viasna on patreon

Мінаблсуд пакінуў у сіле прысуд палітвязняў Пяскова і Еўсцігнеева

2020 2020-11-20T15:57:03+0300 2020-11-20T16:35:11+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/molodechno_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У пятніцу, 20 лістапада, у Мінскім абласным судзе адбыўся разгляд апеляцыйных скаргаў адвакатаў палітычных зняволеных Паўла Пяскова і Уладзіслава Еўсцігнеева, а таксама пратэст пракурора Сяргея Габруковіча. Судовая калегія Мінаблсуда пакінула ў сіле прысуд Маладзечанскага суда, а скаргі і пратэст — адхіліла. На апеляцыю палітвязняў прыйшло каля 15 чалавак, Павел Пяскоў удзельнічаў у працэсе праз відэаканферэнц-сувязь. Старшынёй судовай калегіі выступаў суддзя Анатоль Дабрадзей.

Павел Пяскоў і Уладзіслаў Еўсцігнееў. Фота: spring96.org

Нагадаем, 29 верасня 2020 года суд Маладзечанскага раёна асудзіў Паўла Пяскова і Уладзіслава Еўсцігнеева па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса за супраціўленне супрацоўнікам АМАПу з ужываннем гвалту падчас затрымання сілавікамі мірных пратэстоўцаў на акцыі 19 чэрвеня ў Маладзечне. Павел Пяскоў асуджаны на тры гады і тры месяцы пазбаўлення волі, Уладзіслав Еўсцігнееў — на тры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Беларускія праваабаронцы прызналі іх палітычнымі зняволенымі.

Што абскарджвалі палітвязні

На думку Уладзіслава Еўсцігнеева і яго абаронцы Уладзіслава Філіповіча суд Маладзечанскага раёна вынес яму празмерна строгае пакаранне. Пры яго прызначэнні суд нават не ўлічыў шэраг змякчальных акалічнасцяў, што Уладзіслаў чыстасардэчна раскаяўся, супрацоўнічаў са следствам, раней не прыцягваўся да крымінальнай адказнасці, не парушаў рэжым хатняга арышту. Суд і не ўлічыў той факт, што Еўсцігнееў ажыццяўляў дагляд за маці, якая мае інваліднасць другой групы. Сам палітвязень прасіў змяніць прысуд і прызначыць яму пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі. Адвакат Філіповіч акцэнтаваў увагу судовай калегіі на неадпаведнасць прызначанага пакарання і характарыстыкі асобы, у сувязі з чым прасіў калегію змяніць пакаранне маладзечанцу на абмежаванне волі без накіровання ў папраўчую ўстанову.

Адвакат Пяскова Ігар Касцюк прасіў судовую калегію Мінаблсуда спыніць крымінальную справу, бо Павел дзейнічаў ў стане крайняй неабходнасці, бо 19 чэрвеня на мірным сходе супрацоўнікі мінскага АМАПу Якавенка і Баранаў [пацярпелыя] відавочна дзейнічалі непрапарцыйна жорстка пры затрыманні пратэстоўца Мікалая Аленійка. Праз гэта і адбыўся канфлікт, у выніку чаго і была ўзбуджаная крымінальная справа. Павел Пяскоў дапамагаў хлопцу, на якога напалі АМАПаўцы.

Артыкул 36 Крымінальнага кодэкса

Не з'яўляецца злачынствам дзеянне, здзейсненае ў стане крайняй неабходнасці, гэта значыць для прадухілення або ліквідацыі небяспекі, непасрэдна пагрозлівай асобы, правам і законным інтарэсам гэтай асобы або іншых асоб, інтарэсам грамадства або дзяржавы, калі гэтая небяспека пры дадзеных абставінах не магла быць ліквідаваная іншымі сродкамі і калі прычыненую шкоду з'яўляецца менш значным, чым прадухіленне.

Як звярнуў увагу абаронца Паўла Пяскова, з боку абвінавачвання ў судзе было дапытана восем сведак — супрацоўнікаў міліцыі. Але ні адзін з іх не бачыў момант затрымання Алейніка. Адзін з іх наогул не з'яўляўся відавочцам падзеяў, а пры сваіх паказаннях спасылаўся на рапарты пацярпелых. Таму абаронца палітвязня наогул паставіў пад сумнеў праўдзівасць паказанняў сведак. Таксама супрацоўнікі мінскага АМАПу і Маладзечанскага РАУС давалі падчас суда супярэчлівыя паказанні.

На падставе гэтага Ігар Касцюк настойваў, што Павел Пяскоў наогул павінен быць вызвалены з-пад крымінальнай адказнасці.

Таксама адвакат Паўла Пясковаў прывёў статыстку судовых прысудаў у Беларусі па арт. 363 Крымінальнага года за канец 2019 года і пачатак 2020 года, згодна з якой ні адзін чалавек не быў пазбаўлены волі па гэтым артыкуле. Але чамусьці Уладзіслава Еўсцігнеева і Паўла Пяскова адправілі ў калонію на 3 і 3,3 гады адпаведна.

Судовая калегія таксама праглядзела відэа патасоўкі маладзечанцаў з супрацоўнікамі мінскага АМАПу.

Але негледзячы на гэта, Мінаблсуд адхіліў скаргы палітвязняў Уладзіслава Еўсцігнеева і Паўла Пяскова і іх абаронцаў.   

Што апратэстоўваў пракурор 

Пракурор Сяргей Габруковіч, які выступаў дзяржаўным абвінаваўцам па справе маладзечанцаў прынёс пратэст на прысуд палітвязню Паўлу Пяскову. Ён разгледзеў на відэа вугал падзення АМАПаўца Якавенкі пры патасоўцы з маладзечанцамі, і настойваў, каб суд уключыў у абвінавачванне Паўлу Пяскову пашкоджанне левага калена і калашыны супрацоўніку АМАПу. У Мінаблсудзе пратэст Габруковіча падтрымліваў іншы пракурор.

У пратэсце адзначалася, што калі дэталёва разгледзець на відэа момант першага падзення АМАПаўца Вячаслава Якавенкі левым каленам на плітку, відаць, што ён апускаецца пад прамым вуглом, а пасля ўздзеяння з Пясковым «пацярпелы апускаецца на плітку тангенцыйна».

Пракурор запэўніваў, што менавіта Павел Пяскоў сваімі дзеяннямі пашкодзіў супрацоўніку АМАПу калена і калашыну.

У Мінскім абласным судзе Павел Пяскоў сказаў на гэты конт:

"Пракурор Габруковіч нахабна хлусіць, вы самі ўсё бачылі на відэа".

Судовая калегія Мінскага абласного суда адхіліла таксама пракурорскі пратэст.

peskov_spring.jpg

Заключэнне праваабаронцаў "Вясны" па крымінальнай справе Паўла Пяскова і Уладзіслава Еўсцігнеева

Эксперты і юрысты Праваабарончага цэнтра "Вясна" назіралі за крымінальным працэсам над Паўлам Пясковым і Уладзіславам Еўсцігнеевым, абвінавачаным па ч.2 арт. 363 КК Рэспублікі Беларусь (Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў, спалучаны з прымяненіме гвалту).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства