viasna on patreon

Стан палітвязня Вячаслава Рагашчука ў СІЗА пагаршаецца. Родныя настойваюць на яго шпіталізацыі

2020 2020-10-16T17:30:43+0300 2020-10-16T17:30:45+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vyacheslav_99.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сястра палітвязня Вячаслава Рагашчука паведаміла "Вясне", што 13 кастрычніка атрымала ліст ад брата, дзе ён працягвае скардзіцца на сваё здароўе. Нагадаем, пасля збіцця на працягу трох дзён пасля затрымання 10 жніўня палітвязень да гэтага часу скардзіцца на болі, шум і звон у галаве. Лекар у СІЗА сказала яму, што гэта можа быць "кровазліццё, страсенне мозгу або траўма галавы". Родныя Вячаслава настойваюць, што яму неабходна паўнавартаснае абследаванне галавы для належнага лячэння ў адпаведнасці з дыягназам. Яны асцерагаюцца пагаршэння стану яго здароўя.

Палітвязень Вячаслаў Рагашчук
Палітвязень Вячаслаў Рагашчук

"Спецыяльна не абследуюць, каб не было заключэння” 

"Здароўе ў мяне як і было. Галава пабольвае і звініць, жывот нармальна, часам злева-ніз паколвае, а так усё астатняе норм. Я так наогул думаў, што лепш абследавацца, але нефіга тут нельга. Я думаю, што спецыяльна не абследуюць, каб не было заключэння.

Так, я не ведаю, ці ведаеш ты, зусім забыўся. Калі мяне прывезлі з Пінска этапам у СІЗА, я быў увесь "сіні" ў пабоях, усё зафіксавалі. Толькі не так, як трэба. Адзін супрацоўнік сказаў нібыта шмат пісаць, у справу ўсё роўна не пойдзе. Напісаў, што ўпаў з ровара. Жэсць. Я гэта адвакату тут у СІЗА казаў. Карацей, неяк так. Вось цяпер прынеслі таблеткі, адну ўжо выпіў", — піша ў лісце ад 13 кастрычніка палітвязень Вячаслаў Рагашчук.

"Упаў з ровара з множнымі ўдарамі ад дубінак, і па ўсім хрыбетніку круглыя, чорныя сінякі. Гэта дзе ж так з ровара падаюць?" — кажа сястра Вячаслава Кацярына.

Родныя палітвязня раней распавядалі, што на прыёме 12 жніўня ў намесніка Пінскага міжраённага пракурора Аляксандра Плескацэвіча, той казаў ім, што Вячаслаў мог упасці, калі на яго апраналі кайданкі і клалі на падлогу.

Аднак паводле інфармацыі родных, Вячаслава моцна збівалі на працягу трох дзён. Са словаў яго сукамернікаў, у камеры ў Вячаслава ў яго была вісячая гематома за вухам, тры рассечаны на галаве, па ўсіх пазванках былі чорныя круглыя сінякі.

Міліцыя: У СІЗА ёсць усе магчымасці для аказання кваліфікаванай медыцынскай дапамогі

Як распавяла "Вясне" сястра палітвязня, Пінскі ГАУС на гэтым тыдні разгледзеў зварот па пытанні змянення ўмоваў утрымання і неадкладнай шпіталізацыі Вячаслава Рагашчука. У ведамстве паведамілі, што ў СІЗА №6 горада Баранавічы ёсць усе магчымасці для аказання кваліфікаванай медыцынскай дапамогі і параіў звяртацца непасрэдна ў следчы ізалятар.

Лекар СІЗА: Перадавайце таблеткі

Раней родныя Вячаслава распавядалі, што яны размаўлялі па тэлефоне з ягоным лекарам у СІЗА. Яна сказала, што "ў яго ніякіх хваляванняў няма, адчувае ён сябе добра". Пры гэтым сказала, каб яны перадалі таблеткі "Бэтагісцін".

*У інструкцыі па ўжыванні "Бэтагісціна" пазначана, што гэтыя лекавыя сродкі прызначаюцца пры "галавакружэнні рознага паходжання, галаўнога болю, шуме ў вушах, прагрэсавальным зніжэнні слыху, млоснасці і рвоты, хваробы або сіндроме Меньера" [паражэнне ўнутранага вуха, пры якім узнікае галавакружэнне].


Мама і сястра адправілі пасылкай яму гэтыя таблеткі. Вячаслаў напісаў у лісце, што атрымаў іх, п'е, але яны не дапамагаюць.

Нагадаем, пінчука Вячаслава Рагашчука затрымалі 10 жніўня. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу. Пасля затрымання яго збівалі на працягу трох дзён. Яго перавялі ў Баранавіцкае СІЗА. З першага дня пасля збіцця і да гэтага часу ў яго ў галаве шум і звон, у СІЗА яму не аказваецца медыцынская дапамога з гэтай нагоды.

«Гэта было ўжо не збіццё, гэта былі катаванні». Пяць гісторый палітвязняў «Пінскай справы»

"Вясна" сустрэлася са сваякамі пінскіх палітвязняў у Баранавічах каля СІЗА, куды яны прыехалі ўсе разам, каб перадаць сваім блізкім перадачы. Мы пагутарылі з імі і нам удалося даведацца гісторыі пяці палітычных зняволеных пінчукоў. З чаго пачалася "Пінская справа", як яе фігурантамі сталі Вячаслаў Рагашчук, Алена Маўшук, Станіслаў Міхайлаў, Алег Рубец і Данііл Богнат, што яны пішуць у сваіх лістах — чытайце ў нашым матэрыяле.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства