viasna on patreon

На маёмасць пінскіх палітвязняў накладваюць арышт. Толькі блытаюць паміж сабой абвінавачаных

2020 2020-10-21T12:46:09+0300 2020-10-21T12:46:10+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pinchuki_890.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У пінскіх палітвязняў праходзяць дома ператрусы. Следчыя апісваюць іх маёмасць і накладаюць на яе арышт. Аднак пры ўручэнні адпаведных дакументаў блытаюць фігурантаў "пінскай справы": праводзяць ператрус у доме аднаго чалавека, а пастанову ўручаюць іншага. 

Сваякі палітычных зняволеных пінчукоў. Фота: spring96.org
Сваякі палітычных зняволеных пінчукоў. Фота: spring96.org

Сваякі пінскіх палітвязняў паведамляюць, што ператрус быў праведзены ў доме 19-гадовага Данііла Богната. Аднак яго сваякам уручылі пастанову аб накладанні арышту на маёмасць іншага палітвязня — Вячаслава Рагашчука.

Праваабаронца "Вясны" Аляксандр Вайцешык мяркуе, што ператрусы ў хуткім часе будуць праведзеныя ў дамах іншых фігурантаў "пінскай справы".

Як адзначае следчы Пінскага міжраённага аддзела Следчага камітэта А. Барчук, арышт на маёмасці абвінавачаных па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках) ажыццяўляецца "ў мэтах забеспячэння пакрыцця нанесенай шкоды (шкоды), грамадзянскага пазову і іншых маёмасных спагнанняў".

Арышты маёмасці санкцыянуе намеснік Пінскага межараённага пракурора Аляксандр Плескацэвіч. Як распавядалі родныя Вячаслава Рагашчука, 12 жніўня на прыёме ў яго з нагоды збіцця ў РАУС Вячаслава і іншых пінчукоў, ён пераконваў, што фізічнай сілы там у дачыненні да затрыманых не ўжывалася.

"Мы кажам, што ён збіты, а ён нам: "Вы што, я вас запэўніваю, я вам слова даю, я там усю ноч быў: ніхто нікога не біў. Вы разумееце, у міліцыі ёсць такая структура, іх кайданкамі прыкоўваюць і на падлогу кладуць. Вось ён, напэўна, калі клаўся — упаў. Ён жа галаву сабе не зберажэ". Я кажу: "У яго гематома за вухам! Тут ён упаў, а потым перавярнуўся і пачаў біць сябе ў іншым месцы?" — распавядала сястра Вячаслава Кацярына.

Стан палітвязня Вячаслава Рагашчука ў СІЗА пагаршаецца. Родныя настойваюць на яго шпіталізацыі

Сястра палітвязня Вячаслава Рагашчука паведаміла "Вясне", што 13 кастрычніка атрымала ліст ад брата, дзе ён працягвае скардзіцца на сваё здароўе. Лекар у СІЗА сказала яму, што гэта можа быць "кровазліццё, страсенне мозгу або траўма галавы". Родныя Вячаслава настойваюць, што яму неабходна паўнавартаснае абследаванне галавы для належнага лячэння ў адпаведнасці з дыягназам. Яны асцерагаюцца пагаршэння стану яго здароўя.

Праваабаронцам "Вясны" вядома, што пасля акцый пратэсту 9-10 жніўня ў Пінску былі распачатыя крымінальныя справы аб масавых беспарадках мінімум на 13 чалавек, дзесяць з іх прызнаныя палітычнымі зняволенымі.

«Гэта было ўжо не збіццё, гэта былі катаванні». Пяць гісторый палітвязняў «Пінскай справы»

"Вясна" сустрэлася са сваякамі пінскіх палітвязняў у Баранавічах каля СІЗА, куды яны прыехалі ўсе разам, каб перадаць сваім блізкім перадачы. Мы пагутарылі з імі і нам удалося даведацца гісторыі пяці палітычных зняволеных пінчукоў. З чаго пачалася "Пінская справа", як яе фігурантамі сталі Вячаслаў Рагашчук, Алена Маўшук, Станіслаў Міхайлаў, Алег Рубец і Данііл Богнат, што яны пішуць у сваіх лістах — чытайце ў нашым матэрыяле.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства