымінальнай справы, узбуджанай па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Пазней яму прад'явілі абвінавачванне па ч. 1 і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса, а 21 студзеня перавялі ў СІЗА №3, дзе ўтрымліваецца па гэты дзень.

За сваю праваабарончую дзейнасць быў удастоены прэстыжнай французскай прэміі "Свабода-Роўнасць-Братэрства" ў 2019 годзе. У тым жа годзе беларускай праваабарончай супольнасцю ён быў узнагароджаны Нацыянальнай прэміяй за дасягненні ў галіне правоў чалавека ў намінацыі "Праваабаронца года".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства