viasna on patreon

"Здагадкі не могуць з'яўляцца падставай для прысуду!" Што сказаў у апошнім слове Лявон Халатран

2021 2021-02-17T14:07:20+0300 2021-02-17T14:16:24+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/levon_halatryan_02.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Лявон Халатран у зале суда. Фота з афіцыйнай старонкі штаба Віктара Бабарыка

Лявон Халатран у зале суда. Фота з афіцыйнай старонкі штаба Віктара Бабарыка

У судзе Фрунзенскага раёна г. Мінска 17 лютага кіраўнік Ruin Bar ОК16 і валанцёр выбарчага штаба Віктара Бабарыка Лявон Халатран выступіў з апошнім словам.

Ён сказаў:

"Высокі суд, мяне завуць Лявон Халатран. Мне 34 гады. Я з'яўляюся індывідуальным прадпрымальнікам, забяспечваў сам сябе працай і іншых людзей таксама.

Мае бацькі - лекары: тата - ваенны лекар, афіцэр, мама - педыятр-афтальмолаг. У мяне ёсць маленькі сын, у якога 12 сакавіка будзе дзень нараджэння, і я б вельмі хацеў сустрэць яго з ім дома.

Я з'яўляюся законапаслухмяным грамадзянінам, і вельмі люблю сваю краіну - Беларусь. Таму мне дагэтуль незразумела, крыўдна і прыкра, што я паўгода знаходжуся пад вартай.

Таму цяпер я б хацеў яшчэ раз вярнуцца да абвінавачвання і вымавіць услых некаторыя пытанні, якія для мяне засталіся незразумелымі.

Па-першае, што такое актыўны ўдзел, і ў чым яго адрозненне ад пасіўнага ўдзелу? У чым выяўляецца дзеянне? Як можна быць дасведчаным аб правядзенні мерапрыемства без падачы заявы ў выканаўчыя органы? Як часта людзі, знаходзячыся дома, тэлефануюць у гарвыканкам, каб удакладніць інфармацыю аб мерапрыемствах паблізу, якія праходзяць без дазволу? Што такое дэструктыўная дзейнасць, і якімі законамі апісваецца гэта паняцце? Як можна заблакаваць рух транспарту, калі ён быў заблакаваны ДАІ яшчэ днём? Як можна пацягнуць парушэнне працы Мінсктранска, калі выйсці на вуліцу праз паўгадзіны пасля заканчэння яго дзейнасці? Як можна выконваць нечыя заклікі і пры гэтым здзяйсняць загадзя спланаваныя дзеянні?

Яшчэ пару слоў хачу сказаць пра грамадзянскі пазоў. Чаму ў суд прыходзіць чалавек ад кампаніі, і ён абсалютна не гатовы - ён нават не можа патлумачыць ніводнага разліку. Такое адчуванне, што яго прывялі сюды сілком.

Хачу пракаментаваць некаторыя словы спадара пракурора аб тым, што я нібыта даю супярэчлівыя паказанні. Я зачытваю: "Я накіраваўся назад да штаба, пры гэтым я накіраваўся па вуліцы Харужай". Я не вінаваты, што следчы няправільна расставіў коскі, якія вельмі важныя пры вызначэнні сэнсу. Я накіраваўся ў напрамку штаба па Харужай коска потым павярнуў на Багдановіча, і супярэчнасцяў ніякіх няма. Я гуляў туды, а потым туды, і ў гэтым няма нічога дзіўнага: што людзі ходзяць па горадзе, па вуліцы, па тратуары ў момант, калі ніякіх каменданцкіх гадзінаў і ваеннага становішча не ўведзена.

І яшчэ: пракурор кажа, што я быў пра нешта дасведчаны. Не ведаю, аб чым я быў дасведчаны, па-мойму, гэта здагадка. Нагадаю, што здагадкі не могуць з'яўляцца падставай для прысуду.

Далей, я нібыта даведаўся, што ў гэты момант па Машэрава ідзе натоўп людзей. Нагадаю, што апошні дыялог, які ёсць у справе - гэта размова з Антонам Бяленскім у 23.45, дзе ён кажа, што яны ідуць у бок Стэлы. Якім чынам, выйшаўшы праз гадзіну, я павінен быў даведацца, што яны ідуць назад?

Далей, я нібыта інфармаваў Бяленскага. Я яшчэ раз паўтару: інтэрнэту не было, і тысячы людзей стэлефаноўваліся, выкарыстоўваю гэты спосаб сувязі ў адсутнасць інтэрнэту.

І апошняе, што больш за ўсё мяне ўразіла: як можна мне сказаць, што абцяжарваючая акалічнасць - гэта здзяйсненне злачынства групай асобаў, калі гэты артыкул прадугледжвае групавыя дзеянні? Як можна здзейсніць групавыя дзеянні групай асобаў? Я проста не разумею, як можна так ставіцца да сваёй працы.

Напрыканцы хачу сказаць, што я не прызнаю сваёй віны і прашу мяне апраўдаць цалкам.

Хачу падзякаваць маёй сям'і, маім сябрам, блізкім людзям і ўсім беларусам, якія аказалі мне падтрымку. Гэта вельмі важна, не перадаць словамі".

Таксама Лявон Халатран выказаў словы падтрымкі ўсім затрыманым са штаба Віктара Бабарыка.

Абвяшчэнне прысуду Лявону Халатрану адбудзецца ў пятніцу, 19 лютага а 10.00.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочвае гэты судовы працэс.

Для Лявона Халатрана пракурор запрасіў два гады абмежавання волі

У працэсе працягнулі вывучэнне пісьмовых матэрыялаў справы і даследвалі рэчыўныя доказы. Былі праслуханыя тэлефонныя размовы розных людей, у тым ліку Антона Бяленскага і Юрыя Савіцкага.

У Мінску судзяць палітвязня Лявона Халатрана

Згодна з абвінавачваннем, Лявон Халатран прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеннях ў ноч з 9 на 10 жніўня, якія пацягнулі грубае парушэнне грамадскага парадку, а менавіта публічна заклікаў людзей да такіх дзеянняў праз інтэрнэт, перакрываў дарогі па вуліцах Багдановіча-Машэрава і Куйбышава-Машэрава ў Мінску, перашкаджаў руху транспарта, выкрыкваў лозунгі, гучна пляскаў у далоні.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства