Папяровыя караблікі ад Расійскай амбасады “плывуць” у суд
У судзе Цэнтральнага раёна Менска 22 снежня адбудзецца разгляд адміністрацыйных спраў удзельнікаў акцыі з папяровымі караблікамі каля Расійскай амбасады.
Нагадаем, увечары 26 лістапада да амбасады Расеі ў Менску прыйшло каля дзесяці чалавек,пераважна з "Моладзі БНФ", якія ўсклалі на парапет агароджы папяровыя караблікі, афарбаваныя ў колеры ўкраінскага сцяга.
Такім чынам актытвісты выказалі салідарнасць з украінскімі маракамі, абстралянымі і захопленымі ў палон у Азоўскім моры.
За акцыяй назіралі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным і вялі аператыўную відэаздымку. Пазней некаторыя з удзельнікаў атрымалі па пошце копіі пратаколаў аб адміністрацыйным парушэнні па арт 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).
Пакуль вядома, што на 10 гадзін раніцы прызначаны суд над актывісткай АГП Святланай Каваленка. Пра гэта яна паведаміла на сваёй старонцы ў фэйсбуку:
“Ну што ж, у суботу, 22 снежня, а 10.00 у судзе Цэнтральнага раёну будуць мяне судзіць. За - увага! - пастаўлены пад расейскай амбасадай папяровы караблік! У іх няма ні фотаздымкаў, ні відэа, якія б пацвярджалі, што я насамрэч гэта рабіла. Сведчанні двух міліцыянтаў. Ну як заўсёды. Караблік! Карл! Караблік!»
На гэты самы час прызначаны разгляд справы журналісткі “Новага Часу” Дзіяны Серадзюк, якая асвятляла падзею. Чамусьці супрацоўнікі міліцыі палічылі, што яна таксама брала ўдзел у акцыі.
«Супрацоўнікі Цэнтральнага РАУС палічылі, што я не асвятляла акцыю Моладзь БНФ па ўскладанні караблікаў да Расійскай амбасады ў якасці журналіста, а прымала ў ёй удзел. Нават пратакол даслалі», — напісала журналістка ў фэйсбуку.
Апроч гэтага праваабаронцам стала вядома, што на некалькі непаўнагадовых актывістаў Моладзі БНФ таксама склалі пратаколы правапарушэнняў, якія перададзены для разгляду ў Адміністрацыйныя камісіі па месцы іх жыхарства.