Суд прызначыў дату новага разгляду адміністрацыйнай справы Вячаслава Касінерава
Cуд Маскоўскага раёна г. Мінска даслаў чарговую позву Вячаславу Касінераву. У ёй гаворыцца, што паўторны разгляд справы аб адміністрацыйным правапарушэнні па ч. 1. арт. 23.34 КаАП у дачыненні да яго адбудзецца 7 чэрвеня ў 16.30 у кабінеце №217.
Справа тычыцца яго ўдзелу ў пікеце “Дэкрыміналізацыя 328”, і была ўжо разгледжаная суддзёй Таццянай Мотыль 4 красавіка, якая вынесла актывісту пастанову аб штрафе ў 25 базавых велічынь па частцы 3 артыкула 23.34 КаАП (парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў, учыненае паўторна на працягу аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання). Аднак, тады суддзя не ўлічыла, што прайшло больш за год з апошняга адміністрацыйнага спагнання па гэтым артыкуле ў дачыненні да актывіста.
Мінскі гарадскі суд разглядзеў скаргу Вячаслава Касінерава на такое рашэнні суда Маскоўскага раёна, пастанову адмяніў, а справу адправіў на новы разгляд.
Нагадаем, 2 красавіка на плошчы Незалежнасці адбыўся пікет за дэкрыміналізацыю артыкула 328 у Крымінальным кодэксе. Актывісты прымеркавалі пікет да пачатку вясновай сесіі Палаты прадстаўнікоў і накіравалі туды зварот, дзе нагадалі пра неабходнасць рэформы.
3 красавіка Вячаслава Касінерава затрымалі, і ноч перад судом ён правёў у ізалятары. На наступны дзень адбыўся суд, які пастанавіў аштрафаваць актывіста на 25 базавых велічыняў (612 рублёў 50 капеек).