viasna on patreon

Экстрэмізм, выклікі ў пракуратуру і ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 25-26 лістапада Дапоўнена

2024 2024-11-26T14:56:00+0300 2024-11-26T17:00:11+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bobruisk_kolonija_2.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 25-26 лістапада 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак. Інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Карме за "распаўсюд экстрэмізму" другі раз судзілі праўладнага блогера

25 лістапада ў судзе Кармянскага раёна суддзя Андрэй Аўсейцаў разглядаў яшчэ адну адміністрацыйную справу датычна вядомага мясцовага праўладнага блогера Аляксандра Петрачкова. Мужчыну абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Вынік судовага пасяджэння высвятляецца.

Гэта ўжо другі раз, калі Петрачкова судзяць за «распаўсюд экстрэмізму». Першы раз яго паводле таго самага артыкула судзілі 21 кастрычніка. Прычым, і тады суддзёй быў Андрэй Аўсейцаў, піша «Гомельская Вясна».

Аляксандр — вядомы ў рэгіёне праўладны дзеяч, актывіст і блогер. Ён браў актыўны ўдзел у шматлікіх праўладных мерапрыемствах, некалькі разоў ён рабіўся станоўчым героем публікацыяў у мясцовай дзяржаўнай газеце «Зара над Сожам».


У вышук у Расіі абвясцілі праваабаронцу "Вясны", журналіста і паэта Сяржука Сыса 

Алесь Бяляцкі і Сяржук Сыс. 2020 год
Алесь Бяляцкі і Сяржук Сыс. 2020 год

За шэсць месяцаў у расійскай базе вышуку аказаліся 773 грамадзян Беларусі — усяго ў ёй больш за 3 500 чалавек. «Медыязона» абнавіла спіс беларусаў, якіх шукаюць у Расіі (а значыць і ў Беларусі). Раней мы адзначалі, што ў базу дадалі беларускіх праваабаронцаў: Наталлю Сацункевіч, Леаніда Судаленку, Ігара Казмерчака, Марыю Тарасенку, Уладзіміра Хільмановіча, Зміцера Салаўёва, Алену Маслюкова.

Цяпер у вышук яшчэ абвясцілі праваабаронцу «Вясны», журналіста і паэта Сяржука Сыса. Вясновец распавёў, як паставіўся да навіны пра ўключэнне яго ў расійскую базу вышуку.


У Чашніках за "несанкцыянаванае пікетаванне" будуць судзіць пенсіянера з інваліднасцю

У судзе Чашніцкага раёна на 4 снежня прызначанае пасяджэнне аб разглядзе справы па ч. 1 арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне) супраць Сяргея Недаводава.

Гэтыя ініцыялы супадаюць з ініцыяламі жыхара вёскі Альшанкі, які падчас аварыі на ЧАЭС служыў у міліцыі, быў дзяжурным па выцвярэзніку Чашніцкага РАУС. Разам з калегамі яго тады адправілі ў складзе зводнага атрада МУС БССР для забеспячэння парадку пры ліквідацыі наступстваў аварыі, піша "Віцебск, я гуляю!".

У небяспечнай зоне ён прабыў з 26 ліпеня да 26 жніўня 1986 года. Цяпер мужчына на пенсіі, ён мае інваліднасць.


Акаўнт спецпасланніцы Літвы па Беларусі ў "Х" прызналі "экстрэмісцкім" 

Гаворка пра старонку Асты Андрыяўскене. Адпаведнае рашэнне прынятае судом Цэнтральнага раёну Мінска 21 лістапада.

Таксама "экстрэмісцкі" спіс папоўнілі Instagram-акаунт "sveta.ben", YouTube-канал "BELPOL SHORTS & NEWS VIDEOS", старонка ў "Аднакласніках" "МХД – Маладыя Хрысцiянскiя Дэмакраты", а таксама старонкі ў "Х" "Шыба", "sandra baby potato", "Treci Dotyk".


За "распаўсюд экстрэмізму" прыцягваюць да адказнасці нават падлеткаў.

У эфіры СТВ паказалі паперку прадстаўніка Генпракуратуры з рэпрэсіўнай статыстыкай. Сярод іншага, на 1 лістапада 2024 году ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў унесена 6565 пазіцый.

За 9 месяцаў 2024-га году здзейснена 925 "злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці", а агулам зарэгістравана 4056 такіх злачынстваў. Са жніўня 2020-га году ў Беларусі зарэгістравана 21 495 "злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці".

За "распаўсюд экстрэмізму" (арт. 19.11 КаАП) прыцягнута да адказнасці 5368 чалавек — сярод іх 34 непаўнагадовых, 927 чалавек ва ўзросце ад 18 да 27 гадоў, 3182 чалавекі — ва ўзросце ад 30 да 49 гадоў. Сярод прыцягнутых да адказнасці 1525 жанчын.


Генпракуратура: у Беларусі была выкрытая сетка "экстрэмісцкіх" дваровых чатаў 

Некалькі тыдняў таму па ўсіх рэгіёнах Беларусі пракацілася хваля затрыманняў — справа звязана з дваровымі чатамі, якія нібыта спрабавалі аб'яднацца ў арганізацыю, заявіў прадстаўнік Генпракуратуры Валерый Шуляк.

"Артыкул дастаткова сур'ёзны, я не буду яго агучваць сёння для захавання таямніцы следства, але да 15 гадоў пазбаўлення волі. І ў любым выпадку хачу падкрэсліць, што сітуацыя застаецца дастаткова стабільнай".


Жыхарцы Магілёва пагражаюць крымінальнай справай за тое, што зняла ранішнюю чаргу ў рэгістратуру

Жанчына выклала ў TikTok відэа пра тое, як нібыта прыйшла ў паліклініку а 5-й раніцы і ўбачыла там чаргу ў рэгістратуру. Ролік разышоўся па сацсетках і трапіўся на вочы адміністрацыі медустановы. Там перагледзелі запісы з камер і выявілі, што насамрэч ролік зняты на пару гадзін пазней.

Кіраўніцтва медустановы паскардзілася на "хлуслівае відэа" ў міліцыю. Галоўны ўрач лічыць, што гэта паклёп не толькі на шостую паліклініку, але і "на ўсе арганізацыі аховы здароўя". Цяпер дзяўчыне пагражаюць крымінальным артыкулам за "дыскрэдытацыю Беларусі", піша "Люстэрка".


З'явіліся некаторыя падрабязнасці пра яшчэ аднаго затрыманага "каліноўца" 

20 лістапада прапагандысты паказалі кадры з затрыманым "каліноўцам" Максімам Ралько. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, мужчына жыў у Польшчы пад міжнароднай абаронай, але з-за пытанняў бяспекі паўгады таму вырашыў пераехаць у Германію. Паведамляецца, што ў гэтай краіне ён згубіў свой пашпарт.

Як Ралько апынуўся ў Беларусі — невядома. Вядома, што дзед Максіма — супрацоўнік КДБ.


У бабруйскай калоніі зняволеным забаранілі мець камунікацыю з новапрыбыўшымі палітвязнямі

Бабруйская калонія № 2. Скрыншот з відэасюжэту АНТ
Бабруйская калонія № 2. Скрыншот з відэасюжэту АНТ

Праваабаронцы атрымалі інфармацыю, што апошнім часам у бабруйскую ПК № 2 перавялі вялікую колькасць палітзняволеных. Паведамляецца, што іншым вязням забаронена мець любую камунікацыю з імі — нават размаўляць.


Жыхароў Гомельшчыны масава выклікаюць у пракуратуру, каб узяць абавязальніцтвы аб "належных паводзінах" у перыяд выбараў

Як даведаўся "Флагшток", людзей прымушаюць падпісваць папярэджанні аб недапушчальнасці парушэння КК і КаАП, абавязацельствы не парушаць грамадскі парадак.

Выклікі адбываюцца праз позву ці праз тэлефонны званок.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства