Двух маладзечанцаў пазбавілі волі на тры гады за патасоўку, падчас якой амапавец дастаў пісталет Фота
У судзе Маладзечанскага раёна 29 верасня вынеслі прысуд двум маладзечанцам Паўлу Пяскову і Уладзіславу Еўсцігнееву, якіх судзілі па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса за супраціў супрацоўнікам АМАПу з ужываннем гвалту падчас патасоўкі з сілавікамі на акцыі 19 чэрвеня, на якой амапавец дастаў пісталет. Суддзя Вікторыя Паляшчук прызнала абодвух вінаватымі і пакарала іх пазбаўленнем волі ў калоніі агульнага рэжыму: Паўла Пяскова — на тры гады і тры месяцы, а Уладзіслава Еўсцігнеева — на тры гады. Менавіта такое пакаранне для маладзечанцаў у суддзі і прасіў пракурор Сяргей Габруковіч.
25-гадовага Уладзіслава Еўсцігнеева затрымалі для адбыцця пакарання ў зале суда адразу пасля агалошвання прысуду. 31-гадоваму Паўлу Пяскову змянілі меру стрымання з хатняга арышту на заключэнне пад варту яшчэ 18 верасня. Гэтыя 11 дзён будуць залічаныя ў 3,3-гадавы тэрмін пазбаўлення волі.
Суд вырашыў, што Павел Пяскоў і Уладзіслаў Еўсцігнееў аказалі гвалтоўнае супраціўленне супрацоўнікам мінскага АМАПу Вячаславу Якавенку і Яўгену Баранаву адпаведна, тым самым здзейснілі злачынства, прадугледжаннае ч. 2 арт. 363 КК. Суд устанавіў, што падчас дзеянняў маладзечанцаў амапаўцы атрымалі пашкоджанні: пашкоджанне форменнага абмундзіравання і цялесныя пашкоджанні ў выглядзе драпіны на каленях і локце, якія не пацягнулі за сабой кароткачасовага расстройства здароўя і значнай страты працаздольнасці. У перадапошні дзень судовых разбіральніцтваў судовы медэксперт Міхаіл Скабей, які аглядаў пацярпелых амапаўцаў і даваў заключэнне па іх пашкоджаннях, сказаў, што зафіксаваў у Якавенкі драпіну на левым калене памерам 2 см на 1,5 см. Але фотафіксацыі пашкоджанняў не рабілася — "не прадугледжана ўнутраннымі распараджэннямі".
На судзе Уладзіслаў Еўсцігнееў прызнаў віну цалкам, Павел Пяскоў — часткова. Еўсцігнееў растлумачыў свае дзеянні тым, што ў патасоўку ўвязаўся праз крык жанчыны каля міліцэйскага бусу. Ён падумаў, што жанчыне прычыняюць боль. Тады ён падбег да супрацоўніка АМАПу і "прыхапіў яго рукой", пасля чаго ў выніку ціску натоўпу людзей і праз тое, што Еўсцігнееў падвярнуў нагу, ён упаў разам з супрацоўнікам АМАПу:
"Я ўтрымліваўся за АМАПаўца, каб падаючы, не ўдарыцца аб плітку".
Павел Пяскоў заявіў на судзе, што на вуліцы пачуў крыкі накшалт "Ратуйце, дапамажыце!" і ўбачыў патасоўку, у якой "АМАПавец націскае на чалавека", пасля чаго ён умяшаўся. Па яго словах, ён хацеў спыніць гэты канфлікт, бо там прысутнічалі дзеці і гэта адбывалася ў грамадскім месцы. Намеру прычыніць шкоду супрацоўнікам АМАПу, як сцвярджалася падчас суда, не было ні ў Паўла Пяскова, ні ў Уладзіслава Еўсцігнеева.
Нагадаем, 19 чэрвеня ў Маладзечне падчас акцыі салідарнасці маладзечанцы паспрабавалі адбіць у сілавікоў затрыманага Міколу Алейніка. Кадры патасоўкі каля міліцэйскага мікрааўтобуса выклікалі вялікі рэзананс, бо адным з відэа бачна, што ў нейкі момант у руках аднаго з АМАПаўцаў апынуўся пісталет. Следчы камітэт Беларусі ўзбудзіў крымінальную справу па артыкуле 363 «Супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў ці іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак». У межах гэтай крымінальнай справы былі затрыманыя 25-гадовы Уладзіслаў Еўсцігнееў і 31-гадовы Павел Пяскоў. 16 верасня суд Маладзечанскага раёна пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да іх. Адзін з падазраваных па гэтай справе — Уладзімір Непагода — знаходзіцца ў вышуку.
Хроніка судовага разбіральніцтва па крымінальнай справе ў адносінах Паўла Пяскова і Уладзіслава Еўсцігнеева :
У Маладзечне пачаўся суд за патасоўку з сілавікамі, дзе АМАПавец дастаў пісталет. Рэпартаж
Узяты пад варту маладзечанец, якога судзяць за патасоўку з сілавікамі, дзе АМАПавец дастаў пісталет
"Трэба было спыніць гэты канфлікт". Што на судзе кажуць абвінавачаныя маладзечанцы па справе за патасоўку з АМАПаўцамі
Маладзечанцаў, якія адбівалі затрыманага ў сілавікоў на акцыі, пракурор просіць пазбавіць волі