Леанід Кулакоў асуджаны на 10 сутак, Вольга Нікалайчык збірае торбу Дапоўнена
Як паспеў паведаміць ПЦ "Вясна" сам актывіст Леанід Кулакоў, каля 12 гадзін міліцыя ўварвалася да яго ў хату, пасля таго, як ён пад пагрозамі быў вымушаны адчыніць ім дзверы.
Капітан міліцыі Васіль Дзегцяроў паведаміў яму, што ён павінен праехаць з імі ў РУУС Першамайскага раёна, бо яшчэ 19 сакавіка адбыўся суд па адміністрацыйнай справе супраць яго. Цяпер Леаніда Кулакова ўзнікла рэзкая неабходнасць азнаёміць з рашэннем суда.
Сувязь з актывістам перарвалася.
Каля 14.00 стала вядома, што Леанід знаходзіцца ў РУУС Першамайскага раёна. Хутка яго павязуць у суд, дзе будуць судзіць па ч.3 арт. 23.34.
16.00. Суддзя суда Першамайскага раёна Іна Сідарок пастанавіла пакараць Кулакова 10-суткавым арыштам за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ў падтрымку сайта "Хартыя'97", якая прайшла 13 сакавіка. За гэту ж акцыю 21 сакавіка на 10 сутак быў асуджаны актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Максім Вінярскі.
Міліцыя грукае ў дзверы і вокны дома актывісткі Вольгі Нікалайчык. Жанчына збірае неабходныя рэчы, якія спатрэбяцца ёй на сутках. Плануе адчыніць дзверы міліцыі. Верагодна яе затрымаюць.
Раней актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Леанід Кулакоў атрымаў SMS-паведамленне з суда Першамайскага раёна Мінска аб прызначэнні судовага паседжання па яшчэ адной адміністрацыйнай справе па арт. 23.34 КаАП. Па якой - яму пакуль невядома. Суд прызначаны на 9-30 30 сакавіка.
У той жа час трэція суткі каля пад’езда Леаніда Кулакова ў аўтамабілі дзяжураць, перыядычна мяняючыся, супрацоўнікі міліцыі. Такое ж “паляванне” адбываецца каля дома журналісткі Вольгі Нікалайчык, якая фактычна заблакаваная па месцы жыхарства.
“Калі мяне будуць судзіць 30 сакавіка, то незразумела, навошта яны зараз учынілі на мяне паляванне”, - паведамляе праваабаронцам Кулакоў.
У гэты ж дзень у судзе Маскоўскага раёна Мінску прайшлі суды над яшчэ аднім актывістам "Еўрапейскай Беларусі" Яўгенам Афнагелем і над актыістам "Моладзі БНФ" Арцёмам Касаваравым.