viasna on patreon

У Мінску судзяць палітвязня Лявона Халатрана Дапоўнена

2021 2021-02-09T12:41:32+0300 2021-02-09T19:32:37+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/halatran_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
У судзе па справе Лявона Халатрана. Фота spring96.org

У судзе па справе Лявона Халатрана. Фота spring96.org

У судзе Фрунзенскага раёна г. Мінска раніцай 9 лютага пачаўся працэс над кіраўніком Ruin Bar ОК16 і валанцёрам выбарчага штаба Віктара Бабарыка Лявонам Халатранам.

Справу разглядае суддзя Юлія Блізнюк, пазіцыю дзяржаўнага абвінавачвання падтрымлівае старэйшы памочнік пракурора Павел Папкоў.

Лявон Халатран быў затрыманы 11 жніўня 2020 года і моцна збіты. Спачатку яго абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса – “Удзел у масавых беспарадках”, аднак у снежні абвінавачванне перакваліфікавалі на ч. 1 арт. 342 КК – “Групавыя дзеянні, груба парушаючыя грамадскі парадак”.

Лявон Халатран жанаты, у яго ёсць маленькі сын. Раней да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся. Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Лявона Халатрана палітычным вязнем.

Палітвязень Лявон Халатран

11 жніўня Лявон выйшаў са сваёй кватэры на вуліцы Гая і дагэтуль туды не вярнуўся.

У судзе забаранілі відэа і фотаздымку, хаця абвінавачваны быў не супраць. Лявон Халатран хадайнічаў аб вяртанні справы ў пракуратуру для выпраўлення граматычных і пунктуацыйных памылак, аднак суддзя такое хадайніцтва не задаволіла.

Згодна з абвінавачваннем, Лявон Халатран прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеннях ў ноч з 9 на 10 жніўня, якія пацягнулі грубае парушэнне грамадскага парадку, а менавіта публічна заклікаў людзей да такіх дзеянняў праз інтэрнэт, перакрываў дарогі па вуліцах Багдановіча-Машэрава і Куйбышава-Машэрава ў Мінску, перашкаджаў руху транспарта, выкрыкваў лозунгі, гучна пляскаў у далоні. Нанесеная нібыта Лявонам шкода Мінсктрансу складае 115 000 рублёў. 

Сваёй віны Лявон Халатран не прызнае. 

levon_halatryan_02.jpg
Лявон Халатран у залі суда. Фота з афіцыйнай старонкі штаба Віктара Бабарыкі

У судзе хацелі дапытаць жонку Лявона – Яну Смаляга, але яна адмовілася сведчыць супраць мужа. 

Суд дапытаў самаго Лявона. Ён сцвярджае, што ніякіх супрацьпраўных дзеянняў не здзяйсняў, а 11 жніўня яго груба затрымлівалі супрацоўнікі ГУБАЗ. Па словах палітвязня, 9 жніўня ён прачнуўся, пайшоў галасаваць, пасля паехаў у штаб Віктара Бабарыкі, у мітынгах удзелу не прымаў. Лічыць, што абвінавачванне звязанае з яго ўдзелам ў ініцыятыўнай групе Віктара Бабарыкі. 

Калі Лявона затрымалі, то адвезлі ў ГУБАЗ, дзе паставілі да сцяны, рукі скруцілі за спіной хамутамі, пачалі збіваць. Міліцыянеры прасілі аддаць пароль ад тэлефона, каб яны спынілі збіццё - Лявон даў пароль.

На Акрэсціна ў ІЧУ палітвязень прасіў зняць пабоі, аднак медыцынскі агляд адбыўся толькі праз два тыдні. Пасля ў медыцынскіх дакументах адсутнічала фатаграфія ілба, дзе была буйная драпіна. 

На працэсе былі дапытаныя сведкі. Марыя Грышчанка распавяла, што гуляла ў ноч з 9 на 10 жніўня па вул. Машэрава і Старажоўская, але Лявона не бачыла.

Яшчэ адна сведка Таццяна Бабчонак з палітвязнем не знаёмая, але мабільны тэлефон, зарэгістраваны на яе імя, быў знойдзены ў Лявона пры затрыманні. Жанчына кажа, што тэлефонам карысталася яе дачка Паліна, якая таксама была затрыманая 11 жніўня. 

Дзяржабвінаваўца зачытаў раздрукоўкі тэлефонных перамоваў розных людей, у іх няма ніякіх пацверджанняў вінаватасці Лявона Халатрана, ён увогуле не з'яўляецца ўдзельнікам часткі размоў. 

У судзе аб'яўлены перапынак да 16 лютага. 

Адвакат валанцёра штаба Бабарыкі Лявона Халатрана Уладзімір Пыльчанка пракаментаваў вынікі першага дня судовага працэсу:

"Абвінавачванне, як казаў мой падабаронны, складзена такім чынам, што зразумець яго сэнс практычна немагчыма. Лявон прасіў суд у адпаведнасці з КПК растлумачыць сутнасць таго, у чым яго абвінавачваюць. Абвінавачванне складаецца з чатырох старонак, з іх тры - гэта суцэльны тэкст з адной кропкай. У гэтай грувасткай лексічнай канструкцыі зразумець, што мелася на ўвазе, вельмі складана любому чалавеку. Да канца Лявон не разумее, у чым ён абвінавачваецца. Абарона таксама спрабуе расшыфраваць, у чым яго абвінавачваюць".

Праваабарончы цэнтр "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочвае гэты судовы працэс

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства