Актывістцы “Матчынага руху 328” пагражаюць звальненнем
Днямі кіраўнік аддзелам сацыяльнай абароны адміністрацыі Савецкага раёна Гомеля Таццяна Сердзюкова паведаміла гамяльчанцы Таццяне Канеўскай, што з ёй будзе скасавана дамова як з сацыяльным работнікам, паколькі Таццяна - актывістка руху, які аб’ядноўвае сваякоў асуджаных за наркотыкі - абвесціла пра свой намер зладзіць галадоўку пратэсту супраць несправядлівых прысудаў па арт. 328 “Захоўванне і распаўсюд наркатычных рэчываў”.
Як паведамляе "Гомельская Вясна", напрыканцы сакавіка бягучага году Таццяна Канеўская звярталася ў гарвыканкам па дазвол на правядзенне масавага мерапрыемства ў выглядзе групавой галадоўкі. Чыноўнікі адмовілі ёй у правядзенні, тады Канеўская разам з іншымі актывісткамі руху прынялі рашэнне галадаць у прыватнай хаце каб абыйсці забарону і здзейсніць свой намер.
“Кіраўніца аддзелам сацыяльнай абароны паведаміла мне, што ёй быў сігнал з гарвыканкаму, - кажа Таццяна Канеўская, - што я збіраюся галадаць і, маўляў, мая галадоўка не сумяшчальна з апекай над састарэлай бабуляй, якую я ўжо некалькі гадоў даглядаю. Яны спачатку правялі праверку, высвятлялі, ці наведваю я бабулю, як часта хаджу. Бабуля сказала, што раз на дзень, а, калі патрэбна, і два разы бываю, нараканняў на маю працу яна не мае. Але, усё роўна, звальняюць. Гэта мяне не спыніць, я буду ўсё роўна галадаць, бо мой сын атрымаў 5 гадоў калоніі незаконна і несправядліва, таму я хачу дамагчыся перагляду яго крымінальнай справы”.
Таццяна Канеўская далучылася да ініцыятывы “Матчын Рух 328” пасля таго, як летась яе сына Аляксандра асудзілі на 8 гадоў за пасярэдніцтва ў набыцці некалькіх грамаў марыхуаны. Пасля апеляцыі ў абласным судзе, тэрмін зняволення скарацілі да 5 гадоў. З гэтага часу гамяльчанка – актыўны ўдзельнік усіх акцый руху.