Абаронцу Курапатаў скасавалі штраф
Сябра Менскай арганізацыі БХД Юрый Палейка 6 верасня УДАІ УУС Мінаблвыканкама быў аштрафаваны дзвюма базавымі велічынямі (49 рублёў) за тое, што ён “9 жніўня ў 16.42 на 51-м кіламетры МКАД здейсніў правапарушэнне, якое выразілася ў тым, што з’яўляючыся пешаходам, рухаўся па праезнай частцы дарогі і неабгрунтавана перашкаджаў руху транспартных сродкаў”. Супрацоўнікі ДАІ склалі на яго пратакол па ч.1 арт. 18.23 КаАП (парушэнне правілаў дарожнага руху пешаходам, якія ўдзельнічаюць у дарожным руху і не кіравала транспартным сродкам).
Але пазней самі супрацоўнікі УДАІ спынілі справу за адсутнасцю ў дзеяннях Юрыя Палейкі складу правапарушэння. Справа ў тым, што пастанову аб адміністрацыйным правапарушэнні вынеслі ў адсутнасць Юрыя Палейкі, што пры невыкананні ўмоваў груба парушае працэсуальныя правы асобы і робіць такі працэс незаконным. А значыць і ніякай адміністрацыйнай адказнасці ў дадзеным выпадку быць не можа. У час разгляду адміністрацыйнай справе Юрый быў у камандзіроўцы (з 23 жніўня па 15 верасня), ён нават не ведаў, што ў дачыненні да яго вядзецца адміністрацыйны працэс.
На падставе гэтага Юрый Палейка з дапамогай праваабаронцаў “Вясны” абскардзіў пастанову па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні УДАІ УУС Мінаблвыканкама ў суд Фрунзенскага раёна. Суд, у сваю чаргу, адмяніў пастанову УДАІ Мінаблвыканкама і адправіў справу на новы разгляд. Супрацоўнікі ДАІ спынілі справу і скасавалі штраф.
Як адзначаюць праваабаронцы “Вясны”, у гэтай сітуацыі быў парушаны цэлы каталог працэсуальных правоў, гарантаваных Працэсуальна-выканаўчым кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях і міжнароднымі нормамі.
Па-першае, было парушана права Юрыя Палейкі на ўдзел у разглядзе справы аб адміністрацыйным правапарушэнні. Заканадаўствам устаноўлена, што пры разглядзе справы аб адміністрацыйным правапарушэнні ўдзел асобы, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, у разглядзе справы абавязковы (арт. 11.4 ПвКаАП). Выключэнні магчымы ў чатырох выпадках, калі асоба:
- прызнае сваю віну;
- пісьмова хадайнічае аб разглядзе справы ў яго адсутнасць,
- ухіляецца ад яўкі,
- не апавясціла аб наяўнасці ўважлівых прычын.
Відавочна, што падставаў у прадстаўнікоў ДАІ разглядаць адміністрацыйную справу ў адсутнасць Палейкі не было: ён нічога не прызнаваў, не заяўляў і, больш таго, нават не ўхіляўся ад яўкі.
Па-другое, парушэнне супрацоўнікамі ДАІ права на ўдзел у разглядзе справы аб адміністрацыйным правапарушэнні пацягнула парушэнне і іншых працэсуальных правоў. Напрыклад, права даваць тлумачэнні альбо адмовіцца ад дачы тлумачэнняў (п.2 ч.1 ст.4.1 ПВКоАП), права прадстаўляць доказы (п.3 ч.1 ст.4.1 ПВКоАП), права заяўляць адводы і хадайніцтвы (п.4 ч.1 арт .4.1 ПВКоАП), права абараняць сябе самастойна (п.6 ч.1 ст.4.1 ПВКоАП) і іншыя.
У выніку гэтага было парушана канстытуцыйнае права на атрыманне юрыдычнай дапамогі (арт. 62 Канстытуцыі), якое таксама гарантуецца і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах (арт.14) і працэсуальным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь (арт. п.5 ч.1 ст.4.1 ПВКаАП).
Такім чынам, пастанова ДАІ з'яўлялася незаконнай на падставе таго, што пры яе разглядзе былі парушаны працэсуальныя правы Юрыя Палейкі.