viasna on patreon

У Гомелі забаранілі пратэст супраць забароны сходаў

2020 2020-02-10T09:55:29+0300 2020-02-10T09:56:18+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/peshko_n.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У нядзелю, 9 лютага, у цэнтры Гомеля павінна была адбыцца акцыя пратэсту супраць забароны мірных сходаў. Аднак напярэдадні заяўленай акцыі мясцовы гарвыканкам забараніў мерапрыемства, так як яе арганізатар, актывіст Мікалай Пяшко ў заяўцы не ўказаў свой нумар тэлефона, піша "Гомельская Вясна".

peshko_n.jpg
Мікалай Пяшко. Фота: Leanid Sudalenka

Другой прычынай для забароны мірнага сходу першы намеснік старшыні гарадской мэрыі Віталь Атаманчук назваў меры «па забеспячэнні грамадскага парадку», якія, на думку чыноўніка, арганізатар акцыі абавязаны быў узяць на сябе.

Мікалай Пяшко распавёў «Гомельскай Вясне», што ён з удзелам 10 чалавек планаваў на адкрытай пляцоўцы перад універмагам «Гомель» прыцягнуць увагу грамадскасці да пастаянных забаронаў мірных сходаў у абласным цэнтры. Замест гэтага, ён зараз павінен у судзе адстойваць права на мірны сход і як следства, на свабоднае выказванне свайго меркавання.

«У нашым горадзе, які налічвае больш за паўмільёна чалавек, чыноўнікі ўстанавілі толькі тры месцы для правядзення масавых мерапрыемстваў, прычым два з іх знаходзяцца ў лесапалосах гарадскіх ускраін. Мы вырашылі пратэставаць там, дзе нас маглі б пачуць гаражане, аднак нават на пратэст супраць забароны сходаў мы атрымалі забарону. На свабоду мірных сходаў і выказвання меркаванняў у горадзе ўведзена фактычнае табу», — абураецца Мікалай Пяшко.

Праваабаронца Леанід Судаленка заяўляе, што арганізатары мірных сходаў павінны мець права выбіраць месца, у якім іх можа ўбачыць і пачуць іх мэтавая аўдыторыя.

«Калі дзяржава абмяжоўвае права чалавека на сход, заяўляючы пра інтарэсы грамадскага парадку, яно павінна садзейнічаць ажыццяўленню права, замест таго каб імкнуцца залішне ці непамерна яго абмяжоўваць», — лічыць правазнаўца.

Ён нагадаў, што з мінулага года абавязак арганізатараў масавых мерапрыемстваў заключаць дамовы з міліцыяй, медыкамі і камунальнымі службамі на прыборку тэрыторыі прапісана ў адпаведнай пастанове ўрада.

Пры гэтым, расцэнкі паслуг міліцыі па ахове грамадскага парадку тут прапісаны прапарцыйна колькасці пратэстуючых: 3 базавыя велічыні (81 руб.) — з колькасцю ўдзельнікаў да 10 чалавек; 25 базавых велічыняў (675 руб.) — ад 11 да 100 чалавек; 150 базавых велічынь (4 050 руб.) — ад 101 да 1000 чалавек; 250 базавых велічынь (6 750 руб.) — больш за 1000 чалавек.

Праваабаронца таксама нагадвае, што за правядзенне несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў у краіне ўведзеныя дастаткова жорсткія санкцыі — да 50 базавых велічынь штрафу (1 350 руб.) Ці нават адміністрацыйны арышт да 15 сутак.

Напрыклад, за ўдзел у «Маршы недармаедаў» у Гомелі Мікалай Пяшко быў арыштаваны на 7 сутак, а за правядзенне несанкцыянаванай акцыі супраць смяротнага пакарання суд прысудзіў яму 20 базавых велічынь штрафу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства