Справа блогераў Пятрухіна і Кабанава рыхтуецца для перадачы ў суд Дапоўнена
Палітвязень Аляксандр Кабанаў паведаміў, што яго і Сяргея Пятрухіна пераводзяць у СІЗА ў Берасце.
Падчас дасудовага следства блогеры знаходзіліся ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску.
Жыхарка Берасця атрымала ліст ад блогера Аляксандра Кабанава, якім падзялілася з "Брэсцкай газетай". У ім Кабанаў паведамляе, што ягоная крымінальная справа перададзена ў пракуратуру для накіравання ў суд.
"А я хутка да вас, у Берасце. Закрыў справу, яго перадалі ў пракуратуру, і хутка будзе ў "судзе". А судзіць будуць у Берасці, і мяне, і Сяргея (Пятрухіна - заўв. рэд.). Так што хутка перавязуць у СІЗА Берасця. І будуць вазіць у "суд". Так што прыходзьце, калі ласка). І прыводзьце знаёмых. Толькі не здзіўляйцеся з нашай справы, у якой няма ні аднаго доказу. Адны здагадкі і фантазіі. Ну ўсё, як заўсёды, беларускае "правасуддзе" яно такое, своеасаблівае. Як і следства», – піша Кабанаў.
Ліст датаваны 28 снежня 2020 года. Не выключана, што блогер ўжо ў Брэсце.
Але... Сёння стала вядома, што старшыня Брэсцкага абласнога суда накіраваў справу Аляксандра Кабанава ў Вярхоўны суд для змены падсуднасці. Гэта значыць, справу будзе разглядаць суд па-за межамі Брэсцкай вобласці, паведамілі сваякі блогера.
Палітвязень Аляксандр Кабанаў быў затрыманы 15 чэрвеня, калі пайшоў па выкліку ў паліклініку для кантроля па адбыцці каранціна, і дастаўлены ў ІЧУ Ленінскага раёна г. Брэста. Суд пакараў блогера арыштам у 15 сутак. Аднак 20 чэрвеня блогер знік з ІЧУ. Ягоны лёс стаў вядомы праваабаронцам толькі 25 чэрвеня, калі ў бацькоў Аляксандра Кабанава адбыўся ператрус, а сам блогер быў пераведзены ў Мінскае СІЗА-1.
Аляксандр Кабанаў знаходзіцца ў статусе падазраванага па крымінальнай справе, узбуджанай паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса і звязанай з падзеямі ў Гродне 29 траўня.
Палітвязень Сяргей Пятрухін — брэсцкі блогер, аўтар ютуб-каналаў "Народны рэпарцёр" і " Youtube-дэпутаты".
16 чэрвеня ён быў затрыманы ў вёсцы пад Пухавічамі, пасля чаго дастаўлены ў Кобрынскі ІЧУ. 25 чэрвеня Сяргея Пятрухіна даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання Мінска.
Стала вядома, што ён затрыманы ў межах крымінальнай справы па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), звязанай з падзеямі ў Гродне 29 траўня.